Навошта Аляксандр Лукашэнка адпраўляе беларусак у космас?


Натхнёны піцерскай чысцінёй, Лукашэнка не паспеў вярнуцца дадому, адразу ж узяўся за парадак. Нібыта для праверкі, камендатура Мінабароны пераводзіцца з мірнага на ваеннае становішча. Гэта першае, што зрабіў Лукашэнка, прыехаўшы з Расеі, дзе пад патранажам Пуціна браў удзел у нефармальным саміце краінаў СНД. Дарэчы, падобна, што для Лукашэнкі паездка сапраўды атрымалася ўдалай. Наведаў Звёзны гарадок, памацаў аўтамабіль Гагарына, даў наказ будучым беларускім касманаўткам, прывёз дамоў золата. З’ездзіў у плюс, так бы мовіць. Навошта яму беларускія дзяўчыны ў космасе і чаму толькі ён, адзіны з усіх кіраўнікоў дзяржаваў СНД, адзеў пярсцёнак атрыманы ад Пуціна? Каментуюць Дзмітры Балкунец і Валер Карбалевіч.

У Пецярбург Лукашэнка прыехаў для ўдзелу ў нефармальным саміце краінаў СНД. Ці таму, што фармальна саміт нефармальны, ці таму, каб вывезці малодшага на вакацыі, але прыехаў разам з Колем.

Здаецца, падмаскоўны Звёзны Гарадок, які Лукашэнкі наведалі перад самітам, старэйшага ўразіў значна больш. Чаго каштавала адна «Волга», на якой катаўся сам Гагарын. Мадэль «Волгі» савецкі аўтапрам калісьці скапіяваў з «Ford Mainline». Арыгінал выпусцілі ў 1952 годзе. Савецкі ж прататып з’явіўся са спазненнем на 4 гады. Туга па савецкім мінулым з усімі яго, так бы мовіць, дасягненнямі, відаць, моцна закранула струны душы Лукашэнкі.

«У яго ёсць туга па Савецкім Саюзе і па тых, можна сказаць, буйных дасягненнях, якія былі ў савецкую эпоху, у тым ліку – палёт чалавека ў космас, – мяркуе палітолаг Дзмітрый Балкунец. – Гэта разглядалася як вялікая палітыка. І Лукашэнка разлічвае, што калі ён адправіць новага грамадзяніна Беларусі ў космас, то гэта будзе нейкі велізарны касмічны прарыў, пра гэта будзе ўвесь свет казаць».

Пакуль Лукашэнка разглядваў касмічныя капсулы, у цэнтрыфузе круцілася бортправадніца «Белавіі» – адна з беларускіх кандыдатак на палёт за межы стратасферы.

Ідэя адправіць дзяўчат у космас належыць Лукашэнку. Бо менавіта дзяўчына-касманаўтка павінна адлюстроўваць Беларусь, прыгожую і развітую краіну, казаў тыдзень таму старшыня прэзідыуму НАН Уладзімір Гусакоў.

Калі мары Лукашэнкі здзейсняцца, у наступным годзе ў космас адправяцца дзве беларускі – асноўная і дублёрка. У складзе расейскай групы касманаўтаў. Ці хопіць саюзнай дзяржаве на новы карабель, пытанне. Бо тое судна, што цяпер мусіць баразніць касмічныя прасторы, змагаецца за існаванне на МКС. Аскепак прабіў дзіру ў абшыўцы і трапіў у радыятар сістэмы тэрмарэгулявання. Цяпер на караблі спякота, якая можа дасягнуць 50 градусаў. Выжыць пры такіх умовах будзе складана.

Пабачыць касмічны гарадок пашчасціла толькі Лукашэнку, але і рэшта не засталася без падарункаў. Залатыя навагоднія пярсцёнкі ад Пуціна атрымалі ўсе лідары краінаў-удзельніц. Усяго 8 упрыгожанняў, 9-ты – у крамлёўскага лідара.

Лукашэнка, дарэчы, быў адзіным, хто ўпрыгожыў свой палец гэтым пярсцёнкам.

«Беларусь – адзіны саюзнік Расеі ў гэтай вайне супраць Украіны і супраць Захаду, і таму іх паводзіны, іх рэгулярныя сустрэчы тлумачацца гэтымі абставінамі. І прыезд Пуціна ў Менск, і эканамічныя субсідыі з боку Расеі на адрас адзінага саюзніка. Рэгулярныя сустрэчы – усё гэта абумоўлена менавіта тым чыннікам, што Беларусь – адзіны саюзнік», – тлумачыць палітолаг Валер Карбалевіч.

Нават гэты саміт – таму доказ. Малдова яго ўвогуле праігнаравала і не прыехала. А не так даўно заявіла пра намер выйсці з арганізацыі. Але сапраўдны, так бы мовіць, нож у спіну Пуцін атрымаў ад Арменіі. Прэм’ер краіны Нікол Пашыньян раскрытыкаваў Пуціна за тое, што ягоныя міратворцы страцілі кантроль у Нагорным Карабаху. Сакратар Савету бяспекі Армэн Грыгар’ян увогуле паскардзіўся на тое, што Расея, якая дэ-факта саюзнічае з Арменіяй, прымушае яе пайсці на саступкі Азербайджану і забяспечыць калідор праз сваю тэрыторыю. Таксама Расея нібыта патрабуе ад Арменіі ўдзелу ў саюзнай дзяржаве, разам з Беларуссю.

«Пуцін хацеў бы аднавіць Савецкі Саюз. Мы бачым відавочна, для яго і Арменіі не існуе, і Беларусі не існуе, і Украіны не існуе. Для яго гэта ўсё расейцы, таму што яны па-расейску размаўляюць. Ён так бачыць. Таму я не выключаю, што Пуцін будзе выкарыстоўваць розныя інструменты, каб уцягнуць Арменію ў саюзную дзяржаву», – упэўнены Дзмітрый Балкунец. – Толькі ён не разумее самага важнага. Нельга пабудаваць будучыню ў мінулым. А Пуцін будуе будучыню на падмурках мінулага. І нельга будаваць саюзы зверху. Яны знізу будуюцца».

Лукашэнка – адзіны, хто адчувае сябе як удома. Для яго гэта дзясятая за год сустрэча з Пуціным. Таму і «піцерскі», таму і пярсцёнак на пальцы.

«Я захапляюся ўжо некалькі гадоў тым, што зроблена ў Санкт-Пецярбурзе. Без вашай дапамогі, канечне, тут складана было, але ўсё ж такі малайцы і мясцовыя. Таму ёсць чаму павучыцца», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Па выніках саміту дамовіліся разам змагацца з злачыннымі даходамі і зброяй масавага паражэння, стварыць супольны савет вярхоўных судоў і прызначыць новага кіраўніка антытэрарыстычнай рады. Асобна з Лукашэнкам – зацвердзілі бюджэт гэтак званай саюзнай дзяржавы на наступны год. Афіцыйна – ваенныя пытанні не абмяркоўваліся. Але першае, што адбылося па прылёце Лукашэнкі ў Беларусь, перавод камендатуры з мірнага на ваенны час.

Надзея Бельская для праграмы «ПраСвет»

Стужка навінаў