Польшча хоча размясціць у сябе амерыканскую ядравую зброю


Прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі зрабіў заяву пра тое, што Польшча мае намер размясціць у сябе ядравую зброю ў адказ на дзеянні Расеі, звязаныя з размяшчэннем тактычнай ядравай зброі ў Беларусі.

Польскі прэм’ер Матэўш Маравецкі.
Фота: Аляксей Вітвіцкі / Forum

Заява была зробленая падчас прэс-канферэнцыі, якая праводзілася па выніках саміту Еўразвязу ў Бруселі.

«У сувязі з тым, што Расея мае намер размясціць тактычную ядравую зброю ў Беларусі, мы звяртаемся да ўсяго NATO, каб узяць удзел у праграме «Nuclear Sharing», – прыводзіць словы польскага прэм’ера «РИА Новости».

Матэўш Маравецкі адзначыў, што «мы не хочам сядзець склаўшы рукі, пакуль Пуцін нарошчвае разнастайныя пагрозы».

Таксама паведамляецца, што польскі прэм’ер падкрэсліў: ён хацеў бы, каб ядравая зброя была размешчаная ў Польшчы як мага хутчэй.

«Канчатковае рашэнне будзе залежаць ад нашых партнёраў з ЗША і NATO. Мы заяўляем аб жаданні дзеяць хутка ў гэтым плане», – цытуе Маравецкага «Polsat».

У межах «Nuclear Sharing» еўрапейскія краіны – удзельніцы NATO размяшчаюць і захоўваюць у сябе амерыканскую ядравую зброю. З лістапада 2009 года ў рамках праграмы ядравая зброя ЗША размяшчаецца ў Бельгіі, Нямеччыне, Італіі, Нідэрландах, а таксама ў Турцыі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў