Беларусам пачалі прыходзіць смс-паведамленні ад інтэрнэт-правайдара «Космас ТВ» з просьбай дапамагчы фінансава беларускім памежнікам. Пра гэта паведамляе «Наша Ніва».
«Складаная абстаноўка робіць экстрэмальнымі задачы, пастаўленыя перад памежнікамі! Давайце дапаможам палегчыць умовы іх службы!» – гаворыцца ў рассылцы.
У прыватнасці, беларусам прапануецца ахвяраваць грошы на карысць Дзяржаўнага памежнага камітэту.
У ДПК пацвердзілі, што ў рассылцы пазначаны сапраўдны разліковы рахунак, але заявілі, што «ведамства не мае ніякага дачынення да якіх-небудзь дабрачынных фондаў і не звярталася з просьбай пераводу грашовых сродкаў».
Памежнікі просяць «не пераводзіць грошы на ўказаныя рахункі і правяраць інфармацыю ў афіцыйных крыніцах».
У лістападзе «Космас ТВ» рассылаў смс з просьбай вакцынавацца «праз знаходжанне грамадзянаў з Блізкага Усходу». Але пазней рассылку назвалі «тэхнічным збоем».
З чэрвеня 2013 года генеральным дырэктарам «Космас ТВ» з’яўляецца Вадзім Зайцаў, які перад тым чатыры гады ўзначальваў КДБ Беларусі і якога вінавацяць у падрыхтоўцы замахаў на беларусаў за мяжой.
МГ belsat.eu