«Чамадан, вакзал…». Як вядомыя расейцы паехалі за мяжу з пачаткам мабілізацыі


Абвешчаная Уладзімірам Пуціным мабілізацыя справакавала масавы выезд з Расеі мужчынскага насельніцтва. Сярод тых, хто з гэтай нагоды пастанавіў перабрацца ў іншыя краіны, ёсць і вядомыя асобы. Кажуць, што гэта ўжо справакавала пэўныя праблемы ў расейскіх медыях.

27 кастрычніка тэлеграм-канал «Baza» паведаміў, што тэлеканал ТНТ прыпыніў здымаць камедыйныя шоу, бо з прычыны вайны і мабілізацыі «частка комікаў пакінула краіну». Як паведамляецца, канал нават не правёў запланаваных кастынгаў для шоу «Імправізацыя. Каманды», а новы сезон «Comedy Батл» перанеслі на наступны год.

Кіраўніца каналу Тына Кандэлакі і комік Павел Воля спрабавалі паказаць, што ўсё ў парадку, усе працуюць і ўсе на месцы, але менавіта пра згаданыя шоу яны, прынамсі пакуль, нічога не паведамілі.

У любым разе, выезд вядомых асобаў з Расеі, што пачаўся пасля нападу Расеі на Украіну 24 лютага, з абвешчанай мабілізацыяй сапраўды атрымаў новае дыханне. Карэспандэнты «Белсату» пашукалі звесткі пра вядомых расейцаў, якія замест удзелу ў вайне аддалі перавагу эміграцыі. Пры гэтым з’язджаюць з РФ не толькі комікі, але і блогеры, акторы і нават спартоўцы.

Хто з’ехаў?

Адным з першых з’ехаў за мяжу 29-гадовы баец змяшаных адзінаборстваў Марыф Піраеў на мянушку Пірання, які правёў 33 баі ў прафесійных ММА і перамог у 27 з іх. Як заявіў ягоны калега Шаміль Галімаў, Піраеў «у жаху збег з Расеі», калі атрымаў позву ў ваенкамат. Аднак сам спартовец паведаміў, што быў на зборах у Грузіі, позвы не атрымліваў і гатовы «Радзіму абараняць». На 1 кастрычніка ў Піраева быў запланаваны бой у Сочы, але баец афіцыйна атрымаў траўму і з’ехаў на рэабілітацыю.

32-гадовы блогер, рэпер і комік Юрый Хаванскі раней агітаваў за Пуціна і нават быў памочнікам дэпутата Дзярждумы Расеі ад ЛДПР Васілія Уласава, які цяпер трапіў пад заходнія санкцыі. Праўда, у чэрвені 2021 года яго арыштавалі быццам бы за апраўданне тэрарызму ў ягонай песні. Праз паўгода ў вязніцы блогера выпусцілі, а сёлета справу наагул закрылі. З пачаткам мабілізацыі Хаванскі «атрымаў свой замежны пашпарт – і чамадан, вакзал, Сербія». 26 верасня Хаванскага заўважылі ў пецярбургскім аэрапорце «Пулкава». У Сербіі блогер плануе застацца надоўга і збіраецца купіць там кватэру, на якую яму падчас стрыму адзін з гледачоў нават пералічыў 17 тысяч долараў.

Таксама 26 верасня з’ехаў з Расеі ў Грузію 29-гадовы блогер і спявак Мікалай Собалеў, які раней удзельнічаў у перадвыбарчай рэкламе мэра Масквы Сяргея Сабяніна. Тым не менш, ад самога пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі ва Украіне ён займаў антываенную пазіцыю. Сам Собалеў заяўляў, што ягоны ад’езд з Расеі не звязаны з мабілізацыяй і дадому ён вернецца «праз тыдзень-паўтара».

Вядомы 32-гадовы блогер і вядоўца гумарыстычнага Youtube-шоу «100500» Максім Галапаласаў, на канал якога падпісаныя больш як 10,5 мільёнаў асобаў, пасля абвяшчэння расейскай мабілізацыі зʼехаў у Казахстан. Яго заўважылі на расейска-казахскай мяжы 27 верасня. Першапачаткова медыі пісалі, што яго развярнулі на мяжы, але ён усё ж заехаў у Казахстан. Сам Максім пасля сцвярджаў, што нічога такога не было, а з Расеі ён зʼехаў дзеля здымання шоу. Але пра ягонае вяртанне ў Расею не паведамлялася. Напачатку сакавіка блогер апублікаваў у сваім «Інстаграме» тры допісы з трох словаў, якія можна расцэньваць як крытыку вайны ва Украіне.

28 верасня зʼявіліся паведамленні, што блогер Юлій Анешка («Юлік») стаіць у чарзе ў пункце пропуску «Верхні Ларс» на мяжы Расеі з Грузіяй. У 2018 годзе ён рэкламаваў чарговае пераабранне Пуціна, а наконт вайны ва Украіне заяўляў, што «ў краіне, у якой ракетаў болей, чым жыхароў іншай краіны, геаграфіі ведаць не трэба, бо ракетаў хопіць на ўсіх».

Таксама 28 верасня з’ехаў з Расеі і 28-гадовы Гусейн Гасанаў, які мае больш як 23 мільёнаў падпісальнікаў у Instagram і раней неаднаразова гасціў у кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава. Сам блогер паведаміў, што паехаў проста ў госці да бацькі ў Азербайджан.

Цэлы кліп на мяжы з Казахстанам зняў 28-гадовы расейскі рэпер Максім Чаркасаў, вядомы як Lolita Kox. Да пачатку вайны ён тварыў на лэйбле ўкраінскага музыкі Івана Дорна «Masterskaya». Пасля абвяшчэння мабілізацыі артыст знайшоў праз тэлеграм-чат спадарожнікаў і паехаў з РФ.

«Я стаяў-стаяў-стаяў. Такія шэрыя абставіны. Усе сядзяць у машынах, ніхто не выходзіць. Я падумаў, што варта прайсціся ўздоўж затору і зняць відос. Абраў гук «Я магу ўсё», каб падбадзёрыць астатніх», – расказвае рэпер, які пасля двух содняў у корку выехаў у Казахстан.

29 верасня ў Ташкенце (Узбекістан) заўважылі вядомага коміка Аляксандра Гудкова. У праграме, адным з аўтараў якой ён быў, у 2020 годзе жартавалі з беларускіх пратэстаў і беларускага сцяга. Праўда, пазней комік называў Аляксандра Лукашэнку «злом» і заяўляў, што з тымі жартамі аўтары «перагнулі». 24 лютага 2022 года ён выказаўся супраць вайны з Украінай. Затым наагул запісаў пародыю «Я узкий» на песню SHAMANʼа «Я русский». За гэта яму ў Расеі пагражаюць крымінальнай справай за «распальванне нянавісці або варожасці».

29 верасня на памежным пераходзе «Верхні Ларс» заўважылі і 27-гадовага Міхаіла Лазуціна. Раней ён заснаваў свой рух «Леў супраць педафілаў», у межах якога на відэа змушаў педафілаў і тых, каго такімі лічыў, прыніжацца. За гэта на яго ледзь не завялі крымінальную справу. Затым Лазуцін стварыў «Федэральны рух «Леў Супраць» для гэткай жа барацьбы з распіццём алкаголю і курэннем у недазволеных месцах. Разам з імі хадзілі ў якасці аховы актывісты ультраправаслаўнага руху «Сорак саракоў», а сам рух атрымліваў крамлёўскія гранты. Пра вайну ва Украіне ён заяўляў, што «ў вайскоўцаў РФ такое прызванне, як у пажарных гасіць пажары». 10 кастрычніка Лазуцін апублікаваў фота з сынам у цэнтры Масквы, але падпісальнікі ў ягонае вяртанне не паверылі.

У сярэдзіне кастрычніка пра свой пераезд у Казахстан паведаміў Youtube-блогер, аўтар кінааглядаў і актор дубляжу Міхаіл Кшыштоўскі, які мае 580 тыс. падпісальнікаў.

«Я ў Алматы», – распавёў ён у адным са сваіх відэа.

Блогер даўно быў вядомы крытыкаю расейскіх уладаў. Яго затрымлівалі яшчэ на пратэставай акцыі ўлетку 2019 года, а 24 лютага 2022-га ён апублікаваў пост супраць вайны ва Украіне.

З пачаткам мабілізацыі з’ехалі з Расеі, сярод іншага, і расейскія стэндап-комікі Артур Шамгунаў і Аляксандр Фралоў. Цяпер яны выступаюць з канцэртамі ў Казахстане.

«У Расеі ў апошні час было зроблена ўсё, каб мы выправіліся на гэтыя гастролі. Я думаю, што ўсім усё зразумела: нікому ў маім асяроддзі не падабалася тое, што адбывалася да гэтага, але ў верасні нам сказалі: вы мала таго, што не можаце выказваць сваю незадаволенасць, вы яшчэ і ўдзельнічаць у гэтым мусіце. Таму я рушыў у дарогу», – распавёў Шамгунаў, які называе свой родны Татарстан акупаванай тэрыторыяй і жартуе ў тым ліку пра мабілізацыю.

З’ехаў за мяжу ўвосень і яшчэ адзін знакаміты расеец мабілізацыйнага веку – 39-гадовы актор Артур Смальянінаў, зорка фільму «9 рота». Ён яшчэ раней выступаў супраць уварвання Расеі ва Украіну, а цяпер захацеў проста «пабачыць на свае вочы гэты свет». Тым больш, што паступіла прапанова папрацаваць у ЗША. 28 кастрычніка суд у Маскве аштрафаваў актора за «дыскрэдытацыю» Збройных сілаў Расеі.

Што цікава, у Казахстане сустракае расейцаў, што ўцяклі ад вайны, яшчэ адзін былы комік з ТНТ казахскага паходжання, Нурлан Сабураў. Яшчэ ў верасні ў яго праходзілі канцэрты ў расейскіх гарадах, але ўжо ў кастрычніку – у графіку адныя казахскія і кіргізскія гарады. На гэтых канцэртах ён жартуе ў тым ліку і з тых, хто пераехаў у Казахстан, і прыгадвае ім дыскрымінацыю выхадцаў з Цэнтральнай Азіі ў РФ:

«Ну што, расейцы, казахскую вывучаеце ўжо?»

Праўда, на 16 лістапада ў Сабурава запланаваны канцэрт у Маскве, але ці вернецца ён у Расею, асабліва пасля такіх жартаў, невядома. Адзначым, што і да самога Сабурава пасля пачатку вайны былі пытанні ў сувязі з тым, што ён нават падчас канцэртаў за мяжой ніяк не мог выказацца наконт расейскай вайны ва Украіне.

Дакладная колькасць расейцаў, якія выехалі за мяжу з пачаткам мабілізацыі, невядомая. Паводле неафіцыйных звестак «Forbes», станам на 4 кастрычніка з’ехалі ад 600 тысячаў да мільёна асобаў. Аднак прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў адзначыў, што гэтая лічба не блізкая да праўды. У Казахстане ў тыя ж дні казалі пра 200 тысячаў грамадзянаў РФ, якія заехалі ў краіну.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў