Магла стаць першай кіраўніцай Беларусі: няскораная Ларыса Геніюш


40 гадоў таму невялічкі гарадок Зэльва перажыў шматтысячную маніфестацыю, першую сапраўды народную ў Беларусі за шмат гадоў, а не кантраляваную савецкай уладай. Зэльвенцы ішлі да праваслаўнай царквы на адпяванне і пахаванне Ларысы Геніюш.

Ларыса Геніюш у 1927 годзе. Крыніца: getarchive.net

Напярэдадні 40-годдзя самай масавай акцыі ў Беларусі, якая адбылася 7 красавіка 1983 года і сталася першым прадвеснем «Адраджэння», улады знеслі помнік няскоранай Ларысе Геніюш, якая пісала:

Адзінай мэты не зракуся,

і сэрца мне не задрыжыць:

як жыць – дык жыць для Беларусі.

А без яе – зусім не жыць.

Камуністы рэпрэсавалі ўсю сям’ю

Ларыса Міклашэвіч (па мужу – Геніюш) нарадзілася 9 жніўня 1910 года ў фальварку Жлобаўцы, што каля вёскі Воўпа на Ваўкавышчыне. Фальварак знік на ейных вачах: зямлю забралі ў калгас, а хату з гумном перавезлі ў Ваўкавыск.

З дзяцінства Ларыса захаплялася навукай, паэзіяй і беларушчынай. Да апошняга бацька Антон Міклашэвіч ставіўся асабліва скептычна, але ўсё роўна выпісваў для дачкі беларускія газеты, нягледзячы на пагрозы штрафам з боку польскіх уладаў. Самога Антона Міклашэвіча арыштавалі і расстралялі ў хуткім часе пасля «ўз’яднання» Заходняй Беларусі з БССР у 1939 годзе. Маці і двух сясцёр Ларысы саслалі ў Казахстан. Саму ж яе ўратавала тое, што ў гэты час яна пераехала да мужа ў Прагу (Чэхаславаччына).

Пераезд у Прагу

Яшчэ ў 1935 годзе Ларыса пабралася шлюбам з медыкам Янкам Геніюшам, які навучаўся ў Празе. Менавіта туды з нованароджаным сынам Юркам Ларыса і пераехала напрыканцы 1937 года. Але разам у адной кватэры маладая сямʼя правяла ўсяго некалькі дзён, пакуль сын не зламаў у бацькавым гадзінніку стрэлкі.

Тады Янка Геніюш, які падпрацоўваў рэпетытарствам, перавёз жонку з малым дзіцём у іншую кватэру. Тая месцілася ў доме ў прыгарадзе Можаны, дзе жылі Васіль Захарка і Марыя Крачэўская, удава старшыні Рады БНР Пятра Крачэўскага. З імі Ларыса Геніюш моцна пасябравала. Яна хутка вывучыла чэшскую мову, але галоўным сваім здабыткам лічыла выхаванне: «Культура, якую я вынесла са свайго дому, нічуць не ўступала хвалёнай еўрапейскай. Чэснасць і ветлівасць, праўдзівасць і смеласць, гасціннасць, ахвярнасць і крыху такі розуму адразу пакарылі тых, якія мяне ведалі».

Сям’я Геніюшаў. Крыніца: Wikimedia Commons

«Ад родных ніў»

Яшчэ ў Жлобаўцах Ларыса пачала спрабаваць пісаць вершы, якія лічыла празмерна жаноцкімі і не вартымі друку. Усё змяніла Другая сусветная вайна, калі менавіта ў такой форме яна бачыла дапамогу суайчыннікам, каб адцягнуцца ад акупацыйнай рэчаіснасці. У 1942 годзе ў Празе выйшаў зборнік ейных вершаў «Ад родных ніў». Яе друк падтрымалі чэхі. Адзін з крытыкаў нават пісаў, што гэта кніга – «гордая, чыстая, не халуйская ў гэты час жудасны». Ёй закідалі, чаму ў зборніку няма вершаў у гонар Адольфа Гітлера ці хоць ягонага партрэту, яна нават адмаўлялася ад атрымання за яе ганарару, бо лічыла, што «мець магчымасць працаваць для культуры свайго народу – гэта велічна ўжо само па сабе, а ўздымаць яго адраджэнне – гэта як маліцца Найвышэйшаму, які дае нам мудрасць і сілы, каб узняць свой народ».

Ледзь не стала першай жанчынай на чале Беларусі

14 сакавіка 1943 года яе выклікалі ў шпіталь у Празе, дзе ад туберкулёзу паміраў Васіль Захарка. На смяротным ложку той прызнаўся, што быў адным з творцаў Беларускай Народнай Рэспублікі, а пасля смерці старшыні Рады БНР Крачэўскага сам ёсць кіраўніком БНР. Цяпер жа Захарка хацеў перадаць свае паўнамоцтвы Геніюш. Але тая запярэчыла: «Няма адпаведнага чалавека, ёсць толькі такая жанчына, а жанчына не можа быць прэзідэнтам. Што ж, гэта быў 1943 год… Не, кажу, так рабіць нельга! Нельга браць у магілу ідэі незалежнасці нашага народу!» Тады Геніюш прапанавала асобу Міколы Абрамчыка, які і зрабіўся старшынём Рады БНР, а Ларыса Геніюш – генеральным сакратаром ураду БНР. Быў атрыманы ў спадчыну і архіў БНР, які Абрамчык пазней вывез з Прагі.

Ларыса Геніюш у 1937 годзе. Крыніца: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва

«Бить ее, допрашивать день и ночь»

Пасля вайны сям’я Геніюшаў жыла ў Празе, але 5 сакавіка 1948 года Янка і Ларыса былі арыштаваныя чэхаславацкімі ўладамі і 12 жніўня перададзеныя ў СССР. Ад Геніюшаў патрабавалі выдаць камуністам архівы БНР, але ўсё марна. У 1949 годзе Ларысу Геніюш прывялі на допыт асабіста да Лаўрэнція Цанавы, міністра дзяржбяспекі БССР:

– Аддай архіў, аддай архіў БНР!

– Няма ў мяне яго, і я не ведаю, дзе ён!

– Бить ее, допрашивать день и ночь, – запатрабаваў Цанава ад падначаленых.

І яны збівалі, пагражалі сексуальным гвалтам, а калі прывялі ў камеру, ёй здалося, што гэта апошнія ейныя хвіліны, і што муж, дазнаўшыся пра смерць жонкі, не стрывае таксама больш катаванняў у сталінскай вязніцы: «У камеры я страціла сілу духу й кінулася на калені, як заўсёды перад нарамі, і замерла, абсалютна замерла ў малітве, як быццам перастала жыць. З калень я ўстала другім чалавекам, па-новаму нейкім сільным і зусім спакойным. Для мяне існавала толькі цяпер мая Радзіма».

Ларыса Геніюш апавядала, што ў гэты самы момант, калі адчувала подых смерці, зразумела, што адзінай ейнай зброяй у змаганні з шайтанскім рэжымам ёсць «невысказана вялікая любоў да Беларусі, чэснасць жыццёвая й мой талент». І яна трывала, нават пасля таго як разам з мужам была асуджаная на 25 гадоў зняволення.

Катаванні, якія яна перажыла ў савецкіх лагерах у Інце і Абезі, тыя цяжкасці, з якімі яна сутыкнулася і якія падобныя на тыя, што перажываюць палітзняволеныя сёння ў Беларусі, паэтка занатавала на старонках сваёй споведзі, перададзенай незадоўга да ейнай смерці ў 1982 годзе Міхасю Чарняўскаму.

«Споведзь»

«Споведзь» надрукавалі ўжо пасля падзення Савецкага Саюзу, у 1993 годзе. Ларыса Геніюш пісала яе як зварот да сына, адарванага ад бацькоў на доўгія, жудасныя гады: «Нічога не было для мяне немагчымага ў жыцці. Я ўмела выйсці з любой бяды, бо кожнаму змагла лагічна даказаць сваю праўду. Я не магла ратавацца толькі ад саветаў, бо тут была адна толькі магчымасць: прадаць сумленне, чорнае назваць белым, адрачыся ад Хрыста і ўпасці на твар перад Сталіным. Не, не, не!!! Даруй, малы пакінуты юнак, даруй, мой сын… Хачу, каб некалі ты зразумеў мяне, каб дараваў свае мучэнні. Не было ў мяне выбару, сын, – Бацькаўшчына і яе інтарэсы важней за цябе, за мяне, за нашага тату…»

Паўліна Мядзёлка, Ларыса і Янка Геніюшы, Ніна Лойка ў Зэльве ў 1968 годзе. Крыніца: Радыё «Свабода»

Зэльва

Ларысу і Янку Геніюшаў вызвалілі ў 1956 годзе пасля распачатага змагання з культам асобы Сталіна. Ім не далі вярнуцца ў Чэхаславаччыну, грамадзянамі якой яны былі, і дазволілі пасяліцца ў Зэльве пад наглядам КГБ. Тут Ларыса Геніюш працавала ў паліклініцы і была сведкай таго, як над ейным народам ставяць савецкі эксперымент: «Працуючы сястрой-гаспадыняй больніцы, з жахам я глядзела на трупікі ў сметніку, у рэчцы Зальвянцы. Калі чысцілі ўборную, дык іхнія галоўкі затыкалі шланг і трэба было яго дадаткова чысціць… О мае ненароджаныя Купалы, можа, Багдановічы, а можа, і Кастусі… Засталіся зубры ў Белавежы, якіх, праўда, па-расейску гутарыць не навучаць, яны не людзі».

Помнік

Помнік Ларысе Геніюш у Зэльве да знікнення.
Фота: Чытачы «Белсату»

Чаму ж у Зэльве прыбралі помнік Ларысе Геніюш? Гэты помнік месціўся побач з праваслаўнай царквой, якую сама Геніюш шанавала і падтрымлівала, нягледзячы на ганенні на рэлігію ў СССР. Пра гэта сама паэтка сказала ў сваёй «Споведзі»:

«Я пазнавала савецкую сістэму, і рабілася яна мне зусім зразумелай, нічога тут велікадушнага й чалавечага не было. З волі прыходзілі яшчэ арыштаваныя, яны расказвалі, як бядуе народ, як ставяцца для супрацоўнікаў МГБ новыя будынкі, па-сталінску ўпрыгожаныя звонку, па-сталінску, толькі для малых і вялікіх берыяў. У першую чаргу для іх, з усімі выгодамі, а людзі амаль у зямлянках, ніякай літасці над імі — тут такое слова не ўжываецца, паняцце такое — яно «буржуазнае». Культ Сталіна, культ начальства — нізкарабскія астаткі арды.

«Ничего нет незаменимого» — савецкі дэвіз. Знача: можна замяніць паэта трактарыстам, родную маці — ліхой надзоркай у дзіцячых калоніях, замучанага бацьку — «отцом народов» і забойцаю № 1 — Сталіным. Жыццё ў штучнай каляіне, людзі, дэзарыентаваныя, забываюцца, што яны людзі… Прагрэс — гэта мудрасць. Нехта сказаў, што гэта не робяць вучоныя, бо вучоныя эксперыментуюць на сабаках. Саветы — на людзях».

Цяпер гэты эксперымент працягвае лукашэнкаўскі рэжым. Інакш не можа дзеяць акупацыйны рэжым, які вынішчае святыні захопленага народу, каб той не паўстаў.

Гісторыі
Беларускія жанчыны, якімі мы можам ганарыцца
2023.03.08 12:49

Барыс Булат belsat.eu 

Стужка навінаў