Генштаб Польшчы: Паветраную прастору краіны парушыла расейская ракета


Неапазнаны аб’ект, які заляцеў на тэрыторыю Польшчы раніцай 29 снежня, хутчэй за ўсё, быў расейскай ракетай, аб гэтым заявілі ў Генштабе Польшчы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: orda.kz

Гэтая інфармацыя была агучаная падчас нарады Бюро нацыянальнай бяспекі, якая была скліканая пасля інцыдэнту.

«Усё паказвае на тое, што расейская ракета ўвайшла ў паветраную прастору Польшчы. Мы сачылі за ёй, яна пакінула гэтую прастору. У нас ёсць нацыянальныя і саюзніцкія радыёлакацыйныя пацверджанні гэтага», – адзначыў падчас прэс-канферэнцыі, якая праводзілася па выніках нарады, начальнік Генштабу Польшчы Веслаў Кукула.

Аператыўны камандуючы Узброенымі сіламі Польшчы генерал Мацей Кліш назваў мінулую ноч напружанай для Украіны і для ўсіх элементаў польскай сістэмы супрацьпаветранай абароны. Тым не менш ён адзначыў, што сістэмы, якія былі ў ягоным распараджэнні, спрацавалі.

Таксама Мацей Кліш падкрэсліў, што аб’ект, які заляцеў у паветраную прастору Польшчы, знаходзіўся ў ёй менш за тры хвіліны і пасля пакінуў яе. Яму ўдалося праляцець над тэрыторыяй Польшчы каля 40 кіламетраў.

Нагадаем, што раніцай 29 снежня з боку мяжы з Украінай у паветраную прастору Польшчы ўвайшоў неапазнаны аб’ект. Паводле RMF FM, аб’ект, які рухаўся на захад на вялізнай хуткасці, бачылі ў гміне Далгабычаў Люблінскага ваяводства паблізу Пшэводава. Пры гэтым звестак пра выбух не было.

Нагадаем, што сёння ўначы і зранку Расея ўчыніла масаваную паветраную атаку на гарады Украіны: агулам былі запушчаныя каля 110 ракетаў, а таксама дзясяткі дронаў-камікадзэ.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў