Яны столькі не адсядзяць? Хто з палітвязняў сёлета адбыў увесь тэрмін пакарання і выйшаў на волю


Беларусы, асуджаныя летась за пратэсты на тэрміны да двух гадоў зняволення, пакрысе выходзяць на волю. Праваабаронцы не вядуць асобнага ўліку вязняў, якія ўжо адбылі пакаранне і вызваліліся. Зняволеных з палітычных матываў ужо так шмат, што цяжка адсочваць лёс кожнага, пагатоў не ўсе гатовыя пра сябе паведамляць. Мы сабралі ў адзін матэрыял, што вядома пра палітычных вязняў, якія ўжо на свабодзе.

Кацярына Барысевіч

Журналістку парталу TUT.by затрымалі 19 лістапада 2020 года. Яе абвінавацілі ў разгалашэнні медычнай таямніцы (ч. 3 арт. 178 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Разгалашэннем следства назвала публікацыю інфармацыі пра тое, што ў крыві забітага Рамана Бандарэнкі не было алкаголю, у той час як улады сцвярджалі, што маладзён быў п’яны.

Журналістка парталу TUT.by Кацярына Барысевіч выйшла на волю праз паўгода зняволення. Менск, Беларусь. 19 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

2 сакавіка 2021 года суддзя Святлана Бандарэнка пакарала Кацярыну шасцю месяцамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Большасць часу журналістка правяла ў СІЗА КДБ, Валадарцы, у Жодзіне, Магілёве. Уласна ў гомельскай жаночай калоніі Кацярына прабыла тры дні.

Артыкулы
«Мы спявалі і танчылі, вырашылі быць шчаслівымі нават за кратамі». Кацярына Барысевіч – пра турму і волю
2021.06.13 08:04

19 траўня Кацярына выйшла на волю. У інтэрв’ю «Белсату» Кацярына распавядала, што і за кратамі старалася быць шчасліваю, знаходзіць радасць у дробязях – лістах з волі, прамянях сонца ў камеры. Разам з сукамерніцамі Кацярына танчыла, чытала кнігі, брала ўдзел у імправізаваных сцэнках-спектаклях. На волі журналістку чакала дачка. Пасля вызвалення Кацярына пастанавіла застацца ў Беларусі.

Арцём Хвашчэўскі

30-гадовага футбольнага трэнера затрымалі 17 жніўня 2020 года ў Менску разам з сябрам Арцёмам Саўчуком. Абодва шмат гадоў жылі ў Польшчы, куды з’ехалі пасля таго як прайшлі праз Акрэсціна за ўдзел у Плошчы-2010. У жніўні 2020 года прыехалі на радзіму на вяселле аднакласніка.

Хвашчэўскага абвінавацілі ў арганізацыі і рыхтаванні альбо ўдзеле ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ). Суддзя Юлія Блізнюк прызначыла мужчыну адзін год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Гісторыі
«Мама, я вытрымаю. Ты, галоўнае, не плач». Размова з сям’ёю палітвязня Арцёма Хвашчэўскага
2021.03.07 08:00

Арцём адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 1 у Наваполацку. З улікам пераліку тэрміну ён выйшаў на свабоду 3 жніўня 2021 года. Пасля вызвалення вярнуўся ў Польшчу, дзе яго чакала жонка. Працягнуў працу ў кампаніі, што займаецца аналізам футбольнай статыстыкі для матчаў польскай лігі.

«Чакаць хуткага вызвалення палітвязняў – наіўна»

Мы запыталі Арцёма, як складваецца ягонае жыццё праз амаль пяць месяцаў пасля вызвалення.

Арцём Хвашчэўскі. Фота з сямейнага архіву героя публікацыі

«Маё зняволенне прайшло больш-менш мякка, калі параўноўваць з некаторымі іншымі сітуацыямі, – кажа Арцём. – Хоць у любым выпадку, калі цябе караюць ні за што, гэта напэўна пакідае нейкі адбітак. А яшчэ тая моцная дысцыпліна, якой трэба было прытрымлівацца ў калоніі: сачыць за тым, што робіш, што кажаш. У першы месяц пасля вяртання ў Польшчу ў мяне быў крыху неспакойны стан, аднак цяпер я магу сказаць, што вярнуўся да звычайнага жыцця».

Нейкіх наступстваў зняволення ў сваім жыцці Арцём не заўважае, акрамя таго, што пакуль не скончыўся тэрмін нагляду, ягонай маме тэлефануюць з міліцыі ды пытаюць, калі Арцём вернецца ў Беларусь:

«Адразу пасля вызвалення я паведаміў, што з’язджаю за мяжу. На што мне было сказана: маўляў, ок, калі вернешся – адзначышся. Цяпер маме тэлефануюць, пытаюцца, калі я прыеду».

Артыкулы
«Абсалютна ні пра што не шкадую»: размова з палітвязнем Арцёмам Хвашчэўскім
2021.09.05 14:57

Арцём падкрэслівае, што статус палітычнага вязня і факт, што дзякуючы гэтаму атрымліваеш шмат лістоў падтрымання, вельмі дапамагаў трымацца.

«Напэўна, калі там застацца ў поўнай самоце, то перажыць турму складаней. А калі ты разумееш, што ты не адзін, атрымліваеш шмат лістоў, разумееш нават там, у зняволенні, што нас шмат, тады лягчэй», – зазначае мужчына.

Арцём кажа, што, не зважаючы на аптымістычныя завярэнні, быццам палітвязні не будуць сядзець сваіх тэрмінаў, ён з самога пачатку разумеў, што трэба рыхтавацца да найгоршага.

«Я разумеў, што сітуацыя не такая, як была раней. Маўляў, патрымаюць крыху, потым распачынаецца «гандаль» палітвязнямі, і іх адпускаюць, – кажа наш суразмоўца. – Было адчуванне, што гэтым разам будзе інакш, бо гвалт толькі ўзмацняўся. І калі яшчэ ў мяне быў іншы артыкул спачатку – ч. 2 арт. 293 («Арганізацыя масавых закалотаў»), я рыхтаваўся, што магу і 5 гадоў прасядзець, і нават змірыўся з гэтым. Напэўна, цяпер думаць, што вязні столькі не прасядзяць, крыху наіўна. Бо тое, што адбываецца, так хутка не пройдзе, і думаю, што тым, хто атрымаў 3-4 гады, давядзецца дасядзець. Таму жадаю ім найперш вытрымкі, а нам усім трэба трымацца разам і паказаць, што нас не зламаюць. Я перакананы, што перамога будзе за намі».

Ігар Банцэр

41-гадовага рок-музыку і актывіста з Горадні затрымалі 20 кастрычніка 2020 года за перформанс: мужчына танчыў без штаноў у стрынгах перад міліцэйскаю машынаю.

Артыкулы
Ігар Банцэр: Застацца тут і спрабаваць рабіць нешта заўважнае – вось гэта для мяне значыць жыць
2021.05.20 09:32

Гэтыя дзеянні былі кваліфікаваныя органамі следства як здзяйсненне хуліганства – ч. 1 арт. 339 КК РБ. Сам Банцэр казаў, што такім чынам выказваў пратэст.

Да суда Ігара ўтрымлівалі пад вартаю. Падчас суда, які пачаўся ў сакавіку, Ігар абвесціў сухую галадоўку.

Артыкулы
Ігар Банцэр: я не выйшаў на волю, я выйшаў у рэчаіснасць Беларусі
2021.12.18 16:21

Суд Ленінскага раёну Горадні 19 сакавіка агучыў вырак: Наталля Козел прызначыла Банцэру 1,5 года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову.

Адміністрацыя ПУАТ № 9 Віцебску спрабавала дамагчыся пераводу Банцэра ў калонію, аднак Чыгуначны суд Віцебску адмовіў ва ўзмацненні пакарання.

Ігару Банцэру далі 1,5 года «хіміі» і вызвалілі пад падпіску пра нявыезд. Тэрмін адлічваецца з 20 кастрычніка, адзін дзень пад вартаю за два «хіміі». Горадня, Беларусь. 19 сакавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Больш за 70 содняў цягам «хіміі» Банцэр правёў у ШІЗА. Выйшаў на волю 17 снежня. З’язджаць з Беларусі не збіраецца.

Зміцер Фурманаў

Сябра ініцыятыўнай групы для вылучэння на прэзідэнта Святланы Ціханоўскай. Быў затрыманы 29 траўня 2020 года ў Горадні на тым самым пікеце, дзе пасля правакацыі арыштавалі таксама Сяргея Ціханоўскага. Калі адбыўся інцыдэнт з міліцыянтам, пасля якога пачаліся затрыманні людзей з натоўпу, Зміцер сядзеў за сталом і працягваў збіраць подпісы. Затым да яго падбеглі амапаўцы, схапілі пад рукі і пацягнулі праз сквер у машыну на вачах у ягоных бацькоў, якія таксама былі на пікеце.

Артыкулы
Два СІЗА, дзве турмы, калонія. Гісторыя Змітра Фурманава, які збіраў подпісы за Ціханоўскую
2021.10.28 12:46

Фурманава абвінавацілі ў арганізацыі ды рыхтаванні ці актыўным удзеле ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ).

Суддзя Вольга Бекушава пакарала мужчыну двума гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Падчас зняволення актывіст абвяшчаў галадаванне, шмат часу правёў у ШІЗА. Каля СІЗА на Валадарскага галадалі таксама маці і дзяўчына Змітра.

Бывший политзаключенный Дмитрий Фурманов
Дзмiтрый Фурманаў – былы палітвязень, якога асудзілі ў «справе Ціханоўскага». Kieў, Украiна. 27 кастрычнiка 2021 года.
Фота: ЯА / Белсат

21 кастрычніка 2021 года Фурманаў выйшаў на волю (праз перабыванне ў СІЗА тэрмін пералічылі).

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» прызнала Змітра вязнем сумлення. Пасля вызвалення Фурманаў з’ехаў у Вільню.

Артыкулы
«Калі праляталі над Нёманам, хацеў надзець парашут і саскочыць з самалёта». Былы палітзняволены Фурманаў у Вільні
2021.10.30 18:23

Зміцер Янкоўскі

Жыхара Жодзіна Змітра Янкоўскага затрымалі 15 сакавіка 2021 года. Яго абвінавацілі паводле арт. 364 КК РБ – «Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў».

Дзмітрый Янкоўскі падчас суда.
Фота: чытачы / Белсат

Зміцер быў відавочцам інцыдэнту ў горадзе ў верасні мінулага года, калі міліцыянт гэтак ударыў па твары жанчыну, што яна ўпала. Жодзінец заступіўся за жанчыну, і супраць яго завялі крымінальную справу за гвалт над супрацоўнікам органаў унутраных справаў (арт. 364 Крымінальнага кодэксу).

Hавiны
«З левай зарадзіў троху». Кіберпартызаны выклалі размову міліцыянтаў пра збіццё жанчыны ў Жодзіне
2021.11.25 18:15

У судзе Зміцер прызнаваў, што дакрануўся да міліцыянта, але ніякага калецтва ён яму не нанёс, проста заступіўся за жанчыну, якая ўпала ад удару. Аднак у выніку Змітра асудзілі на 1 год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму (ПК № 17).

Зміцер цалкам адбыў тэрмін зняволення і 23 снежня 2021 выйшаў на свабоду.

Дзяніс Дземух

27 снежня з папраўчай калоніі № 3 «Віцьба» пасля амаль 15 месяцаў зняволення выйшаў на волю палітзняволены Дзяніс Дземух.

Дзяніс Дземух. Крыніца: spring96.org

Дзяніса Дземуха затрымалі 4 кастрычніка 2020 года пасля Маршу вызвалення палітвязняў. Пасля таго як ён адбыў 13 содняў адміністратыўнага арышту, на свабоду яго не адпусцілі, а абвінавацілі паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («Удзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак») за падзеі таго дня. Палітычнага вязня асудзілі да 1 года і 6 месяцаў калоніі.

Сяргей і Наста Крупенічы

Менчукі Сяргей Крупеніч і Наста Крупеніч-Кандрацьева правялі на Акрэсціна 3,5 месяца за перасыланне адно аднаму ў Telegram навінаў з каналаў, прызнаных уладамі экстрэмісцкімі. Абаіх затрымалі 15 ліпеня 2021 года. 9 разоў сужэнцаў перазатрымлівалі ў канцы адміністратыўнага тэрміну і зноў каралі 15 соднямі.

Артыкулы
«Навіна пра статус палітвязняў дадала сіл – гэта ганарова». Сужэнцы, якіх судзілі 9 разоў – пра Акрэсціна і волю
2021.11.29 18:57

Сяргею – 26 гадоў, Насце – 27. Яны разам 8 гадоў, 2 гады таму ажаніліся (другую гадавіну шлюбу адзначылі ў жніўні на Акрэсціна). Сяргей – IT-спецыяліст, Наста працавала настаўніцай у адной з менскіх гімназіяў. Сяргей Крупеніч і Наста Крупеніч-Кандрацьева – «рэкардсмены» ў соднях паводле адміністратыўнай справы. Яны адседзелі па 112 содняў, а суд даў ім 127 і 126 содняў адпаведна. Да гэтага найбольш перазатрыманняў было ў студэнта БДУіР Яна Салановіча. Яму прысудзілі 114 содняў, аднак гэтак жа нечакана адпусцілі на 86-ыя. Беларускія праваабаронцы прызналі сужэнцаў Крупенічаў палітычнымі вязнямі, не зважаючы на тое, што ў іх была адміністратыўнай справа.

Сергей Крупенич и Анастасия Крупенич-Кондратьева провели на Окрестино 224 дня на двоих за репосты в личной переписке из «экстремистских телеграм-каналов»
Менчукі Сяргей Крупеніч і Наста Крупеніч-Кандрацьева, якія правялі на Акрэсціна 3,5 месяца за перасыланне адно аднаму ў Telegram навінаў з каналаў, прызнаных уладамі экстрэмісцкімі. Варшава, Польшча. 28 лістапада 2021 года.
Фота: Белсат

Пасля вызвалення Сяргей і Наста з’ехалі ў Польшчу.

Міхаіл Жамчужны

66-гадовага Міхаіла Жамчужнага затрымалі ды засудзілі задоўга да пратэстаў 2020 года – у 2014-м. Аднак ён таксама выйшаў на волю ў 2021-м, адбыўшы цалкам 6-гадовы тэрмін пакарання ў папраўчай калоніі № 9 у Горках. У канцы 2018 года Жамчужны быў адзіным палітычным вязнем у Беларусі.

Міхаіла Жамчужнага вінавацілі ў даванні хабару (арт. 431 КК РБ), незаконным вырабе, набыцці альбо збыце сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі (арт. 376 КК), наўмысным разгалашэнні службовай таямніцы (арт. 375 КК).

Артыкулы
Пра «блатных», ежу, грошы, секс і свабоду. Міхаіл Жамчужны распавёў, як палітычнаму выжыць на зоне
2021.03.03 07:39

Міхаіл Жамчужны нарадзіўся ў 1955 годзе ў Віцебску. Працаваў у Віцебскім тэхналагічным універсітэце. Дацэнт, кандыдат тэхнічных навук, аўтар некалькіх навуковых манаграфіяў і распрацовак. Першы ў краіне зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве. Ва ўніверсітэце кіраваў лабараторыяй, якая займалася праблемамі прамысловага вырабу вадароду.

У 2006 годзе навуковымі распрацоўкамі і дзейнасцю навукоўца нечакана зацікавіўся КДБ. Супраць кіраўніка лабараторыі распачалі крымінальную справу. Міхаілу прапанавалі супрацоўнічаць з КДБ: даць паказанні супраць начальства. Але мужчына адмовіўся. У 2007 годзе Міхаіла засудзілі на 5 гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 210 Крымінальнага кодэксу («Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі»).

Палітвязень Міхаіл Жамчужны. Выкладчык і кандыдат навук, правёў у зняволенні 6,5 года, атрымаў там 3 новыя прафесіі, напісаў 2 навуковыя кнігі і «адчуў сябе чалавекам», адправіўшы на пенсію і ў адстаўку шэраг палкоўнікаў. Віцебск, Беларусь. 2 сакавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Пасля вызвалення ў 2012 годзе Міхаіл пастанавіў заняцца дзейнасцю ў сферы правоў зняволеных. Ён стаў сябрам арганізацыі «Платформа», дзе збіраў інфармацыю пра сітуацыю ў месцах зняволення. Пасля ліквідацыі «Платформы» стаў сузаснавальнікам новай арганізацыі «Платформ Інавэйшн».

На волі Жамчужны з 19 лютага. Спакойна жыць былому палітвязню не даюць і пасля вызвалення: 1 снежня ў яго адбыўся ператрус, мужчыну хацелі змяніць патрабаванні нагляду.

Праваабаронца: Аптымістычных прагнозаў мы не робім

На дзень 31 снежня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 970 чалавек. Падліку тых, хто ўжо вызваліўся, праваабаронцы не вядуць. Паводле юрыста праваабарончага цэнтру «Вясна» Паўла Сапелкі, спіс палітычных вязняў наагул вельмі эластычны: туды не толькі пастаянна дадаюць новых вязняў, аднак і выкрэсліваюць тых, каму замянілі меру стрымання ці від пакарання. Напрыклад, калі зняволенне было замененае на «хімію» без накіравання ў папраўчую ўстанову. Пры гэтым яшчэ і адсочваць, хто ўжо на волі, і складаць асобны спіс даволі складана і, паводле спадара Паўла, не настолькі істотна.

«Калі нехта захоча падлічыць, будзем удзячнымі, – кажа юрыст. – Аднак адсачыць гэта сапраўды няпроста, бо шмат пра каго мы проста не ведаем: не ўсе гатовыя распавядаць пра сябе і апублічваць інфармацыю».

З той жа прычыны, што людзі не заўсёды хочуць распавядаць, цяперашні спіс палітычных вязняў можа быць меншым за рэальны лік такіх зняволеных, зазначае Павел Сапелка.

Павел Сапелка, юрыст ПЦ «Вясна».
Фота: НМ / Белсат

«Калі нехта ведае пра палітычныя зняволенні, мы просім распавядаць нам, – кажа юрыст «Вясны». – Нам пішуць з СІЗА, калоніяў, што вось побач сядзіць чалавек, асуджаны паводле артыкулу 342, а пра яго ніхто не ведае. Тады мы пасля вывучэння акалічнасцяў справы дадаем гэтага чалавека ў спіс».

Павел Сапелка зазначае таксама, што нельга прагназаваць, хто з палітвязняў колькі адсядзіць, заўсёды варта спадзявацца на змяненні, аднак казаць, што яны ўсе хутка выйдуць – занадта аптымістычна.

«Мы, праваабаронцы, ніколі не казалі, што палітвязні не адсядзяць прызначаных тэрмінаў, – падкрэслівае спадар Павел. – Мы не можам рабіць аптымістычных прагнозаў, бо ведаем прыклады ў гісторыі, калі ўсё складвалася зусім не так пазітыўна, як бы нам таго хацелася. Напрыклад, у тым жа Узбекістане сядзелі і па 8–9 гадоў. Таму, магчыма, нехта адсядзіць свой тэрмін цалкам, а нехта выйдзе раней».

Ганна Ганчар, belsat.eu

Стужка навінаў