Міністр замежных спраў Фінляндыі Пека Хаавіста абвясціў пра закрыццё мяжы з Расеяй для турыстаў, перадае мясцовая газета «Helsingin Sanomat». Абмежаванне пачне дзейнічаць ужо апоўначы.
Пека Хаавіста распавёў, што ў некаторых выпадках расейскіх грамадзян усё-ткі будуць пускаць: напрыклад, для вучобы, працы, наведвання сваякоў, а таксама з гуманітарных прычын.
Улады запэўнілі, што ў кожным выпадку рашэнне будзе прымацца на мяжы ў індывідуальным парадку. Пры гэтым у пашпартах стануць пакідаць адзнакі пра забарону на заезд, а таксама ануляваць шэнгенскія візы, калі «падставы для яе дзеяння скончыліся».
Такія захады прымаюцца дзеля спынення міграцыйнай плыні і выкарыстання расейцамі Фінляндыі ў якасці транзітнай краіны.
Кіраўнік МЗС Пека Хаавіста таксама адзначыў, што ўцёкі ад мабілізацыі – не падстава для атрымання статусу бежанца ў Фінляндыі: прытулак могуць даць толькі праваабаронцам, апазіцыянерам і журналістам.
Фінляндыя была перадапошняй еўрапейскай суседкай Расеі, якая дазваляла бесперашкодна ўязджаць на сваю тэрыторыю. Цяпер расейцы з еўрапейскімі візамі могуць разлічваць толькі на пункты пропуску на расейска-нарвежскай мяжы.
Сяргей Крот belsat.eu