Румынія заявіла пра імавернае парушэнне сваёй паветранай прасторы расейскімі дронамі


Міністэрства абароны Румыніі паведаміла, што ўначы паветраную прастору краіны, імаверна, парушылі расейскія дроны, якія атакавалі Украіну. Пра пагрозу апавясцілі жыхароў двух паветаў каля ўкраінскай мяжы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Уначы расейскія войскі нанеслі новую серыю ўдараў па тэрыторыі Украіны. Падчас гэтай атакі беспілотнікі заўважылі каля румынскай мяжы.

«Сістэма радыёлакацыйнага назірання паказала на імавернае несанкцыянаванае ўварванне ў паветраную прастору краіны», – гаворыцца ў паведамленні Міністэрства абароны Румыніі.

Апавяшчэнне пра пагрозу атрымалі жыхары двух паветаў на мяжы з Украінаю: Тулча і Галац. Там па трывозе паднялі ратавальнікаў, паліцэйскіх і памежную службу.

«Ніводнага аб’екта, які б упаў на тэрыторыі краіны, знайсці не ўдалося. Пошукі працягнуцца сёння», – паінфармавалі ў ведамстве.

На пачатку верасня на румынскім беразе Дунаю знаходзілі часткі расейскіх беспілотнікаў, што былі збітыя пры спробе атакаваць украінскія парты. Міністр абароны Анджэл Тылвэр тады анансаваў узмацненне захадаў бяспекі.

«У нас будзе больш назіральных пунктаў, больш патрулёў, і пры гэтым нашае абсталяванне, якое тэхнічна можа ахапіць тэрыторыю, працягвае працаваць і заставацца ў стане павышанай увагі», – казаў міністр.

Hавiны
На тэрыторыі Румыніі знайшлі абломкі расейскага дрона
2023.09.06 16:46

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў