Мінабароны Польшчы: Рызыка правакацый з боку Беларусі павышаецца з-за вагнэраўцаў


Намеснік міністра нацыянальнай абароны Польшчы Войцех Скуркевіч сцвярджае, што, паводле ацэнак польскіх спецслужбаў, колькасць вагнэраўцаў у Беларусі не меншая за 8 тысячаў і яны могуць стаць прычынай правакацый на беларуска-польскай мяжы.

Намеснік міністра нацыянальнай абароны Польшчы Войцех Скуркевіч.
Фота: Polsat News

У эфіры Polskie Radio, Войцех Скуркевіч адзначыў, што ў Беларусі зараз знаходзіцца не менш за 8 тысяч наймітаў ПВК Вагнэра. Прычым «бліжэйшым часам іх колькасць можа вырасці», адзначыў прадстаўнік міністэрства нацыянальнай абароны.

Скуркевіч таксама лічыць, што з’яўленне вагнэраўскіх наймітаў робіць вышэйшай рызыку правакацыяў з боку Беларусі, асабліва напярэдадні саміту НАТО, які мае адбыцца 11–12 ліпеня ў Вільні.

«Мы чакаем, што могуць пайсці рознага кшталту правакацыі, таму што польска-беларуская або літоўска-беларуская мяжа – гэта межы ўсходняга флангу НАТО. Тыя, хто сёння знаходзіцца ў Беларусі, хто, магчыма, будзе пераведзены ў бліжэйшыя гадзіны ці ў бліжэйшыя дні ў Беларусь, я маю на ўвазе групу Вагнэра, могуць быць выкарыстаны для розных рэчаў, напрыклад, каб падтрымаць гэты міграцыйны ціск на мяжу, змяшаўшы іх у групах імігрантаў, якія фарсіруюць нашую мяжу», – адзначыў Войцех Скуркевіч. Таксама ён дадаў, што Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы «не можа выключыць такіх сітуацый», што патрабуе асаблівай пільнасці.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў