Адміністрацыя папраўчай калоніі № 12, дзе Павел Вінаградаў адбывае пакаранне, склала на яго тры рапарты: адзін з іх – за тое, што ад слабасці прылёг на ложак.
Паўла адправілі ў штрафны ізалятар 23 жніўня. Раней яго пазбавілі працяглага спаткання за сон удзень. За гэта ж палітвязня прызналі «злосным парушальнікам рэжыму».
Раней паведамлялася, што Вінаградаў у зняволенні схуднеў на 36 кілаграмаў.
У жніўні ў палітзняволенага блогера і актывіста выявілі сухоты. Да гэтага на рэнтгене лекары знайшлі пляму ў лёгкіх у вязня. Спачатку яго лячылі антыбіётыкамі, але безавнікова. Далейшыя абследаванні пацвердзілі сухоты.
28 ліпеня Вінаградава перавялі ў аршанскую калонію № 12, вядомую тым, што там утрымліваюцца і лечацца асуджаныя, хворыя на актыўную форму сухотаў.
Паўла Вінаградава затрымалі 22 снежня 2021 года, абвінавацілі паводле арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці»), ч. 2 арт. 367 КК («Паклёп на прэзідэнта») і арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). 16 сакавіка 2022 года палітычнаму вязню прысудзілі 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Падтрымаць Паўла Вінаградава можна лістамі на адрас: 211381, Віцебская вобласць, Ворша, вул. Смаленская, 2, ПК № 12 Вінаградаву Паўлу Юр’евічу.
Марыя Міхалевіч belsat.eu