Аб’яднанне былых беларускіх сілавікоў «BELPOL» здабыло спіс дзяржаўных друкаваных выданняў, якія аднеслі да «сацыяльна значных» і якія будуць фінансаваць з рэспубліканскага бюджэту.
Паводле звестак «BELPOL», у 2024 годзе 21 газета атрымае дапамогу з рэспубліканскага бюджэту, бо занесеная ў спіс «сацыяльна значных друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, рэдакцыям якіх неабходна аказваць фінансавую падтрымку ў мэтах ажыццяўлення ўскладзеных на іх задач у рэалізацыі дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі дзеля пазбягання рызыкаў, звязаных з магчымымі зменамі эканамічных умоваў функцыянавання друкаваных сродкаў масавай інфармацыі».
На 21 выданне збіраюцца выдаткаваць агулам амаль 2 млн рублёў за 2024 год. «BELPOL» падкрэслівае, што ўлады не хацелі, каб гэтая інфармацыя станавілася публічнай.
Спіс такі:
На гэтыя газеты і часопісы ўскладваюць менавіта прапагандысцкія функцыі: ад іх чакаюць «рэалізацыі дзяржаўнага інфармацыйнага парадку дня: азнаямлення грамадскасці з актуальнымі пытаннямі палітычнага, сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь, у тым ліку на сусветнай арэне, функцыянавання сістэмы адукацыі, ідэалогіі, іншых сацыяльных галінаў краіны».
Адметна, што ў спісе няма адной з найбольш адыёзных і агрэсіўных газетаў – «Мінскай праўды», вядомай антыкаталіцкімі і антысеміцкімі публікацыямі, знявагаю нязгодных з палітыкай уладаў і піярам баевіка «ДНР».
Вядома, дзяржаўнае фінансаванне атрымаюць не толькі названыя вышэй выданні. Агулам у праекце рэспубліканскага бюджэту на 2024 год (які 29 лістапада ўхваліла Палата прадстаўнікоў) на друкаваныя медыі і выдавецтвы закладзена звыш 6,7 млн рублёў, агулам на медыі – звыш 170 млн (з якіх звыш 142 млн – на тэлебачанне і радыё).
І гэта толькі рэспубліканскі бюджэт – а ёсць яшчэ мясцовыя бюджэты, на якія ў 2023 годзе прыпадала 64,9 % выдаткаў кансалідаванага бюджэту на «фізічную культуру, спорт, культуру і сродкі масавай інфармацыі».
Акрамя таго, гэтыя выданні распаўсюджваюцца платна – і ўлады не ўтойваюць, што беларусаў прымушаюць выпісваць дзяржаўную прэсу.
Алесь Наваборскі belsat.eu