«Адна з самых фрэндлі краінаў». У Літве змякчаць скандальны «антыбеларускі» законапраект


Дэпутат Сейму Літвы Томас Тамілінас паведаміў «Белсату», што канчатковае ўхваленне законапраекта аб абмежаваннях у дачыненні беларусаў і расейцаў плануецца 4 красавіка. Да гэтага часу будуць разглядацца розныя папраўкі. Кіраўнік фонду «BySol» Андрэй Стрыжак у каментары «Белсату» заўважыў: так працуе дэмакратыя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святкаванне Дня Волі у Вільні, Літва. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Белсат

«Гэта ўрад прынёс такі закон», – заявіў «Белсату» літоўскі дэпутат Томас Тамілінас, адзначыўшы, што не Сейм прапаноўваў увесці «драконаўскія» абмежаванні супраць беларусаў.

«Законапраект у такім выглядзе прынесла літоўская прэм’ер-міністарка з міністрамі. А ў Сейме атрымалася жорсткія змены прыпыніць, трошкі палепшыць сітуацыю. Вельмі дзіўна, што прапанова прыпыніць выдачу ВНЖ прыйшла з ураду, бо столькі людзей працуе і яшчэ прыязджае працаваць», – сказаў Тамілінас.

Ён паведаміў, што канчатковае галасаванне адбудзецца ў аўторак, 4 красавіка, і да гэтага часу яшчэ будуць разглядацца розныя папраўкі:

«Сам законапраект разлічаны на год, аднак ёсць папраўка, каб адмыслова для беларусаў рэгуляцыя з ВНЖ была б меншая па часе. Ёсць яшчэ прапанова, каб беларусы змаглі падаваць на літоўскае грамадзянства без перашкодаў з большага».

Таксама не выключана, што беларусам не будуць забараняць пакупку нерухомасці ў Літве, а абмежаванні на выдачу ВНЖ пачнуць дзеяць з 1 ліпеня, а не з красавіка, як чакалася.

«Б’юць па мордзе»

Нягледзячы на ўсе абмежаванні, Літва застаецца «адной з самых фрэндлі краінаў для беларусаў», сказаў у каментары «Белсату» кіраўнік фонду «BySol» Андрэй Стрыжак.

«Літоўцы разумеюць розніцу, што ёсць лукашысты, а ёсць прадэмакратычныя беларусы – гэта вельмі важна. Шмат хто ва Украіне, напрыклад, не робіць розніцы, а Украіна мае вельмі вялікае лобі ў Еўропе і часам бывае так, што гэта ідзе ўразрэз з беларускімі інтарэсамі. У выніку б’юць па пашпарце, а фактычна – па мордзе ўсім», – канстатаваў Стрыжак.

Ён адзначыў, што гэты скандальны законапраект дэ-факта замацоўвае шмат з тых абмежаванняў, якія дзеяць ужо даўно, ад абвяшчэння ў Літве надзвычайнага становішча праз міграцыйны крызіс.

Каментар
«Пазіцыя ЗША толькі ўзмацнілася». Дарадца Ціханоўскай падвёў вынікі візіту
2023.03.30 19:29

«Пасля ўхвалення законапраекта ў першым чытанні пачаліся дастаткова бурныя дыскусіі і не толькі ў беларускай супольнасці, а таксама і ў літоўскай экспертнай супольнасці. Закон вельмі хутка прымаецца, няма належнай юрыдычнай экспертызы», – заўважыў суразмоўца«Белсату».

Менавіта праз юрыдычныя заганы гэты нарматыўны акт можа прынесці Літве шмат праблемаў. Некаторыя ягоныя палажэнні могуць быць прызнаныя дыскрымінацыйнымі. Таму абскарджанне закона ў літоўскіх судах ці на ўзроўні ЕСПЧ выглядае вельмі перспектыўным, мяркуе кіраўнік «BySol».

«Літва – гэта дэмакратыя. Тут ёсць магчымасць пачуць розныя галасы, у тым ліку галасы беларусаў і тых актараў, якія ад імя беларусаў выступаюць», – падсумаваў Стрыжак.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў