Берагавая ахова Швецыі выявіла чацвёртую прабоіну ў газаправодзе «Паўночная плынь», піша мясцовае выданне «Aftonbladet». Крыніцы не выключаюць, што гэтая ўцечка ўтварылася таксама пасля выбуху.
Чацвёртую крыніцу выцеку газу шведы заўважылі ў аўторак, але паведамілі пра яе толькі напярэдадні ўвечары.
«Aftonbladet» са спасылкай на сейсмолагаў паведамляе, што прычынай гэтай уцечкі магла быць бомба – прынамсі выбуховыя хвалі зафіксаваныя, але, магчыма, гэта былі адгалоскі першых дзвюх выбухаў.
Здарэнне ў Балтыйскім моры ля берагоў Даніі і Швецыі адбылося ў панядзелак увечары. Пасля магутных выбухаў былі пашкоджаныя тры ніткі двух газаправодаў «Паўночная плынь».
ФСБ Расеі завяла крымінальную справу па артыкуле «Акт міжнароднага тэрарызму». У Генпракуратуры заявілі, што дзяржаве нанесеная «істотная эканамічная шкода».
Найбольш верагоднай версіяй выглядае дыверсія.
На здарэнне адрэагавалі ў НАТА. У заяве арганізацыі адзначаецца, што «уся інфармацыя ўказвае на тое, што гэта вынік наўмысных актаў сабатажу».
«На любы наўмысны напад на крытычна важную інфраструктуру саюзнікаў па НАТА будзе адзіны і рашучы адказ», – заявілі ў альянсе.
Крыніцы газеты The Times у брытанскай абароне кажуць, што да здарэння прычынілася Расея, якая магла ўзарваць газаправод з дапамогай падводнага беспілотніка.
Сяргей Крот belsat.eu