«Сын ліцвінскіх лугоў і палёў». Да 220-годдзя Ігната Дамейкі


У ягоны гонар назвалі мінерал, некалькі раслінаў, павука, горны ланцуг, 140 мясцовасцяў і нават астэроід і дыназаўра. Адзін з найвядомейшых нарадзінцаў Беларусі Ігнат Дамейка ў 29 гадоў быў вымушаны, як і тысячы іншых нашых продкаў, пакінуць радзіму пасля ўдзелу ў паўстанні. Сёння Ігнат Дамейка як ніколі актуальны, бо застаецца прыкладам таго, як не згубіцца ў эміграцыі ды не страціць сябе як асобу.

Даведка
Ігнат Дамейка ва ўніверсітэцкія гады. Крыніца: «Вільня і Варшава ў «Дзядах» Міцкевіча»

Нарадзіўся Ігнат Дамейка 31 ліпеня 1802 года ў маёнтку Мядзвядка над ракою Вуша ў трыкутніку паміж Наваградкам, Міром і Нясвіжам. Па мацярынскай лініі сярод ягоных сваякоў – Тадэвуш Рэйтан і Тадэвуш Касцюшка.

Калі Ігнату ледзь споўнілася 7 гадоў, памёр ягоны бацька, кіраўнік наваградскага земскага суда. Хлопчыкам апекаваліся дзядзькі – Ігнат і Юзаф, апошні з якіх скончыў Горную акадэмію ў Фрайбургу, быў вучнем вядомага прафесара Вэрнэра і шмат распавядаў уражліваму пляменніку пра рамантычныя прыгоды геолагаў і пошукі схаваных у нетрах зямлі багаццяў.

Пад уплывам аповедаў і прачытаных прыгодніцкіх раманаў малы Ігнат шмат падарожнічае па ваколіцах Наваградку, даследуе край, успаміны пра які пазней будуць грэць ягонае сэрца на іншым канцы свету: «Цудоўная прырода ваколіц гораду і ўсяго павету, найпрыгажэйшая, можа, з літоўскіх земляў… Раскошныя даліны ад Шчары, Вушы, Сэрвачу ажно да Нёмну».

Ягоны дэвіз: «Калі жывеш – будзь карысны для іншых. Інакш лепш не жыць»

Па заканчэнні ў верасні 1816-га школы ў Шчучыне 14-гадовы Ігнат Дамейка стаўся адным з самых маладых студэнтаў Віленскага ўніверсітэту, дзе вучыўся на фізічна-матэматычным аддзеле. Нягледзячы на тое, што ён скончыў навучанне ў 1820 годзе, застаўся не задаволены ўзроўнем уласных ведаў і яшчэ некалькі гадоў працягваў наведваць заняткі.

У ліку ягоных сяброў – Адам Міцкевіч, які пазней закахаўся ў Марыю Верашчаку, стрыечную сястру Ігната Дамейкі. Пад мянушкаю Жэгота Дамейка бярэ ўдзел у працы таемнага таварыства філаматаў (аматараў навук), дзе чытае розныя навуковыя даклады, напрыклад, пра ўплыў святла на жыццё раслінаў.

Калі ж царскія ўлады занепакоіліся дзейнасцю таварыстваў філаматаў і філарэтаў у Віленскім універсітэце ды ўрэшце пастанавілі іх забараніць, а ўдзельнікаў арыштаваць, Дамейка трапіў у базыльянскі кляштар Вільні, каб далей быць сасланым углыб імперыі. Але дзякуючы заступніцтву родных царскія ўлады асудзілі яго на пажыццёвы нагляд паліцыі. Горай было тое, што для малады таленавіты навуковец назаўсёды пазбавіўся магчымасці ўладкавацца на дзяржаўную службу.

Даведка
Ігнат Дамейка з жонкай. 1854 год. Крыніца: wikiwand.com

На дапамогу прыйшоў дзядзька Ігнат, да якога пляменнік выпраўляецца ў Заполле Лідскага павету і Жыбартаўшчыну Слонімскага павету. Тут ён і аграном, і ветэрынар, і нават доктар для звычайных беларускіх сялянаў. Практыкуе новыя метады гаспадарання, апрацоўвання зямлі, гадавання жывёлы з прыцягненнем навукі. І пра ўсё гэта апавядае свайму сябру Адаму Міцкевічу ў лістах.

У 1830 годзе на тэрыторыі колішняй Рэчы Паспалітай разгарэлася Лістападаўскае паўстанне, і Дамейка далучаецца да атраду, дзе ваюе разам з Эміліяй Плятэр. Падчас адной з выправаў дастаўляў сакрэтнае данясенне і ледзь не апынуўся ў палоне, але паспяхова выслізнуў з рук ворага. Дамейка бярэ ўдзел у некалькіх бітвах, пакуль ягоны атрад не быў вымушаны перайсці мяжу з Прусіяй, дзе быў інтэрнаваны. Пасля паразы паўстання Дамейка ў 1832 годзе едзе ў Парыж разам з Адамам Міцкевічам.

Дарогай яны настолькі збліжаюцца, што паэт нават збіраўся свайго «Пана Тадэвуша» першапачаткова назваць «Жэготам». Сам жа Дамейка, успамінаючы аповеды дзядзькі Юзафа, наведвае Фрайбург з яго Горнай акадэміяй, шахты для здабывання срэбра ў Чэхіі ды ўрэшце, дабраўшыся да Парыжу, пастанаўляе зрабіцца горным інжынерам. Пры гэтым сярод студэнтаў ён лічыўся старым: яму было ўжо крыху больш за 30.

Даведка
Ігнат Дамейка. Малюнак Антона Шрэтэра. Крыніца: polona.pl

У 1837 годзе Дамейка паспяхова канчае навуку, паспеўшы за гэты час скласці першую геалагічную, гідраграфічную і гаспадарчую мапу земляў былой Рэчы Паспалітай. З Парыжу выпраўляецца ў Эльзас, дзе будуе доменныя печы для плаўлення здабыванай жалезнай руды. І раптам рызыкоўная прапанова з Паўднёвай Амерыкі: 35-гадоваму Ігнату прапаноўваюць месца ў Какімбе ў Чылі ў якасці прафесара хіміі ды мінералогіі. Кантракт быў разлічаны на 6 гадоў.

У 1838 годзе Дамейка прыбывае ў маладую краіну, заснаваную ў 1810-м, Рэспубліку Чылі, і становіцца тут «бацькам горнай справы». Сябар Яжэўскі пісаў пра Дамейку: «гэты запал, прыхаваны попелам», асвяціў сваім цяплом чылійскі народ і сусветную навуку.

Ігнат не абмяжоўваецца выключна выкладаннем ва ўніверсітэце, у якім прапрацаваў 45 гадоў. Піша праект рэформы адукацыі ў Чылі, якая і была зрэалізаваная. Піша падручнікі па мінералогіі па-іспанску, навуковыя артыкулы па-французску, выступае суддзёю, каб залагоджваць спрэчкі паміж уладальнікамі шахтаў, ладзіць шматлікія экспедыцыі ў горы ды пустэльні для пошуку каштоўных выкапняў і нават здзяйсняе ў 1845 годзе падарожжа да народу араўканцаў. За ягоны вялікі ўнёсак у развіццё Чылі Ігнату Дамейку ў 1848-м надалі чылійскае грамадзянства.

Дасягнуўшы поспеху, Ігнат Дамейка працягваў ліставацца з сябрамі-філаматамі, у тым ліку Адамам Міцкевічам. Пісаў пра сябе як «сына ліцвінскіх лугоў і палёў» і ўвесь час марыў вярнуцца на радзіму. Нават пра пошум пшаніцы пісаў: «здавалася, шаптаў мне па-польску ці па-руску, як нашыя сяляне гамоняць падчас працы». І ўжо здавалася, што вось-вось адправіцца ў Еўропу, калі ў 1850-м ён, маючы 47 гадоў, жэніцца з маладзейшаю на 30 гадоў чылійкай Энрыкетаю Сатамаёр Гузман. Наступныя 20 гадоў – час шчаслівага шлюбу: жонка падаравала Ігнату чацвярых дзяцей, пакуль не памерла ад сухотаў.

Сядзіба Дамейкаў. Мядзвядка Наваградскага павету. Малюнак Напалеона Орды. Крыніца: i.gremicdn.pl

У 1867 годзе Ігнат Дамейка стаўся рэктарам Чылійскага ўніверсітэту, але папрасіў улады заробак пералічваць двум сваім вучням, якія атрымлівалі адукацыю ў Еўропе. Ён працягвае шмат самаддана працаваць, а пасля звальнення з універсітэту, маючы ўжо больш за 80 гадоў, пастанаўляе наведаць радзіму: «З кожным новым днём расло ў маім сэрцы нясцерпнае жаданне як найхутчэй убачыць наш родны дом у Літве, маю радню». У 1884-м Ігнат Дамейка прыбывае ў Мядзвядку каля Міра, дзе прайшло ягонае дзяцінства і дзе ў мясцовай уніяцкай царкве прыняў першае прычасце. Чатыры наступныя гады жыве ў Жыбартаўшчыне каля Дзятлава разам з дачкою Анітай і ейным мужам. Піша трохтомнік «Маё падарожжа. Дзённікі выгнанніка» – па-польску, але тут багата беларускіх словаў (кшталту «навальніца», «жарства»), прыслоўяў («ахвота горш няволі», «сабаку за дзверы не выганіш», «як аб сцяну гарохам» і іншых), прыказак («знікае, як цукар у крынічнай вадзе», якую пазней сустракаем і ў Якуба Коласа ў «Новай зямлі» ды шмат іншых).

Але на месцы Ігнату Дамейку не сядзіцца, таму здзяйсняе паломніцтва ў Святую зямлю, падарожнічае па Еўропе ды пастанаўляе яшчэ раз наведаць Чылі, каб дапамагчы сваім сынам уладкавацца. Падчас марскога падарожжа праз Атлантыку і далей праз Ціхі акіян у Ігната Дамейкі ў лістападзе 1888-га абвастрылася хвароба страўніка. Здавалася, на нейкі час стан палепшыўся, Дамейка нават піша некалькі вясёлых вершаў у Жыбартаўшчыну, абяцае канчаткова вярнуцца на радзіму. Але 13 студзеня 1889 года памірае ў Сант’яга. У дзень смерці Ігната Дамейкі ў Рэспубліцы Чылі абвесцілі нацыянальную жалобу.

Імем Ігната Дамейкі назвалі адкрыты ім мінерал дамейкіт і аманіт (аманітас дамейканус), акамянелы малюск (наўтылус дамейкус), фіялку (віёла дамейкана), а таксама шэраг іншых раслінаў, сярод якіх нават кактус. У 1975 годзе ў ягоны гонар назвалі астэроід – 2784 Дамейка. Таксама ягонае імя носяць 140 паселішчаў у Чылі, у тым ліку порт на поўдні краіны ў Араўканіі (Пуэрта-Дамейка), частка Кардыльераў даўжынёю 350 км – Кардыльеры Дамейка, выяўлены тут род птэразаўраў – дамейкадактылус.

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў