Былога брамніка зборнай Беларусі Васіля Хамутоўскага прысудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі»


Суд Ленінскага раёну Менску 29 снежня агучыў прысуд былому брамніку зборнай Беларусі Васілю Хамутоўскаму. Вырак: два гады абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Пра вынікі суду паведаміла «Tribuna».

Прысуд абвесціла суддзя Таццяна Шоцік. Легендарнага футбаліста і трэнера Васіля Хамутоўскага вінавацілі паводле арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Былы брамнік зборнай краіны і трэнер Васіль Хамутоўскі быў затрыманы 30 верасня 2022 года пасля вяртання ў Беларусь з-за мяжы. Спачатку спартоўцу прысудзілі 13 содняў адміністратыўнага арышту за перасыланне матэрыялаў з тэлеграм-каналу, прызнанага ў Беларусі «экстрэмісцкім», а потым яго перазатрымалі ўжо паводле крымінальнай справы. Хамутоўскі быў прызнаны палітвязнем.

Пасля выбараў 2020-га Васіль Хамутоўскі асудзіў гвалт «сілавікоў» і падпісаўся пад патрабаваннем сумленных выбараў.

Васілю Хамутоўскаму 44 гады. За зборную Беларусі выступаў у 2000–2008 гадах. Гуляў за менскае «Дынама», пазней трэнаваў «Крумкачоў», з 2018 года працаваў у берасцейскім «Дынама». У 2021 годзе трэнаваў брамнікаў у клубе «Аль-Файха» з чэмпіянату Саудаўскай Аравіі. Са студзеня 2022 года дапамагаў Алегу Дулубу ў «Львове», а вясной 2022-га працаваў у бухарэсцкім клубе «Сцяўа».

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў