Летась беларусы і ўкраінцы адкрылі больш за палову новых замежных фірмаў у Польшчы


У 2022 годзе беларусы адкрылі ў Польшчы 1745 новых кампаніяў. Гэта ў два разы больш, чымся ў 2021-м, паведамляе партал money.pl. На 10 студзеня 2023 года ў Польшчы дзеялі 4980 бізнесаў з беларускім капіталам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Адкрытая прастора для каўоркінгу, дзе месціцца Беларускі бізнес-цэнтр. Варшава, Польшча. 22 верасня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

«Безумоўныя лідары – грамадзяне Украіны. У нашай краіне іх запушчана амаль 5000 кампаніяў. У параўнанні з сітуацыяй 2021 года, беларусы ўмацавалі сваё другое месца – амаль 1,7 тысячы кампаніяў (рост на 113 %). Трэцюю пазіцыю захавала Нямеччына – 418. Украінцы і беларусы адкрылі больш за палову ўсіх замежных кампаніяў», – паведамляе партал.

У лідарах – аўтатранспартавы бізнес. Летась на фоне закрыцця еўрапейскіх межаў для перавознікаў з Беларусі ў суседняй Польшчы адкрылася амаль удвая больш такіх кампаніяў, дзе сярод заснавальнікаў – юрыдычная або фізічная асоба з Беларусі.

У тройцы самых папулярных таксама будаўнічыя кампаніі і IT-бізнес. У два разы больш стала кампаніяў, што займаюцца аздобнымі працамі. Прабіліся ў топ-10 уладальнікі цырульняў і касметычных салонаў. Яны выцеснілі аптовых дастаўцаў драўніны, будаўнічых матэрыялаў і сантэхнічнага прыладдзя.

Топ-10 папулярных галінаў, у якія беларусы інвеставалі ў Польшчы ў 2022 годзе. Паводле Centralny Ośrodek Informacji Gospodarczej. Крыніца: officelife.media

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў