Лукашэнка не зразумеў, якую рэзервовую валюту ад яго хоча Масква. Спрабуем патлумачыць


Аляксандр Лукашэнка 29 траўня на сустрэчы са старшынёй Цэнтрабанку Расеі адклаў пытанне адзінай валюты з Расеяй і выказаў неразуменне ідэі «ну, тыпу рэзервовай валюты там і гэтак далей». У эканаміста ёсць тэорыя аб тым, што гэта можа значыць.

У паказанай у дзяржаўных медыях частцы размовы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй расейскага Цэнтрабанку Эльвірай Набіулінай было мала канкрэтыкі. Але Лукашэнка з усмешкай казаў, што не зусім разумее, аб якой рэзервовай валюце яны з іншымі кіраўнікамі дзяржаваў шмат размаўляюць – хацеў пачуць, калі гэта будзе і як гэта будзе развівацца. Прасіў таксама расказаць, што за «лічбавы рубель» і як да яго будуць рухацца, але падкрэсліў, што галоўнае – рэзервовая валюта і дэдаларызацыя, бо мусяць з’явіцца нейкія новыя рэзервовыя валюты.

Што наогул такое рэзервовая валюта і «лічбавы рубель»?

«Лічбавы рубель» – гэта толькі праект расейскага Цэнтрабанку, які пакуль на стадыі пілотных аперацыяў. Мяркуецца, што ён будзе роўны наяўнаму і безнаяўнаму рублю ў вартасці, але будзе захоўвацца не ў папяровай форме ці на банкаўскіх рахунках, а ў лічбавых гаманцах на платформе Банку Расеі, і аперацыі будуць праводзіцца між такімі гаманцамі праз мабільныя праграмы і інтэрнэт-банкі. Гэта не крыптавалюта, а хутчэй «рахунак у Цэнтрабанку», грошы з якога можна пераводзіць толькі на іншы «рахунак у Цэнтрабанку». Беларускі Нацбанк пакуль не збіраўся далучацца да эксперыментаў, але дапускаў выкарыстанне «лічбавага рублю» ў міжнародных плацяжах.

Паводле звестак Міжнароднага валютнага фонду, галоўная рэзервовая валюта ў свеце – долар Злучаных Штатаў, у якім на канец 2022 года трымалі 58,36 % рэзерваў. Яшчэ 20,47 % рэзерваў было ў еўра. На ену і фунт стэрлінгаў прыпадала адпаведна 5,51 % і 4,95 %. Яшчэ па пары адсоткаў – на юань, аўстралійскі і канадскі долар. На іншыя валюты – менш за 4 %.

Экономист Дмитрий Крук, Исследовательский центр BEROC
Дзмітрый Крук, эканаміст і старшы навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтру (BEROC). Кіеў, Украіна. 16 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

Навуковы супрацоўнік беларускага даследніцкага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук у каментары «Белсату» тлумачыць: рэзервовая валюта – гэта звычайная нацыянальная валюта адной краіны, міжнародна прызнаная прыдатнай да трымання ў ёй рэзерваў. Калі кажуць пра рэзервовыя валюты, маюць на ўвазе звычайна тыя, што ў кошыку Міжнароднага валютнага фонду (долар, еўра, юань, ена і фунт). Проста сказаць, што «мая валюта рэзервовая», недастаткова.

Пад «новай рэзервовай валютай» у расейскіх медыях звычайна маюць на ўвазе ідэю новай валюты блоку BRICS – Бразіліі, Расеі, Індыі, Кітаю і Паўднёвай Афрыкі. Ідэя пакуль «сырая», не сфармуляваная да канца. Мяркуецца, што валюта можа быць забяспечаная ці то кошыкам валютаў дзяржаваў BRICS, ці нават рэдказямельнымі металамі і правамі на зямлю. Упершыню пра ідэю загаварыў летам 2022 года Уладзімір Пуцін, ідэю падтрымаў прэзідэнт Бразіліі.

Ідэю збіраюцца абмеркаваць на саміце BRICS у Паўднёвай Афрыцы ў жніўні 2023 года – на тым самым, на які Пуціна прасілі не прыязджаць, каб не давялося яго арыштоўваць паводле ордару Міжнароднага крымінальнага суду як падазраванага ў ваенных злачынствах.

Што з таго Беларусі?

Крук падкрэслівае, што не ведае, аб чым канкрэтна Лукашэнка дамаўляўся з Расеяй. Магчыма, размова заходзіла і пра валюту BRICS, але гэта «асобная сюжэтная лінія», у якой незразумела, як прывязаная Беларусь.

Беларусь трымае частку сваіх рэзерваў у золаце, частку ў спецыяльных правах пазычання, частку ў замежных валютах. Колькі ў чым, засакрэцілі мінулым летам, але на 1 ліпеня 2022 года з усіх рэзерваў эквівалентам 7,5 млрд долараў у замежных валютах было 3 млрд (колькі ў якіх валютах, не паведамлялі).

У фантастычным сцэнары, які ўяўляе Крук, Беларусі было б крыху прасцей з новай рэзервовай валютай. Частка рэзерваў Беларусі, што была ў еўра, ужо заблакаваная ў выніку леташніх санкцыяў – рызыкоўна трымаць рэзервы ў іншых агульнапрызнаных рэзервовых валютах.

«Можна свае рэзервы перавесці і ў венесуэльскі балівар, але гэта пагражае тым, што гэтая частка рэзерваў можа абясцэніцца», – адзначае Крук.

Венесуэльский боливар
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уцекачы з Венесуэлы прадаюць сувеніры, плеценыя з венесуэльскіх балівараў – валюта настолькі хутка абясцэньвалася, што папяровыя грошы гублялі сэнс: у пэўны момант пакет рысу каштаваў кучу балівараў, у чатыры разы большую за сам пакет. Багата, Калумбія. 19 лістапада 2019 года.
Фота: Reg Natarajan / Flickr, CC BY 2.0

Важна тое, што рэзервовая валюта мусіць быць «сімвалам стабільнасці»: статус рэзервовай нейкая валюта атрымлівае, калі кіруецца вялікай па сусветных мерках эканомікай з устойлівымі эканамічнымі паказнікамі кшталту інфляцыі і росту валавага ўнутранага прадукту.

Калі патэнцыйная валюта BRICS будзе адпавядаць якасным характарыстыкам, няма праблемы захоўваць у ёй рэзервы, працягвае ён. Тэарэтычна, такое можа і здарыцца, але практычнае выкананне гэтага ў бліжэйшыя 5, 10 ці 15 гадоў Крук называе маларэалістычным.

Галоўнае не гэта, а пераход на расейскі рубель?

Крук лічыць, што Расея, хутчэй за ўсё, будзе працягваць ставіць пытанне аб увядзенні расейскага рублю ў Беларусі – магчыма, «пад соўсам аб’яднання ў межах Еўразійскай эканамічнай супольнасці», але хутчэй, будуць наўпрост «рубам ставіць пытанне». Магчыма, цяпер Расея робіць «першы заход, каб прамацаць глебу», а астатняе – новая рэзервовая валюта і «лічбавы рубель» – прыйшлося проста «да тэмы».

«Калі глядзець адказы, што там Лукашэнка казаў, відавочна, што ён гэтаму будзе супраціўляцца, – упэўнены Крук. – Расейскі рубель – гэта такая ўжо візуалізаваная інкарпарацыя Беларусі ў Расею».

Ён згадвае, як Беларусь і Расея ў 2022 годзе падпісалі дамову пераходу на адзіную валюту і як дзяржавы абсалютна ўпэўнена заяўлялі, што на адзіную валюту пяройдуць у 2005-м. Але, як кажа Крук, «у выніку асэнсавання таго, што гэта фактычна крыж на беларускай незалежнасці» адзінай валюты не змянілася, а справа з таго часу не прасунулася. Праўда, калі да 2020 года Лукашэнка мог супрацьстаяць Расеі, то цяпер, мяркуе Крук, «пад маркай так званай паглыбленай інтэграцыі» Лукашэнка «фактычна робіць усё, што хочуць расейцы».

Hавiны
У Расеі назвалі ўмовы для ўвядзення адзінай валюты Саюзнай дзяржавы
2023.04.11 11:13

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў