На Валадарцы зрабілі больш жорсткімі правілы прыёму медычных перадач


З 30 кастрычніка ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ўзмацнілі жорсткасць правіл прыёму медычных перадач, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Цяпер сваякі могуць перадаць іх толькі пры заяве ад затрыманага.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Калідоры ў СІЗА на вул. Валадарскага ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

Цяпер па новых правілах для таго, каб атрымаць перадачу з лекамі і вітамінамі, зняволены павінен спачатку звярнуцца ў медычную частку з пісьмовай заявай. Пры гэтым рашэнне аб неабходнасці і мэтазгоднасці перадачы прымаецца лекарам СІЗА. Ён можа дазволіць перадачу ці адмовіць у ёй. Пасля згоды лекара зняволены па пошце адпраўляе сваякам заяву з дазволам і спісам неабходных лекаў, і толькі потым сваякі змогуць адправіць яму неабходныя лекі.

Зняволеным забараняецца браць лекі з сабой на этап. Неабходныя лекі будуць выдавацца яму з пісьмовага дазволу лекара.

Праваабаронцы адзначаюць, што праз адсутнасць якаснай медычнай дапамогі ў месцах зняволення, гэтыя перадачы для сваякоў – адзіны спосаб дапамагчы блізкаму.

Раней магілёўскія праваабаронцы паведамлялі, што ў папраўчай калоніі №22 «Ваўчыныя норы» ў Івацэвіцкім раёне асуджаным перасталі падпісваць дазволы на медычныя бандэролі. Усё праз тое, што новы начальнік медчасткі лічыць, што ў калоніі дастаткова лекаў для лячэння любых хвароб і адмаўляе нават тым, хто мае пацверджаны дыягназ і раней атрымліваў лекі ад родных.

Былыя вязні, якія раней сядзелі ў ВК-22 сведчаць, што начаваць ім даводзіцца пры стала адчыненых вокнах. Узімку, нават пры ўключаным апале, адміністрацыя дазваляе асуджаным спаць у тэрмабялізну і накрывацца целагрэйкамі. Праз сталы холад асуджаныя часта хварэюць.

Інтэрв’ю
«Турма для іх – ідэальнае месца». Былая палітзняволеная распавяла, як працуюць турэмныя дактары
2023.07.14 08:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў