Гарбузовы ліхтар Джэка: інструкцыя і рэцэпты


Як ратаваць свой псіхалагічны стан, калі зусім не да святаў? Варта цешыць сябе разнастайнымі эмоцыямі! Зробім жа ліхтар, а там мо нехта і прыйдзе – на слодычы ці зрабіць гадасць. А потым наварым гарбузовага супу – м-м-м, чароўна!

Спачатку рэжам!

Фота: ЯА / Белсат

Найперш робім у гарбуза накрыўку, праз якую дастанем семкі і тое-сёе лішняе. Тут можна ўзяць вялікі нож, рэзаць ззаду і не шкадаваць спадара Ліхтара.

Звярніце ўвагу, ці трэскаецца ваш гарбуз. Калі не і сценкі тоўстыя, то не корпайцеся з малым нажом: бярыце вялікі – і наперад! А калі трэскаецца, то бярыце малы, добра яго навастрыце і не плануйце нічога, акрамя гарбуза, на наступную гадзіну. Вялікім нажом можна даць рады хвілінаў за 20.

Фота: ЯА / Белсат

Папярэдне пазначце на гарбузе вочы і ўсмешку. Не варта пераацэньваць сваіх мастацкіх здольнасцяў і рабіць стаўку на тое, што пры выразанні разберацеся. Крыўдна будзе нават не тады, калі вочы выйдуць рознага памеру, а калі праз элегантны нос на гарбуз не змесціцца ўсмешка!

Фота: ЯА / Белсат

Гарбуз круглы, таму давядзецца дадаткова праразаць малым нажом мякаць пад іншым кутом, каб вочы і ўсмешка былі выразнейшыя. Калі дзіркі выйшлі спачатку малыя, не журыцеся, гэты спадар усё вытрывае.

Свечак не шкадуйце. У ладны гарбуз можна паставіць іх паболей, каб добра свяціўся. АЛЕ! Майце на ўвазе: накрыўка ліхтара будзе падгараць ссярэдзіны, і ў пакоі з’явіцца пах гарбузовага шашлыку.

Гатова!

Фота: ЯА / Белсат

Цяпер гатуем!

Гарбуз – неймаверна каштоўная ежа! У складзе гэтай гародніны шмат цукраў, пекціну і караціну, ёсць вітаміны групы В, вітаміны А, С, Е, К і Т. Карысць гарбуза таксама абумоўленая мінеральнымі рэчывамі: каліем, кальцыем, фосфарам, жалезам. У семках шмат тлушчаў і бялкоў.

А які ж ён смачны! Карацей, будзем смажыць, тушыць і пячы! Да гарбуза цудоўна пасуюць цынамон, мускатны арэх, імбір, кардамон, мята, чылі, шафран, чабор, сумесь кары, пажытнік і чарнушка, вядомая таксама як калінджы.

Вось вам тры рэцэпты, якія нават самага зацятага ненавісніка гарбуза прымусяць праглынуць язык ад асалоды. Накрыем з вамі стол на тры стравы з дужа карыснай і вельмі смачнай гародніны! Колькасць зорачак – узровень складанасці.

*Гарбузовы суп

Складнікі: гарбуз, вяршкі, часнок, крэветкі, плаўлены сыр.

1. Рэжаце гарбуз кубікамі і варыце ў вадзе, пакуль той не стане мяккім.

2. Зліваеце ваду і таўчаце кубікі ў кашу. Тут блэндар проста ратуе.

3. Заліваеце кашу вяршкамі, сыплеце соль і ціснеце часнок на смак. Хай закіпіць.

4. Дадаяце плаўлены сыр і памешваеце. Сыр вельмі любіць ліпнуць да дна і гарэць. Закіпела – выключайце.

5. Можна дадаць салатных крэветак, каб зусім страціць прытомнасць ад смакаты.

*Гарбузовае воблака на другое

Складнікі: гарбуз, курыны ці індычы фарш (на 1 кг гарбуза – 300 г фаршу), чабор ці мацярдушка.

Рэжаце гарбуз на невялікія кубікі (каля 1,5 см), кладзяце іх разам з фаршам, соллю і чаборам у рондаль, дадаяце трохі вады і тушыце, пакуль гарбуз не стане мяккім.

Ясце з асалодай і адчуваннем пашыраных гастранамічных краявідаў.

*Гарбузовы пірог, каб замацаваць вынік

Складнікі: для цеста (на форму 28 см) – 2/3 пачка масла, 1 яйка, 2-3 лыжкі цукру, мукі столькі, каб цеста перастала брацца да рук;

для начыння – 300 г гарбузовага пюрэ, пачак рыкоты, 150 г цукру (рудога ці белага – не мае значэння), 2 яйкі, цынамон на смак.

Мяккае масла перамяшаць з усімі іншымі інгрэдыентамі ў ком цеста і пакінуць на паўгадзіны адпачыць. Потым раскатаць паводле формы, прадзіравіць і пячы хвілінаў 20 пры 170 °С.

Усе складнікі начыння перамяшаць, прабіць блэндарам, заліць у падпечаную аснову і выпякаць яшчэ хвілінаў 25.

Яшчэ з гарбуза можна рабіць фры, сочыва, цукаты, латэ і нават марозіва! Не стрымлівайце сябе – і смачна есці!

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў