У Чэлябінскай вобласці ўпаў верталёт ФСБ


Днём 29 жніўня ў Чэлябінскай вобласці РФ упаў верталёт Мі-8, які належыць ФСБ. Пра гэта паведаміў губернатар вобласці Аляксей Тэкслер. Увесь экіпаж верталёта загінуў.

Месца падзення верталёта ФСБ. Крыніца: shot_shot / Telegram

Вядома, што верталёт выконваў трэнавальны палёт. Папярэдне, да катастрофы прывяла адмова рухавіка. Таксама паведамляецца, што борт мог зачапіцца за высакавольтныя правады, бо, паводле мясцовых жыхароў, спачатку ён закруціўся ў паветры перад падзеннем.

Спачатку паведамлялася пра чацвярых загінулых, пазней лічба паменшылася да трох. Гэта ўсе чальцы экіпажу, якія былі на борце Мі-8.

«У раёне Чырвонага Поля Сасноўскага раёну Чэлябінскай вобласці пацярпеў катастрофу верталёт Мі-8. Верталёт належаў авіяатраду ФСБ. На месцы працуюць спецыяльныя службы, аказваем ім неабходнае садзейнічанне. Паводле папярэдняй інфармацыі, у выніку падзення верталёта загінулі тры асобы», – паведаміў губернатар вобласці Аляксей Тэкслер.

У МНС Расеі таксама паведамляюць, што на месцы катастрофы знойдзеныя целы траіх чалавек. У выніку падзення верталёта на зямлю мясцовыя жыхары і жылыя будынкі не пацярпелі.

Гэта не першы выпадак падзення паветраных транспартных сродкаў у Расеі за апошні час. Гэтак, 12 жніўня ў Калінінградскай вобласці ўпаў знішчальнік Су-30, экіпаж загінуў. 27 ліпеня ў Алтаі ўпаў верталёт Мі-8, у выніку гэтага загінулі шэсць чалавек. Таксама 17 ліпеня ў горадзе Ейск Краснадарскага краю ў Азоўскае мора ўпаў расейскі штурмавік Су-25, пілот самалёта загінуў. Акрамя гэтага, 4 ліпеня расейскі знішчальнік МіГ-31 пацярпеў катастрофу падчас навучальнага палёту на Камчатцы.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў