Эксперт: Замежная палітыка Беларусі пачала гінуць раней, чымся памёр Макей


У Беларусі дзяржаўныя медыі даволі сціпла паведамілі пра смерць міністра замежных справаў Уладзіміра Макея. Эксперты тлумачаць гэта спецыфікаю беларускага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Тым не менш у размове з «Белсатам» аналітыкі згаджаюцца, што для афіцыйнага Менску смерць Макея сталася кадраваю стратаю.

29 лістапада ў Цэнтральным доме афіцэраў развітаюцца з Уладзімірам Макеем. Яго пахаваюць на Усходніх могілках Менску.

Кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей.
Фота: mfa.gov.by

У сацыяльных сетках некаторыя амбасады замежных краінаў, якія працуюць у Менску, напісалі словы спачування родным і блізкім Уладзіміра Макея. Пост з такімі словамі апублікавала на старонцы ў Facebook амбасада Швецыі. У сваю чаргу Народная амбасада Беларусі ў Швецыі адрэагавала ў каментары на гэта.

«Усе мы роўныя перад абліччам смерці, але не варта забываць, што Макей вінаваты ў злачынствах супраць чалавечнасці: забойствах і катаваннях беларусаў, знішчэнні грамадзянскай супольнасці, гібрыдных нападах на мяжы ЕЗ, якія прывялі да гібелі мігрантаў, выкраданне і прымусовая пасадка грамадзянскага самалёта, знішчэнне беларускай культуры і самабытнасці, пераслед беларусаў польскага паходжання і, самае галоўнае, генацыдная захопніцкая вайна супраць брацкага народу Украіны. У памяці беларусаў ён застанецца здраднікам і злачынцам», – напісалі пад словамі спачування прадстаўнікі народнай амбасады.

У Twitter на старонцы амбасады ЗША ў Беларусі таксама з’явілася спачуванне родным і сябрам міністра замежных справаў:

«Мы выказваем нашае спачуванне сямʼі і сябрам міністра замежных справаў Беларусі Макея, які шмат гадоў быў на гэтай пасадзе».

Карыстальнікі гэтай сацыяльнай сеткі ў рэзкай форме раскрытыкавалі словы амбасады. У адным з допісаў карыстальнік Twitter піша, што ў некаторых сітуацыях варта прамаўчаць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Макей.
Фота: president.gov.by

Словы спачування выказалі таксама і ў прадстаўніцтве ЕЗ у Беларусі. Пры гэтым беларускія дзяржаўныя медыі пра смерць Уладзіміра Макея паведамілі даволі сціпла.  Рэч у спецыфіцы персаналісцкага рэжыму, перакананы палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі. Эксперт нагадвае: некалі Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі існуе толькі адзін палітык. Сапраўды, тут парадокс, бо незалежныя медыі ацэньваюць больш адэкватна ролю Макея ў замежнай палітыцы, увогуле ў гэтай іерархіі рэжыму.

«Гэта быў спрытны гулец у камандзе Лукашэнкі. Дзесяць гадоў ён пратрымаўся на пасадзе міністра. Цяжка згадаць падобны выпадак, каб нехта з міністраў пры Лукашэнку столькі часу пратрымаўся на сваёй пасадзе. Ён мяняе падручных як пальчаткі. Макей выканаў амаль невыканальную місію, калі Лукашэнка даручыў яму палепшыць стасункі з Захадам у 2010 годзе, пасля масавых пасадак за краты. У недзяржаўных медыях пра гэта згадваецца. Але медыі памятаюць і тое, што ён быў адданым Лукашэнку. Гэта адэкватныя ацэнкі дзейнасці Макея.  Што да дзяржмедыяў, то, паколькі яны не атрымалі выразнага сігналу, то вырашылі не рызыкаваць, каб не падкрэсліваць, што гэта значная фігура», – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Hавiны
Лаўроў адклаў візіт у Менск праз смерць Макея
2022.11.27 13:03

На думку палітычнага аглядальніка, смерць Уладзіміра Макея для Лукашэнкі сталася безумоўнаю кадраваю стратаю, бо Макей увасабляў сабою цэлую эпоху дыпламатыі. Як бы да яго ні ставіліся, але з боку палітычных праціўнікаў рэжыму ацэнкі ягонай дзейнасці гучаць вельмі жорсткія.

«Іншая рэч, што эпоха Макея і так завяршалася. Можна сказаць, што замежная палітыка Беларусі пачала гінуць раней, чымся памёр Макей. Хрыбет ёй быў пераламаны ў 2020 годзе. Трыумф Макея быў у тым, што ўдалося зрабіць прарыў на заходнім кірунку. Гэта было ў час анексіі Крыму, калі Менск здолеў дыстанцыявацца і на гэтай глебе Лукашэнка палепшыў стасункі з Захадам. Нашая краіна стала, як пісалі дзяржаўныя медыі, «донарам рэгіянальнай стабільнасці». Я думаю, што ўва ўсім гэтым і вялікая заслуга Макея», – адзначае Аляксандр Класкоўскі.

Усё гэта абарваў 2020 год: праз жорсткае здушэнне пратэстаў Лукашэнка спаліў масты з Захадам, а місія Макея зрабілася нікчэмнаю, роля МЗС Беларусі рэзка знізілася. Узмацнілася прывязка беларускага рэжыму да Масквы, і Масква пачала вызначаць замежную палітыку Менску. Беларусь стала плацдармам для нападу на Украіну.  Лукашэнка, хоць яму гэтая вайна зусім недарэчы, ніяк не мог гэтаму супрацьстаяць. На гэтым фоне ні Макей, ні хтосьці іншы не ў стане зрабіць цуду, каб нармалізаваць стасункі з Захадам, як гэта было ў 2014–2015 гадах.

Кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей падчас відэаканферэнцыі «Усходняга партнёрства».
Фота: mfa.gov.by

Міністр, якому давяралі на Захадзе

Уладзімір Макей быў фігурай, якой на Захадзе давяралі да 2020 года. Верагодна, што да жніўня 2020-га ва Уладзіміра Макея былі даволі добрыя, можа, нават асабістыя стасункі з палітыкамі з Захаду, выказвае меркаванне гісторык, асацыяваны працаўнік Цэнтру антрапалагічных даследаванняў музеяў і спадчыны Інстытуту еўрапейскай этналогіі Берлінскага ўніверсітэту імя Гумбальта доктар Аляксандр Фрыдман. Паколькі ўся фаза лібералізацыі, якую прасоўваў Макей, да жніўня 2020 года працавала.  Тады ён успрымаўся сур’ёзнай асобай, якой можна было і перадаваць нешта Лукашэнку. Былі і сапраўдныя крокі з беларускага боку, быў і давер да Макея.

«Менавіта ў гэтыя часы і ўзнік вобраз ліберала Макея, пад уплывам якога і Беларусь можа стаць «больш цывілізаванаю краінаю». Можа, праз Макея і чакаўся крок да Еўропы, дэмакратыі. Гэты вобраз існаваў, але пытанне ў тым, наколькі ён адпавядаў рэчаіснасці. Паводзіны Макея выклікалі ў 2020 годзе найбольшае расчараванне, бо з боку кіраўніка КДБ або таго ж прэм’ера Рамана Галоўчанкі, іншых міністраў ніхто не чакаў, што яны падчас гэтага гвалту на вуліцах раптам стануць на бок народу. А ад Макея сапраўды чакалі. У тым ліку чакалі і на Захадзе. Таму і ўзнікла расчараванне Макеем. Мне падаецца, што давер да Макея быў страчаны. Але пра яго памяталі як пра асобу, з якою раней вялі перамовы, таму, калі была патрэба ў тым, каб нешта перадаць Лукашэнку з Захаду і наадварот, выкарыстоўвалі Макея з ягонымі сувязямі, кантактамі, веданнем замежных моваў і заходняга грамадства. Таму пасля выбараў з ім працягвалі размаўляць. Лукашэнка страціў фігуру, з якою мог размаўляць Захад.  Цяпер такой фігуры ў рэжыму няма, бо нават тыя, каго называюць магчымымі пераемнікамі на пасаду міністра, такой вагі, як Макей, не маюць», – адзначае гісторык.

Hавiны
«Адзін з архітэктараў сістэмы». Павел Усаў – пра Уладзіміра Макея
2022.11.26 19:55

Ці зменіцца замежная палітыка Беларусі?

Новаму міністру будзе даволі складана нейкім чынам пачаць камунікаваць з Захадам. Гэта магчыма, сітуацыя можа быць розная. Бо калі з боку Лукашэнкі пойдуць канкрэтныя прапановы, а Захаду яны будуць цікавыя, то будзе зусім і не прынцыпова, хто будзе выконваць функцыю міністра. Але цяпер такіх тэмаў няма, дый фігуры няма.

«Выбар наступнага міністра і пакажа, якая вонкавая палітыка патрэбная Лукашэнку. Калі гэта будзе фіктыўная, прарасейская фігура, якая разважае ў катэгорыях «русского мира», гэта будзе адно. Калі кіраўніком МЗС стане нечакана фігура, пра якую на Захадзе скажуць, што яна цікавая, то тады і кірунак вонкавай палітыкі будзе іншым. Але пакуль, шчыра кажучы, у атачэнні Лукашэнкі такіх фігураў я не бачу», – кажа Аляксандр Фрыдман.

Адна справа, калі кіраваць ведамствам паставяць прафесійнага дыпламата, але зусім іншая рэч, калі паставяць умоўна кажучы, нейкага генерала, Наталлю Качанаву ці яшчэ кагосьці з ліку прарасейскага, або ястрабінага крыла з атачэння Лукашэнкі, разважае Аляксандр Класкоўскі.

Эксперт выказвае меркаванне, што Лукашэнка, магчыма, не пакідае надзеі нейкім чынам прынадзіць Захад, спакусіць яго гульнёю:

«Вядома, што асноўным таварам рэжыму ёсць палітвязні. Але спробы і намаганні Макея не прыносілі плёну. Варта адзначыць, што для Лукашэнкі цяпер мяжа гіпатэтычнага пачатку дыялогу даволі высокая. Трэба вызваліць усіх палітвязняў, а таксама выходзіць са статусу суагрэсара, а гэта значыць, нейкім чынам выпіхваць з Беларусі расейскія войскі.  Гэта практычна нерэальная задача для Лукашэнкі ў існых умовах, калі ўлічваць гэтую ягоную фатальную залежнасць ад Крамля».

Каментар
«Ён запомніцца шчырай працай на дыктатара». Валер Кавалеўскі назваў Макея часткай рэпрэсіўнага рэжыму
2022.11.26 19:08

Лукашэнкаўскі выканаўца, ці асоба сярод шэрых чыноўнікаў?

Макей быў зразумелы для заходніх палітыкаў, але ці быў ён асобай, а не звычайным выканальнікам? Суразмоўцы «Белсату» кажуць, што гэта даволі складанае пытанне.

«Калі ўзяць усё атачэнне Лукашэнкі, то яно ўсё вельмі шэрае. Гэта проста выканаўцы і не асабліва цікавыя людзі ў тым сэнсе, што калі будуць пазней апісваць калектыўны партрэт чыноўнікаў лукашэнкаўскай эпохі, то там не будзе чаго пра іх пісаць. Гэта людзі без асаблівасцяў, якіх можна без асаблівых праблемаў замяніць. Той жа Кубракоў, Качанава, Церцель ці Галоўчанка – асобы без якіх-кольвек надзвычайных якасцяў. Яны і не цікавыя. А вось Макей быў цікавы. Але з іншага боку, ён і выконваў ролю шэрага лукашэнкаўскага чыноўніка. Канчаткова шэрым выканальнікам ён зрабіўся пасля выбараў 2020 года», – кажа Аляксандр Фрыдман.

Шчыра кажучы
Выгляд прапагандыстаў і чыноўнікаў выклікае сорам
2022.10.12 17:48

Калі ж паглядзець на біяграфію Уладзіміра Макея, то ёсць і цікавыя моманты, кажа эксперт. Мы не ведаем, што ён рабіў у 1980-ыя гады. Ці быў ён супрацоўнікам ГРУ? Ці меў чын палкоўніка? Ён у пачатку 1990-х атрымаў дадатковую адукацыю ў Аўстрыі. Чалавек з такім бэкграўндам увайшоў у атачэнне Лукашэнкі, уплываў на мяккую лібералізацыю пасля 2015 года. Але ў выніку закончыў сваё жыццё шэрым лукашэнкаўскім чыноўнікам эпохі жорсткіх рэпрэсіяў. Таму ў пэўным сэнсе ён цікавая асоба.

«Магчыма, пасля знойдуцца нейкія дзённікі, а можа, будуць успаміны людзей, якія шчыльна з ім кантактавалі. Можа, застануцца, і гэта будзе вельмі добра для гісторыі, дакладныя запіскі, якія пісаў Макей. Цікава, ці адпавядае рэчаіснасці тое, што сёння распаўсюджваецца ў расейскіх Telegram-каналах, быццам Макей дамагаўся ад Лукашэнкі вызвалення палітвязняў і праз гэтыя вызваленне прапанаваў палепшыць кантакты з Захадам. Я ўвогуле не выключаю, што наш погляд пра Макея можа змяніцца ў будучыні. Сёння ж меркаванне пра яго даволі эмацыйнае, бо людзі за мяжою, беларусы – праціўнікі рэжыму, якія засталіся ў краіне, маюць погляд на Макея праз 2020 год. Гэта погляд на чалавека, з якім былі звязаныя пэўныя падзеі, але гэты чалавек аказаўся зусім іншы. Таму погляд і каментары, бадай, выключна негатыўныя», – кажа Аляксандр Фрыдман.

Тыдзень
Канспіралогія вакол смерці Макея. Беларускія палітвязні пашуць на заходнія карпарацыі? Топ-навіны за тыдзень
2022.11.28 15:48

Адметнае  і тоеі тое, што прычыны смерці Уладзіміра Макея цяпер абмяркоўваюць як у заходняй прэсе, так і ў расейскай. Колькасць канспіралагічных версіяў, згодна з якімі міністра маглі забіць, расце.

«Мы нічога не ведаем пра стан здароўя чыноўнікаў Беларусі. Няма такога, як у ЗША, або ў іншых заходніх краінах, калі нешта адбываецца са здароўем чыноўнікаў, то пра гэта агучваюць. Мы не ведаем, у якім стане здароўе Лукашэнкі, ягоных падначаленых. Тое, што пра Макея пішуць, гучыць прыкладна так, што ён выглядаў здаровым чалавекам. Але ж раней не было аніякіх афіцыйных паведамленняў пра ягоны фізічны стан, пра хваробы. Паколькі гэтай інфармацыі няма, гэта ўсё непразрыста, то справа і даходзіць да канспіралагічных тэорыяў, пагатоў і палітычная сітуацыя, асабліва вонкавапалітычны кантэкст існай сітуацыі вельмі спецыфічны. На мінулым тыдні былі нейкія ўкіды адносна таго, што Расея імкнецца скінуць Лукашэнку, або вялося нават пра ягонае фізічнае знішчэнне. Адразу ж пасля гэтых укідаў адбылася смерць Макея», – звяртае ўвагу Фрыдман.

Паводле эксперта, у такой сітуацыі міжволі ўзнікаюць пытанні, але мы трапляем у спекуляцыі, якія падаграваюцца таксама ўладным бокам, бо падрабязнага афіцыйнага тлумачэння, што адбылося з Уладзімірам Макеем, няма.

Меркаванні
Шаман палітыкі рэжыму Лукашэнкі
2022.11.28 16:37

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў