«Канец не блізкі», а напружанасць расце. Што адбываецца ў вайне Ізраілю і «Хамасу»


Ізраіль цяпер вядзе ў сектары Газа найбольш цяжкія баі з пачатку наземнай аперацыі, страты Цагалю заўважны выраслі. Завяршэння вайны ў найбліжэйшай будучыні не прадбачыцца, пра што адкрыта кажуць ізраільскія ўлады. Адначасова на гарызонце маячыць рызыка больш актыўнага ўмяшання ў канфлікт Ірану ды яго саюзнікаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ізраільскія салдаты нясуць труну сяржанта Ляві Гасі падчас пахавання ў горадзе Мады’ін-Макабім-Рэ’ут (Modi’in-Maccabim-Reʼut). 19-гадовы Гасі быў забіты падчас наземнай аперацыі Цагалю ў сектары Газа. Мады’ін-Макабім-Рэ’ут, Ізраіль. 21 снежня 2023 года.
Фота: Ariel Schalit / AP Photo / East News

Палова шляху пройдзеная – цяпер будзе цяжэй

На мінулым тыдні ў Цагалі заявілі, што ізраільскія вайскоўцы дасягнулі поўнага аператыўнага кантролю над паўночнаю часткаю сектару Газа і цяпер пашыраюць аперацыі на поўдні. Цяжкія баі ідуць у Хан-Юнісе – там, імаверна, хаваецца частка кіраўніцтва «Хамасу». Акрамя таго, дзеянні Цагалю закранаюць лагеры палестынскіх уцекачоў у цэнтральнай частцы анклаву, дзе, як мяркуецца, могуць заставацца тэрарысты. Ізраіль заклікае цывільных асобаў пакідаць гэтыя раёны.

Ізраільскія вайскоўцы заяўляюць пра поспехі ў знішчэнні інфраструктуры «Хамасу»: яны здолелі раскрыць новую сетку падземных тунэляў і шахтаў баевікоў, прарытых у тым ліку пад аб’ектамі цывільнай інфраструктуры, лякарнямі і школамі. Быў знойдзены найбуйнейшы тунэль у сектары Газа: ён мае працягласць 4 км, па ім могуць перасоўвацца нават аўтамабілі. Знішчаныя або захопленыя каля 30 тысяч боепрыпасаў баевікоў.

Поспехі Цагалю суправаджаюцца ростам стратаў. За апошнія шэсць дзён Ізраіль страціў у баях 28 жаўнераў. Агулам колькасць вайскоўцаў Цагалю, забітых з пачатку наземнай аперацыі ў сектары Газа, дасягнула 167 чалавек, а з улікам тэрарыстычнага нападу 7 кастрычніка ў вайне з «Хамасам» загінуў ужо 501 вайсковец. Паводле мерак Ізраілю, гэта вельмі сур’ёзная колькасць: для параўнання, у 2006 годзе падчас вайны супраць групоўкі «Хізбула» ў Ліване загінуў 121 жаўнер Цагалю.

У нядзелю, калі стала вядома пра гібель 14 вайскоўцаў, прэм’ер-міністр Бэньямін Нэтаньягу распачаў паседжанне ўраду са словаў спачування блізкім забітых. Паводле палітыка, «вайна наносіць нам вельмі цяжкія страты, але ў нас няма іншага выбару, акрамя як працягваць змагацца».

На пачатку тыдня Нэтаньягу наведаў ізраільскіх вайскоўцаў у сектары Газа. Пазней, каментуючы свой візіт, прэм’ер ізноў паўтарыў, што Ізраіль спыняцца не збіраецца: пра гэта прасілі самыя вайскоўцы. Хуткай перамогі ізраільскія ўлады таксама не абяцаюць.

«Гэта будзе доўгая вайна, яе канец не блізкі», – папярэдзіў Нэтаньягу.

Гэта разумеюць усе. Рэдактар і заснавальнік выдання «The Times of Israel» Давід Горавіц у сваім артыкуле канстатуе, што ў тэрытарыяльным плане заданне наземнай аперацыі напалову выкананае, аднак «другая палова будзе значна цяжэйшая». «Паўднёвая частка сектару Газа ўяўляе сабой яшчэ больш небяспечную і складаную арэну, чымся паўночная», – падкрэслівае ён. У тым ліку гэта звязана з тым, што поўдзень анклаву перанаселены: у пачатку вайны, каб не стацца ахвярамі баявых дзеянняў, туды ішлі цывільныя асобы з паўночных раёнаў.

Начальнік Генеральнага штабу Цагалю Гэрцль Галеві прызнае, што наземная аперацыя можа заняць яшчэ шмат месяцаў: «Не існуе чароўных спосабаў ці найбольш кароткіх шляхоў для фундаментальнай ліквідацыі тэрарыстычнай арганізацыі, акрамя ўпартай і рашучай барацьбы».

Аналітыка
Рызыкі растуць. Тлумачым, што адбываецца ў вайне Ізраілю і «Хамасу»
2023.12.05 07:00

Ціск і падтрыманне на міжнароднай арэне

З палітычнага пункту гледжання, час працуе, хутчэй, супраць Ізраілю: чым даўжэй цягнецца вайна ў сектары Газа, тым вышэйшыя рызыкі на міжнароднай арэне.

Падкантрольныя «Хамасу» палестынскія структуры заяўляюць, што за 11 тыдняў баявых дзеянняў былі забітыя больш за 21 тысячу чалавек – у асноўным дзеці і жанчыны. Спраўдзіць гэта немагчыма, а слепа давяраць нельга, бо тэрарыстаў ужо неаднаразова лавілі на маніпуляцыях і проста хлусні ў гэтым пытанні. Аднак няма сумневаў у тым, што мірнае насельніцтва сектару Газа сапраўды зазнае страшныя страты, а Ізраіль інфармацыйную вайну прайграе: цяпер у цэнтры ўвагі міжнароднай супольнасці – пакуты палестынцаў, а не жудасная тэрарыстычная атака «Хамасу», якая сталася прычынаю вайны.

Таму ў свеце дзеянні Ізраілю жорстка крытыкуюцца. У ААН наракаюць, што ваенная аперацыя ў сектары Газа прывяла да гуманітарнай катастрофы, цывільнае насельніцтва робіцца ахвярай інтэнсіўных ізраільскіх бамбаванняў і наземных баёў. Толькі дзякуючы пазіцыі ЗША – галоўнага саюзніка Ізраілю – з рэзалюцыі Рады бяспекі ААН на мінулым тыдні выключылі заклік неадкладна спыніць вайну.

Пры гэтым падтрыманне з боку ЗША нельга лічыць неабмежаваным і безумоўным. Злучаныя Штаты па-ранейшаму падтрымліваюць ваенную аперацыю Ізраілю, але пры гэтым імкнуцца не дапусціць уцягвання ў вайну новых суб’ектаў і не пасварыцца з сяброўскімі арабскімі краінамі. Таму Вашынгтон цісне на Ізраіль, каб пакуты цывільных палестынцаў былі мінімізаваныя. У пачатку снежня міністр абароны ЗША Лойд Остын недвухсэнсоўна папярэдзіў: у адваротным выпадку Ізраіль рызыкуе пераўтварыць тактычную перамогу ў стратэгічную паразу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Салдаты Цагалю стаяць ля ўваходу ў тунэль, які 7 кастрычніка баевікі «Хамасу», як паведамляецца, выкарыстаў для нападу на Ізраіль ля памежнага пераходу Эрэз на мяжы сектару Газа і Ізраілю. 15 снежня 2023 года. 
Фота: Jack Guez / AFP / East News

У канцы мінулага тыдня прэзідэнт Джо Байдэн падчас тэлефонных перамоваў ізноў нагадаў Нэтаньягу пра пазіцыю Белага дому. Амерыканскі лідар падкрэсліў крытычную неабходнасць абараніць мірнае насельніцтва і важнасць даць цывільным асобам магчымасць бяспечна перамяшчацца з раёнаў баявых дзеянняў.

Як зазначае Давід Горавіц у артыкуле «The Times of Israel», пытанне цяпер у тым, ці атрымае Цагаль патрэбны час для разгрому «Хамасу». То бок ці здолее Нэтаньягу забяспечыць неабходнае дыпламатычнае падтрыманне наземнай аперацыі ва ўмовах нарастання занепакоенасці ЗША разбуральнаю тактыкай ізраільскай арміі ды адсутнасцю стратэгіі наконт далейшага лёсу сектару Газа.

Пра закладнікаў дамовіцца не ўдаецца

Пры гэтым новых гуманітарных паўзаў, якія маглі б знізіць градус міжнароднай напружанасці, пакуль не прадбачыцца.

У пачатку мінулага тыдня прэзідэнт Іцхак Гэрцаг заявіў, што Ізраіль гатовы да новай паўзы ў баявых дзеяннях, каб вызваліць закладнікаў і забяспечыць перадачу дадатковай гуманітарнай дапамогі ў сектар Газа. Аднак «Хамас» адмовіўся ад часовага замірэння. Баевікі выставілі яўна непрымальныя для Ізраілю ўмовы: спачатку цалкам спыніць наступ у сектары Газа, вывесці адтуль войскі і вызваліць з турмаў усіх палестынскіх вязняў. «Да канчатковага спынення агню ніякіх абменаў не будзе», – заявіў журналістам прадстаўнік палестынскай групоўкі.

Афіцыйная пазіцыя ізраільскага ўраду палягае ў тым, што без вызвалення закладнікаў ваенная аперацыя не можа быць спыненая. «Мы не дасягнем поспеху ў вызваленні закладнікаў без ваеннага ціску», – падкрэсліў нядаўна Нэтаньягу.

Пазней, як паведамляе «7 канал», Егіпет, які выступае пасярэднікам у перамовах Ізраілю і «Хамасу», прапанаваў план паэтапнага замірэння. Ён залучае стварэнне новага палестынскага ўраду з удзелам прадстаўнікоў групоўкі «Хамас», якую Ізраіль імкнецца знішчыць. У сваім фінальным пункце план прадугледжвае поўны вывад ізраільскіх войскаў з сектару Газа, а ўзамен на гэта тэрарысты адпусцяць усіх закладнікаў. Паводле медыяў, Ізраіль на гэта катэгарычна не пагадзіўся.

Hавiны
Кіраўнік Генштабу Цагалю ўзяў на сябе адказнасць за гібель трох закладнікаў у сектары Газа
2023.12.17 10:19

Іран ды яго саюзнікі актывізаваліся

Палітычны ціск на Ізраіль яшчэ не найгоршае, што можа здарыцца. Па-ранейшаму застаецца рызыка маштабнай эскалацыі канфлікту, і трывожных сімптомаў на гэты конт робіцца ўсё больш.

За апошнія чатыры тыдні еменскія хусіты, якіх падтрымлівае Іран, здзейснілі больш за 100 атак на каля дзесяці камерцыйных і гандлёвых караблёў, што ішлі транзітам праз Чырвонае мора. Гэты пацягнула за сабой збоі ў сусветным гандлі. Некалькі найбуйнейшых лагістычных кампаніяў свету былі вымушаныя або прыпыніць перавозы, або змяніць маршрут.

ЗША 18 снежня абвесцілі пачатак аперацыі «Вартаўнік росквіту» – «важнай новай шматнацыянальнай ініцыятывы» для гарантавання бяспекі марской навігацыі. Фактычна сілы міжнароднай кааліцыі плануюць выконваць ролю дарожнага патрулю ў Чырвоным моры і Адэнскай затоцы, каб рэагаваць і пры неабходнасці дапамагаць камерцыйным караблям.

Аналітыка
Хусіты спыняюць Чырвонае мора, а ЗША збіраюць кааліцыю. Як гэта ўдарыць па гаманцах і свеце
2023.12.27 15:10

Аднак прадстаўнікі хусітаў заявілі, што не спыняць аперацыяў, «нават калі Амерыка мабілізуе ўвесь свет».

24 снежня здарыўся беспрэцэдэнтны выпадак: танкер «Chem Pluto» пад ліберыйскім сцягам трапіў пад удар беспілотніка ў Індыйскім акіяне, то бок вельмі далёка ад Чырвонага мора, дзе дзеюць хусіты. ЗША заявілі, што беспілотнік быў запушчаны з Ірану, але Тэгеран гэтага не прызнае. Інцыдэнт у Індыйскім акіяне даў падставы сусветным медыям казаць пра «новую эскалацыю напружанасці».

Напружанасць яшчэ больш вырасла 25 снежня, калі ў выніку ізраільскага авіяўдару каля Дамаску, сталіцы Сірыі, быў забіты высокапастаўлены дарадца іранскага Корпусу вартаўнікоў ісламскай рэвалюцыі, генерал Саед Рэза Мусаві. Ён каардынаваў вайсковую супрацу паміж Сірыяй і Іранам, адказваў за фінансаванне і даставу зброі праіранскім узброеным фармаванням у рэгіёне, у тым ліку ліванскай «Хізбуле».

Ліквідацыі ворагаў Ізраілю за мяжою – практыка даўняя і вельмі распаўсюджаная. Аднак застаецца адкрытым пытанне, ці было для Ізраілю мэтазгодным праводзіць аперацыю менавіта цяпер, калі сітуацыя настолькі абвостраная.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Знішчаныя будынкі ў горадзе Бэйт-Ляг’я (Beit Lahya) пасля ракетных абстрэлаў на поўначы сектару Газа. 26 снежня 2023 года.
Фота: AFP / East News

Публічная рэакцыя Тэгерану была вельмі рэзкая. Дзяржаўнае тэлебачанне Ірану нават перапыніла эфір, каб абвясціць пра смерць Мусаві. Пахаванне генерала пераўтварылася ў палітычную дэманстрацыю: на цэнтральнай плошчы Тэгерану тысячы іранцаў скандавалі «Смерць Ізраілю» і «Смерць Амерыцы». Улады Ірану паабяцалі адпомсціць за смерць Мусаві. «Безумоўна, узурпатарскі і варварскі сіянісцкі рэжым заплоціць за гэтае злачынства», – заявіў прэзідэнт Ірану Эбрагім Раісі.

Цалкам магчыма, што менавіта гэтым тлумачыцца той факт, што 27 снежня адбыўся найбольш магутны з пачатку вайны абстрэл ізраільскай тэрыторыі праіранскаю групоўкаю «Хізбула». Усяго былі запушчаныя мінімум 34 ракеты, пацярпелых няма. На наступны дзень працягнуліся атакі з выкарыстаннем беспілотнікаў. Акрамя смерці Мусаві, у «Хізбулы» былі і ўласныя матывы для пашырэння атак: паводле ліванскіх медыяў, у сераду ў выніку ізраільскага авіяўдару на тэрыторыі Лівану загінуў баец «Хізбулы» і два ягоныя сваякі.

Пакуль пра адкрыццё паўнавартаснага другога фронту казаць рана: хаця атакі «Хізбулы» сталі больш інтэнсіўныя, прынцыпова сітуацыя на мяжы Ізраілю і Лівану не змянілася (абстрэлы не ёсць чымсьці новым). Аднак выключаць радыкальны сцэнар усё-такі нельга.

Міністр ізраільскага ўраду Бэні Ганц 28 снежня заявіў, што калі свет і ліванскі ўрад нічога не зробяць для перадухілення абстрэлаў паўночных раёнаў Ізраілю, калі яны не спыняць «Хізбулы», то гэта зробіць Цагаль. Начальнік Генеральнага штабу Гэрцль Галеві адзначыў, што на фоне актывізацыі атак праіранскай групоўкі ізраільскія вайскоўцы цяпер «на вельмі высокім узроўні гатовасці».

«Хізбула» ў сваю чаргу прыгразіла, што калі Ізраіль узмоцніць напады на баевікоў у паўднёвым Ліване, то «вось супраціву» (неафіцыйны альянс праіранскіх груповак на Блізкім Усходзе) ударыць у адказ.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў