Беларускія і расейскія спартоўцы змогуць удзельнічаць у Паралімпійскіх гульнях у Парыжы


Міжнародны паралімпійскі камітэт яшчэ на два гады працягнуў прыпыненне членства Паралімпійскіх камітэтаў Расеі і Беларусі ў арганізацыі. Аднак атлеты з гэтых дзвюх краінаў змогуць прыняць удзел у летніх Паралімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы ў індывідуальным і нейтральным статусе.

Алімпійскі сцяг.
Фота: olympics.com

Генеральная асамблея Міжнароднага паралімпійскага камітэту на пасяджэнні ў Бахрэйне 29 верасня прыняла рашэнне не пазбаўляць Паралімпійскія камітэты Расеі і Беларусі членства ў арганізацыі, прагаласаваўшы толькі за прадаўжэнне прыпынення членства гэтых краінаў у арганізацыі.

«Праз частковае адхілення НПК Беларусі губляе ўсе правы членства ў МПК, аднак яе спартсмены маюць права ўдзельнічаць у якасці індывідуальных і нейтральных на Паралімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы», – гаворыцца ў заяве.

За рашэнне аб прыпыненні членства Паралімпійскага камітэту Беларусі на асамблея МПК прагаласавалі 79 дэлегатаў, супраць – 57, 9 – устрымаліся. Супраць выключэння ПК Расеі выступілі 74 члены МПК, за – 65 чалавек. Яшчэ 13 удзельнікаў галасавання ўстрымаліся.

«Правы членства прыпынены на два гады, за выключэннем таго, што спартсмены і звязаны з імі дапаможны персанал будуць мець права ўдзельнічаць у індывідуальным і нейтральным статусе ў Паралімпійскіх гульнях, сусветных і рэгіянальных чэмпіянатах, а таксама санкцыянаваных спаборніцтвах па шасці відах спорту, у якіх МПК выступае ў якасці міжнароднай федэрацыі», – гаворыцца ў паведамленні МПК.

Нагадаем: у сакавіку 2022 года Міжнародны паралімпійскі камітэт адхіліў спартсменаў з Расеі і Беларусі ад удзелу ў зімовай Паралімпіядзе ў Кітаі ў сувязі з ваенным уварваннем Расеі ва Украіну. У лістападзе 2022 года міжнародная арганізацыя прыпыніла членства Паралімпійскіх камітэтаў двух краінаў.

Таксама не вырашана пытанне аб допуску спартсменаў з Расеі і Беларусі да летняй Алімпіяды 2024 года. Рашэнне аб гэтым будзе прымацца ў сярэдзіне кастрычніка на сесіі ў Мумбаі.

Летнія Алімпійскія гульні адбудуцца ў Парыжы з 26 ліпеня па 11 жніўня 2024, летнія Паралімпійскія гульні пройдуць там жа з 28 жніўня па 8 верасня 2024 года.

Інтэрв’ю
Аляксандр Апейкін: «Мы маем нейкую нявызначанасць з боку МАК і ўсёй міжнароднай спартовай супольнасці»
2023.09.27 14:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў