Лукашэнка назваў беларускія аграгарадкі «вёскамі будучыні»


Аляксандр Лукашэнка 29 верасня інспектуе Магілёўскую вобласць. Першым пунктам у маршруце стаў аграгарадок Вішоў Бялыніцкага раёну. Там ён узняў тэму добраўпарадкавання аграгарадкоў, якіх у Беларусі 1417.

Лукашэнка ў Магілёўскай вобласці. Скрыншот з відэа: pul_1 / Telegram

На думку Лукашэнкі, у будучым 80–85 % сельскага насельніцтва будзе жыць у аграгарадках, а астатняе насельніцтва – у буйных вёсках. Ён лічыць, што аграгарадкі – гэта «вёскі будучыні».

«Але галоўнае – гэта аграгарадкі. Вось сёння хацелася б паглядзець, як будзе выглядаць вёска будучыні. Мы пішам там рознага роду кандыдацкія, доктарскія, дысертацыі – сорамна назву чытаць, не тое што глядзець на гэтую дысертацыю. Давайце на гэтыя тэмы будзем нешта пісаць, распрацоўваць. Тым больш спецыялістаў у нас дастаткова, якія добра ведаюць, як было, як ёсць і як будзе, гэта значыць, цэлы пласт можна і трэба падняць для разважання і ўжо практыкі», – прыводзіць словы Лукашэнкі ягоная прэс-служба.

Таксама ён заявіў, што развіццё атрымаюць і некаторыя «неперспектыўныя» вёскі, пры ўмове, што да іх будзе цікавасць з боку прыватных асобаў.

Паводле звестак Белстату, на 1 студзеня ў сельскай мясцовасці жылі 1 988 212 чалавек, ці 21,6 % насельніцтва краіны. Разам у Беларусі 23 тысячы сельскіх населеных пунктаў.

Прэс-служба Лукашэнкі таксама паведамляе, што ён праверыць, як выконваюцца даручэнні ў комплексным рамонце дарог у сельскіх населеных пунктах, развіцці жывёлагадоўлі і нарошчванні вытворчасці каштоўных відаў рыб. Абмяркуюць і эканамічныя паказчыкі рэгіёну.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў