Рэгіянальны саюз краінаў Заходняй Афрыкі ECOWAS увёў санкцыі супраць вайсковай хунты Нігера і пагражае выкарыстаць сілу, калі мяцежнікі не вярнуць уладу прэзідэнту Мухамэду Базуму. Пра гэта паведамляе Reuters.
На надзвычайным саміце лідары ECOWAS заклікалі Нігер цалкам аднавіць канстытуцыйны лад у краіне, вызваліць і аднавіць на сваёй пасадзе прэзідэнта. Альянс папярэдзіў, што ў адваротным выпадку будуць прынятыя ўсе неабходныя захады для аднаўлення парадку.
«Такія захады могуць уключаць выкарыстанне сілы», – гаворыцца ў іх камюніке. Начальнікі штабоў краінаў ECOWAS правядуць адмысловую сустрэчу на гэты конт.
На выкананне ўмоваў ультыматуму вайсковай хунце ў Нігеры даецца тыдзень.
Лідары ECOWAS таксама заявілі пра неадкладнае ўвядзенні санкцыяў: будуць закрытыя межы з Нігерам, забароненыя камерцыйныя рэйсы, спынены фінансавыя аперацыі, замарожаныя нацыянальныя актывы і г.д.
Тым часам, у Нігеры пратэстоўцы атакавалі амбасаду Францыі: яны спрабавалі прарвацца ў будынак дыпламатычнага прадстаўніцтва, але былі спынены слезацечным газам, паведамляе RFI. У МЗС Францыі асудзілі атаку на амбасаду і папярэдзілі, што «любы напад на французскіх грамадзян, войска, дыпламатаў ці французскія базы выкліча неадкладны і непрымірымы адказ».
Пераварот у Нігеры адбыўся 26 ліпеня. У гэты дзень вайскоўцы заявілі, што зрынулі мясцовага прэзідэнта Мухамэда Базума. Пераварот падтрымаў кіраўнік расейскай ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын, а ў прыхільнікаў путчу заўважылі сцягі РФ. Раней хаўруснікі ПВК ужо захапілі ўладу ў суседніх Малі і Буркіна-Фасо.
У рэгіянальны саюз ECOWAS уваходзяць 15 афрыканскіх краінаў.
Глеб Нержын belsat.eu