Чым здзіўляў рынак нерухомасці ў 2022 годзе

Пачатак вайны ва Украіне напалохаў беларусаў – шмат хто сачыў за навінамі, адклаўшы думкі аб нерухомасці на потым. Рэзка падскочыў курс долара, а потым прайшла чутка, што валютныя ўклады могуць і не аддаць у валюце. Тады грамадзяне пайшлі ў банкі здымаць зберажэнні.

Фота мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Трэнд года: ратуем ашчаджэнні

Атрымаць ўклады было складана – банкі расставаліся з імі часткамі – дзесьці можна было зняць не больш за тысячу, дзесьці не больш за тры ў месяц. Ажыятаж спаў, грошы ўсё ж такі вярнулі ў валюце, але давер да банкаў пасля гэтага ўзрушэння не вярнуўся. Адзіным надзейным варыянтам насельніцтва лічыць ўкладанне грошай у квадратныя метры. Уласна, з лета выратаваннем зберажэнняў людзі і займаюцца. Паводле колькасці здзелак адыходзячы год стаў рэкордным для Менску. Прычым агенцтва нерухомасці заяўляюць, што за кожнай чацвёртай набытай у сталіцы кватэрай стаіць жыхар рэгіёну. Гэта кажа не аб масавым перасяленні, а хутчэй аб тым, што нерухомасць у Менску ў народным свядомасці – больш ліквідная.

Крэдытная стаўка года – 27%

Крэдыты на нерухомасць – тое, за што купляюць жытло ва ўсіх цывілізаваных краінах свету. У нас крэдыты рэгулярна знікаюць, а потым вяртаюцца пад такія працэнты, што падыходзяць хіба што для адмывання сродкаў. Максімальныя стаўкі па крэдытах на жытло фіксаваліся ў красавіку. Ад 23% да 27% гадавых.

На шчасце, да восені пайшлі ўніз і вось мы назіраем 17,56% для ўсіх і 17,05% пры будаўніцтве жытла з дзяржаўным забудоўнікам.

Тых, хто ўжо «хапнуў» дарагі крэдыт, дзяржаўныя банкі вырашылі падтрымаць – для іх стаўкі знізілі да 18% гадавых.

Недабуд года

Адназначную пальму першынства атрымлівае «дом на Купрэвіча, які тоне». Дом у мікрараёне Уручча-2 размешчаны праз дарогу ад Музея валуноў. Гмах карыстаўся вялікай папулярнасцю сярод пакупнікоў – кватэры ў новабудоўлі раскуплялі адразу пасля выхаду праектных дэкларацый. На этапе падмурка кошт квадратнага метр тут быў $ 1080, і ў гэты кошт быў уключаны кошт машынамесца.

Забудоўнікам выступіў Менскі домабудаўнічы камбінат. Ключы дольнікі абяцалі ў студзені. Калі дом ужо быў дабудаваны на 98%, высветлілася, што адна з секцый Г-абразнай высоткі хіліцца, бо не вытрымлівае апорны грунт. Увесь год МДК выдаткаваў на спробу умацаваць дом, які тоне, а дольнікі – дамагчыся кампенсацыі або ключоў.

Запісалі пару відэазваротаў да Лукашэнкі, але Дзяржбуднагляд адмаўляецца прыняць дом у эксплуатацыю.

«Дабудавалі!» года

ЖК «Лазурыт» — 37-павярховы (жылых паверхаў 33) комплекс, размешчаны на праспекце Пераможцаў у Менску, пачалі будаваць яшчэ ў 2011 годзе. Здаць тады абяцалі ў 2016-м. Так што ў 2022-м здалі адзін з самых старых даўгабудаў сталіцы.

Зносы года

У чатырохкутніку: Лагойскі тракт – Валгаградская – Кнорына – Севастопальская пачаўся знос сталінскіх двухпавярховак і прыватных дамоў. Гэтая пляцоўка блізкая да цэнтра, тут будуць будаваць пераважна 16-павярховыя двухподъездные панэльныя дамы.

Пальму першынства зносу года гэты ўчастак дзеліць з яшчэ адным – у межах вуліц Шчадрына – Нававіленская – Чарвякова – Прыгарадная – Гая. Першымі пад бульдозер вызначаныя прыватныя дамы паміж вуліцамі Шчадрына і Арлоўскай.

Фота мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аляксандр Ружачка / realt.onliner.by

Жыхары Сельгаспасёлку ў 2015-м масава пратэставалі супраць зносу сваіх сядзібаў. Цяпер такія часы, што яны моўчкі чакаюць ацэншчыка і спадзяюцца, што кватэры наўзамен ім дадуць хаця б не занадта далёка ад цэнтру. Іх дамы знясуць, каб пабудаваць жытло для шматдзетных і чаргавікоў.

Цэны года

Увесну даволі рэзка адкрыліся продажу ў некалькіх каркасна-блокавых новабудоўлях ля метро. Упершыню з 2016-га менчукі ўбачылі кошты «па тысячы». Квадратны метр у вялікіх кватэрах – ад 900 долараў, у двухпакаёвых – ад 1050, у маленькіх кватэрах – ад 1100.

Ужо летам забудоўнікі ўбачылі добры попыт і паднялі кошты ў сярэднім на 100 долараў за квадратны метр.

Вясной жа патаннела другаснае жыллё. Самая сур’ёзная прасадка – у хрушчовак і старых панэлек. Кошт квадратнага метра ў двухпакаёвай кватэры – ад 950 долараў.

Аднак здзелкі ў сярэднім ідуць у больш высокім коштавым дыяпазоне. Паўтаруся, людзі больш ратуюць зберажэнні, чым паляпшаюць жыллёвыя ўмовы. Ліквідныя кватэры – у дамах, ля метро, з рамонтам – ужо каля $1350 за квадратны метр у двухпакаёвай кватэры.

Дзяніс Бетонны /MM belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў