Улады вызначылі лёс двух даўгабудаў у Менску: адзін дабудуюць, другі знясуць


У сталічным гарвыканкаме паведамілі, што комплекс «Магніт Менску» на праспекце Незалежнасці дабудуюць за кошт бюджэту, а будынак былога кінатэатру «Сучаснік» на Харкаўскай вуліцы дэмантуюць. З першым аб’ектам не далі рады іранцы, з другім – туркі, піша агенцтва «Минск-Новости».

Будоўля комплексу «Магніт Менску».
Фота: Сняжана Інанец / onliner.by

Шматфункцыйны комплекс «Магніт Менску» мусілі здаць у эксплуатацыю яшчэ 10 гадоў таму. Будоўля на перакрыжаванні праспекту Незалежнасці і вуліцы Кірылы Тураўскага пачалася ў 2009-м. Іранскі інвестар абяцаў «цуд з бетону і шкла», дзе планаваўся бізнес-цэнтр, гатэль, дзіцячы цэнтр, коўзанка, шматзалавы кінатэатр, страўні і крамы. Аднак праз праблемы з фінансаваннем комплексу так і не дабудавалі.

Праект комплексу «Магніт Менску».
Фота: «Минск-Новости» / minsknews.by

У камітэце будаўніцтва і інвестыцыяў Менскага гарвыканкаму паведамілі, што працы завершаць за кошт бюджэту. Там будзе месціцца Беларускі гандлёвы дом з айчыннаю прадукцыяй і арэнднае жытло. На пляцоўцы ўжо распачалі частковы дэмантаж.

«З фасаду будуць здымацца вітражы, бо завяршыць аздабленне ў ранейшым выглядзе ўжо немагчыма. Таму аблічча будынку трохі зменіцца: замест суцэльнага шклення з’явяцца сцены і звычайныя вокны ў жылой частцы. Намячаецца паралельнае праектаванне і будаўніцтва абʼекта», – праінфармавалі ў выканкаме.

Цяпер комплекс плануюць увесці ў эксплуатацыю да канца года.

Былы кінатэатр «Сучаснік» у Менску.
Фота: wikimapia.org

Улады таксама пастанавілі знесці будынак на Харкаўскай вуліцы, дзе раней месціўся кінатэатр «Сучаснік». Яго закрылі ў 2002 годзе праз малую папулярнасць. У 2011-м турэцкі інвестар прапанаваў стварыць там культурніцка-забаўляльны цэнтр з гатэлем, дыскаклубам, кіназалаю, спартовым цэнтрам. Працы пачаліся ў 2013-м, але праз 3 гады аб’ект закансервавалі.

Будынак сканфіскавалі ў інвестара, кампаніі «Менск Прынцэс Гатэль». Цяпер рыхтуюцца дакументы для зносу.

«Сёлета пляцоўку вызваляць і ўпарадкуюць. Іншае будаўніцтва тут пакуль не плануецца», – заявілі ў Менскім гарвыканкаме.

Аналітыка
Даўгабуды Менску: чыя гэта безгаспадарлівасць і што з імі рабіць? Гутарым з урбаністкай
2022.08.29 08:31

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў