Каардынацыйная рада стварыла петыцыю супраць прызнання бел-чырвона-белай сімволікі экстрэмісцкай.
Зварот стаў адказам на просьбу сотні беларусаў да Генеральнай пракуратуры забараніць бел-чырвона-белую сімволіку. На гэтай падставе ведамства рыхтуе дакументы для абвяшчэння сцяга і іншай сімволікі ў бел-чырвоных колерах экстрэмісцкай.
«Мы лічым, што забарона на выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі не абгрунтаваная нічым, акрамя палітычнага ціску на грамадзян, нязгодных з дзеяннямі дзейных уладаў. Мы верым, што грамадзяне павінны мець магчымасць звяртацца ў дзяржаўныя органы, патрабаваць прызнання пэўных кампаній, асоб, кветак экстрэмісцкімі. Але мы дакладна ведаем, што забарона бел-чырвона-белай сімволікі – гэта не жаданне народа, а капрыз 100 чалавек», – адзначаюць у КР.
Каардынацыйная рада заклікае паказаць, «што нас нашмат больш за 100 чалавек».
«Падпішыце петыцыю і памятайце, што забарона на выкарыстанне колераў ніяк не зменіць наша агульнае жаданне рухацца да новай Беларусі», – паведамляюць аўтары звароту.
Даумент ужо падпісалі больш як 3000 чалавек.
29 студзеня стала вядома, што «неабыякавыя грамадзяне» накіравалі ў Генпракуратуру зварот, у якім просяць вызнаць бел-чырвона-белы сцяг экстрэмісцкім. Адпаведны пакет законаў ужо рыхтуюць.
Святлана Ціханоўская заявіла, «што забарона сімволікі нічога не зменіць у галовах людзей».
«Беларусы больш не лічаць яго прэзідэнтам. Усё, на што яго хапае – імітацыя народнай падтрымкі і барацьба з сімваламі свабоды. Па сутнасці, рэжым баіцца злучэння двух колераў. Але, забараняючы нацыянальную сімволіку і прысвойваючы сабе асабіста дзяржаўную, ён толькі папулярызуе бел-чырвона-белы сцяг сярод народа. Бо ён становіцца сімвалам справядлівасці, гонару і адзінства», – падкрэсліла яна.
Раскрытыкаваў такую ініцыятыву і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Варанецкі. Ён падкрэсліў, што «бел-чырвона-белы сцяг з’яўляўся першым дзяржаўным сцягам нашай адроджанай беларускай дзяржавы», «пад ім яна рабіла першыя крокі па ўмацаванні свайго нацыянальнага суверэнітэту і незалежнасці».
МГ belsat.eu