«Трэба пачакаць». Ветка на Гомельшчыне засталася без вады


Камунальная аварыя ў Ветцы ў Гомельскай вобласці прывяла да адлучэння водазабеспячэння. Як стала вядома «Белсату», пашкоджанне адбылося на каналізацыйнай помпавай станцыі. Вярнуць ваду плануюць цягам некалькіх гадзінаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pexels.com

Ветка, дзе жывуць 8500 чалавек, засталася без вады. Пра гэта мясцовая раённая газета «Голас Веткаўшчыны» паведаміла ў сваім акаўнце ў Instagram.

«Адміністрацыя КЖУП «Веткаўскае» паведамляе, што 30 студзеня прыкладна да 20:00 будзе адсутнічаць вада ў звязку з аварыйнаю сітуацыяй. КЖУП «Веткаўскае» просіць прабачыць за часовыя нязручнасці».

«Белсату» стала вядома, што перабоі з вадою пачаліся праз аварыю на каналізацыйнай помпавай станцыі. Тэрміновы рамонт ужо завяршыўся, падачу вады ўзнавілі, запэўнілі на прадпрыемстве:

«У нас была аварыя, ваду ўжо далі на горад, чакайце. Жыхары першых і другіх паверхаў тэлефанавалі, казалі, што вада ёсць. Трэба пачакаць, пакуль слабы напор. Да пяці гадзінаў мусіць усё наладзіцца».

Праз аварыю зарганізавалі падвоз пітной вады жыхарам аўтацыстэрнаю. На горад вылучылі адну машыну.

Намеснік старшыні Веткаўскага райвыканкаму Андрэй Харыбін удакладніў, што аварыя на каналізацыйнай станцыі адбылася яшчэ ўначы: зламалася адна помпа, а потым і рэзервовая. Каб з’явілася магчымасць адпампаваць сцёкі і распачаць рамонт, ваду перакрылі.

Намеснік старшыні Веткаўскага райвыканкаму Андрэй Харыбін.
Фота: «Голас Веткаўшчыны» / Instagram

Гэта не першы такі выпадак у беларускіх гарадах за апошні час. У сярэдзіне студзеня ў Пружанах вады не было амаль два дні, таксама праз аварыю на каналізацыйнай станцыі. 27 студзеня паведамлялі пра адлучэнне водазабеспячэння амаль ува ўсім Лагойску. 21 студзеня перабоі з вадою і электрычнасцю адзначаліся ў некалькіх раёнах Віцебску.

Камунальныя аварыі падрабязна асвятляюць незалежныя медыі, і гэта не спадабалася міністру інфармацыі Уладзіміру Пярцову. Раней ён назваў гэта «хайпам на дробных тэмах»:

«Разгойдваюцца, раздзімаюцца да нездаровага ўзроўню камунальныя праблемы, сітуацыя са школамі і дзіцячымі садамі ды іншыя. Адзін са свежых прыкладаў – праблема водазабеспячэння ў Пружанах. І гэта яшчэ адзін спосаб апанентаў стварыць негатыўны настрой у беларускім грамадстве».

Hавiны
У Пружанах праз камунальную аварыю расставілі біяпрыбіральні і развозяць ваду ў цыстэрнах
2023.01.17 10:29

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў