Ціханоўская заклікала Славенію прадстаўляць інтарэсы беларусаў у Радзе Бяспекі ААН


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская і ейны намеснік па Пераходнаму кабінету Валер Кавалеўскі сустрэліся з прэзідэнткай Славеніі Наташай Пірц-Мусар. Падчас сустрэчы абмярковалася тэма палітвязняў і вагнэраўцаў у Беларусі, таксама Ціханоўская заклікала Славенію прадстаўляць інтарэсы беларусаў у Радзе Бяспекі ААН.

Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнткай Славеніі Наташай Пірц-Мусар.
Фота: CabinetBelarus / Telegram

Прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінету павіншавалі Славенію з перамогай над рэжымам Лукашэнкі ў выбарах у Раду Бяспекі ААН. Нагадаем: у чэрвені стала вядома, што Беларусь не набрала неабходнай колькасці галасоў пры галасаванні ў Генасамблеі ААН пры абранні нясталых чальцоў Рады Бяспекі на 2024–2025 гады. Замест яе месца дасталася Славеніі.

«Мы са Славеніяй шчыльна працуем з 2020 года. Зараз, мы спадзяёмся, Славенія зможа адвакатаваць інтарэсы беларусаў у Радзе Бяспекі ААН», – адзначыла Святлана Ціханоўская.

На сустрэчы Ціханоўская таксама распавяла пра прынятую супольную заяву беларускіх дэмакратычных сілаў аб падтрымцы еўрапейскага курсу для Беларусі і папрасіла славенскі бок падтрымаць дэмакратычную Беларусь у гэтым кірунку.

Да таго беларускі бок падзякаваў прэзідэнтцы Славеніі за падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі ў міжнародных арганізацыях і распавёў пра сітуацыю з вагнэраўцамі і расейскімі войскамі, якія знаходзяцца ў Беларусі, адзначыўшы нарастальную пагрозу незалежнасці краіны. Дэмакратычная лідарка таксама распавяла пра крытычную сітуацыю з беларускімі палітзняволенымі і знікненні сувязі з імі, адзначыла неабходнасць захадаў па іх вызваленні.

Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі Пераходнага кабінету сустрэліся з прэзідэнткай Славеніі Наташай Пірц-Мусар.
Фота: CabinetBelarus / Telegram

Беларускія дэмакратычныя сілы прысутнічалі на XVIII Міжнародным стратэгічным форуме (BSF) па бяспецы ў Славеніі. Падчас форуму адбыліся сустрэчы Святланы Ціханоўскай і беларускай дэлегацыі з прэзідэнтамі, прэм’ер-міністрамі, міністрамі замежных спраў краін рэгіёну і міністрам замежных спраў Канады.

З канадскай міністаркай Мэлані Жалі Ціханоўская абмеркавала пытанне пастаўкі калійных угнаенняў. Канада заверыла, што гатовая забяспечыць угнаеннямі тыя краіны, якія залежалі ад паставак з Беларусі да ўвядзення санкцыяў.

«Мы адчулі гатоўнасць падтрымліваць нашыя намаганні дзеля таго, каб пашыраць кантакты дэмакратычных сілаў Беларусі з краінамі па-за межамі Еўрапейскага звязу і Паўночнай Амерыкі, каб кансалідаваць пазіцыю міжнароднай супольнасці наконт сітуацыі ў Беларусі, каб хутчэй вызваліць нашу краіну», – заявіў Валер Кавалеўскі.

Таксама Святлана Ціханоўская распавяла міністрам пра праект пашпарта новай Беларусі і папрасіла Канаду і Славакію падтрымаць гэтую ініцыятыву.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў