«Не катастрофа, але вельмі дрэнна». Як на Беларусі адаб’ецца нізкі ўраджай збожжа


У Беларусі сканчаюць уборку збожжавых: у гэтым годзе ўраджай заўважна ніжэйшы, чым летась. Эксперт у галіне сельскай гаспадаркі Мікалай Лысянкоў патлумачыў «Белсату», да якіх негатыўных наступстваў гэта прывядзе: іх адчуюць і бюджэт, і пакупнікі ў крамах (няхай і не адразу).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pixabay.com

30 жніўня ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання паведамілі: збожжавыя каласавыя і зернебабовыя культуры ў Беларусі сабралі на 97 % плошчаў. З улікам рапсу намалочана 6,9 млн тон збожжа. Для параўнання: у 2022 годзе намалацілі 8,9 млн тон. Вясною чыноўнікі прагназавалі, што ў 2023-м удасца сабраць 8,6 млн. Былы супрацоўнік «Менскхлебпраму» і Сталбцоўскага райвыканкама, а цяпер прадпрымальнік Мікалай Лысянкоў распавёў «Белсату» пра прычыны і наступствы нізкага ўраджаю.

«Дадаваць рапс у статыстыку да збожжавых – глупства». Як чыноўнікі маніпулююць статыстыкай

Чыноўнікі тлумачаць нізкі ўраджай збожжа «аб’ектыўным фактарам» у выглядзе засухі. Лысянкоў не аспрэчвае толькі гэтага сцвярджэння прадстаўнікоў уладаў.

«Нашая краіна ў зоне рызыкоўнага земляробства, дзе надвор’е вельмі сур’ёзна ўплывае на ўраджайнасць. Сапраўды, у гэтым годзе было анамальнае надвор’е. 6 млн тон збожжа (а не 6,9!), якія сабралі ў гэтым годзе, – не катастрофа, але гэта вельмі дрэнна. Аднак людзі галодныя не застануцца. Справа ў тым, што з тых 10 млн тон зерня, якія штогод мараць сабраць улады, на харчовыя мэты (мукамольную вытворчасць і закладку насення) сыходзіць толькі траціна – каля 3–3,5 млн тон. Астатняе ідзе на корм жывёле, то бок атрыманне мяса, што таксама важна», – патлумачыў Лысянкоў.

Ён звярнуў увагу на тое, як Міністэрства сельскай гаспадаркі падае статыстыку адносна збожжа, бо лічыць гэта маніпуляцыяй.

«Нам кажуць: сабрана 7 млн тон збожжа «разам з рапсам». Нашто так казаць? Рапс – гэта сваяк капусты, адзінае яго падабенства да збожжавых – што яго прыбірае той жа збожжаўборачны камбайн. Дадаваць рапс у статыстыку да збожжавых – глупства, бо гэта тэхнічная культура, але чыноўнікі такім чынам кажуць Лукашэнку: мы блізкія да тых 10 млн тон збожжа, якіх ты ад нас патрабуеш ужо тры дзесяцігоддзі», – лічыць Лысянкоў.

Існуе яшчэ адзін нюанс у статыстыцы адносна збожжа, якога не тлумачаць улады.

«Таксама трэба зразумець, што 6 млн тон – гэта аб’ём, які паступіў у камбайны, а там акрамя збожжа прысутнічае пустазелле. Пры сушцы страты складуць яшчэ адсоткаў 10. Так што фактычна ў амбарах будзе ляжаць не больш за 5–5,5 мільёнаў тон збожжа», – распавёў Лысянкоў.

Але галоўная праблема не ў гэтым, а ў сістэмнай адсталасці сельскай гаспадаркі ў Беларусі, лічыць эксперт. Ён прывёў параўнанне: «Суседняя Літва штогод збірае збожжа прыблізна столькі ж, колькі Беларусь, – хаця там пасяўных плошчаў у тры разы менш, і клімат горшы».

Чаму так атрымліваецца, калі дзяржаўная прапаганда хваліцца, што Аляксандр Лукашэнка ў адрозненне ад іншых кіраўнікоў дзяржаваў трымае на асабістым кантролі пытанні ўраджаю: рэгулярна праводзіць нарады, выязджае на палі?

«У Беларусі з часу СССР засталася нерэфармаванай сістэма калгасаў, адсюль тая ж нізкая эфектыўнасць. Сваім асабістым кантролем Лукашэнка насамрэч толькі пагаршае сітуацыю, дадаючы хаосу. Узровень Лукашэнкі – лічыць абас…ных кароваў у калгасах. Таму нягледзячы на ягонае патрабаванне выйсці на паказчык 10 млн тон збожжа, краіна топчацца на месцы. У той жа Літве адмовіліся ад калгасаў, там на зямлі ёсць гаспадары (фермеры) і ім ніхто не перашкаджае», – адзначыў Лысянкоў.

«Рост коштаў на хлеб можа аказацца вельмі доўгім працэсам». Якія страты панясе Беларусь з-за нізкага ўраджаю

Беларусы галадаць не будуць, але эканамічныя страты дакладна краіну чакаюць, лічыць эксперт.

«Штогод экспарт беларускай прадукцыі сельскай гаспадаркі складае больш за 5 млрд долараў, значную частку гэтага аб’ёму займае экспарт мяса. Нізкі ўраджай не дасць магчымасці максімальна загрузіць свінагадоўчыя, птушкагадоўчыя фабрыкі, пагалоўе ўрэжуць. Адпаведна за кошт экспарта мяса не атрымаецца атрымаць ранейшы прыток валюты, што будзе стратай для бюджэту», – патлумачыў Лысянкоў.

Hавiны
Беларусь плануе імпартаваць мільён тон збожжа з прычыны нізкага ўраджаю
2023.08.27 23:45

Акрамя таго, як паведаміў новы міністр сельскай гаспадаркі Сяргей Барташ, Беларусі прыйдзецца набыць за мяжою каля 1 млн тон збожжа.

«Закупкі збожжа за мяжою – звычайная практыка для Беларусі, але пытанне ў аб’ёмах: 200 тысяч кілаграмаў, паўтоны ці тона. Закупляецца перш за ўсё якаснае збожжа – харчовая пшаніца. Фуражнае збожжа на корм жывёле ў Беларусі вырошчваюць і самі.

Закупка мільёну тон збожжа – каласальныя затраты для нашай эканомікі, за яе прыйдзецца выкласці некалькі соцень мільёнаў долараў (у залежнасці ад якасці збожжа). Верагодна, закупкі будуць рабіць у Краснадарскім краі РФ, гэта пад дзве тысячы кіламетраў: дастаўка чыгункаю таксама будзе каштаваць немалых грошай», – распавёў Лысянкоў.

Што датычыць коштаў на хлеб для жыхароў Беларусі, то ўлады будуць стрымліваць іх любымі шляхамі.

«Гэты фактар не можа не паўплываць на кошты, але пакупнікі ў крамах гэтага, думаю, амаль не заўважаць. Урад будзе стрымліваць рост коштаў на хлеб, а прадпрыемствы будуць ісці на хітрыкі: нібыта ствараць новыя віды вырабаў. Рост коштаў на хлеб можа аказацца вельмі доўгім працэсам. Гэта як з падаражэннем паліва, кошты на які растуць па адной капейцы», – лічыць Лысянкоў.

Hавiны
Сусветныя цэны на ежу ўпалі да ўзроўню 2021 года, але зрыў збожжавай угоды можа ўсё сапсаваць
2023.08.10 10:00

Сямён Чугун belsat.eu

Стужка навінаў