Патрыятычныя талібы ўжо тут

Закон у Беларусі закончыўся. Зусім. Ён і раней асабліва не каціраваўся. Дастаткова ўспомніць колькасць апраўдальных прысудаў – 0,09 % у 2022 годзе.

Што гэта азначае? Што якасна працуюць следчыя, пракуратура, суды? Каб жа. Гэта азначае, што лёс затрыманага вырашаны ў момант самога затрымання.

Далей сістэма будзе зладжана і комплексна працаваць на ягонае знішчэнне і адвакат зможа толькі расказаць свайму падабароннаму, якія канкрэтна артыкулы Крымінальна-працэсуальнага кодэксу парушаныя ў дачыненні да яго. Зафіксуе тое, што адбылося.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Але ўсё ж такі да падзеяў 2020 года выконваўся хаця б фармальны бок заканадаўства. І, напрыклад, канцэпцыя немагчымасці зваротнай сілы закону не была пустым гукам. Гэтая базавая канцэпцыя прадугледжвае, што злачынства разглядаецца ў адпаведнасці з заканадаўствам, дзейным на момант здзяйснення самога злачынства. Гэта значыць, немагчыма тэрмінова ўнесці змены ў заканадаўства і расстраляць усіх зламыснікаў, калі іхныя злачынствы здзейсненыя ў перыяд, калі за гэтыя дзеянні меркаваўся штраф памерам 10 базавых. У заканадаўстве ёсць наўпроставая забарона на вось такія «фокусы з пераапрананнем». Была. І працавала. Здаровы, правільны падыход да справы, які абмяжоўваў самадзейнасць следчых, пракурораў, суддзяў.

Вось толькі ў Беларусі аб такіх прынцыпах можна казаць выключна ў мінулым часе. Скончыўся час гэтых непатрэбных цяпер умоўнасцяў, абмежаванняў.

Палітзняволеная Настасся Петрачэнка атрымала тры гады калоніі за ахвяраванне добраахвотнікам палка Каліноўскага, здзейсненае ў той перыяд, калі гэтае падраздзяленне не было прызнанае нават «экстрэмісцкім фармаваннем». Гэта значыць, Настасся атрымала тэрмін за цалкам законнае дзеянне.

Не, неафіцыйная прадстаўніца ГУБАЗіКу (канал ГУБАЗА) Таццяна Траццяк тлумачыць, што «прызнанне фармаваннем або тэрарыстычнай арганізацыяй не азначае, што банда да прызнання не займалася тэрарыстычнай дзейнасцю. Былі ажыццёўленыя канкрэтныя экстрэмісцкія дзеянні, прадугледжаныя законам. І таму яго фінансаванне з’яўляецца крымінальным злачынствам». Лагічна? Не вельмі.

Сама па сабе фармулёўка «ну ўсё роўна ж былі» ніякага дачынення да закону не мае. Гэта самасуд. Вынясенне рашэння на падставе фантазіяў нашых рэпрэсіўных органаў.

Уявіце сабе на секунду, што заўтра да ўлады ў Беларусі прыходзяць якія-небудзь патрыятычныя талібы і прызнаюць злачынствам навучанне дзяўчат ва ўніверсітэтах. І пачынаюць караць не толькі тых, хто вырашае працягваць навучанне, але і тых, хто калі-небудзь вучыўся ў беларускіх ВНУ. Качанаву, Ярмошыну, Абельскую… Або сясцёр Груздевых (не ведаю, ці скончылі яны хоць што-небудзь?). Са словамі: «Ну і што, што тады гэта не лічылася злачынствам? Зыходзячы з закону, гэта ж усё роўна было злачынствам».

Цяпер у Беларусі адбываецца менавіта гэта. Закон падменены палітычнай мэтазгоднасцю. І фактычна асноўная прыкмета ідэалагічнага ворага сёння – імкненне атрымліваць альтэрнатыўную, незалежную інфармацыю. Спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» займае ўжо 824 старонкі і кожны дзень прырастае дзясяткамі пазіцыяў.

Ці працуе такі метад зачысткі? Улічваючы рост падпісчыкаў, напрыклад, YouTube-каналу «Еўрарадыё» (102 тыс. чалавек) – не вельмі. У «Белсату» ў тым жа YouTube – 480 тысячаў. Спроба зачысціць усіх, нягледзячы на законы, відавочна гэтак сама невыканальная, як і планы Пуціна захапіць Кіеў за тры дні. Няма на гэта ні сілаў, ні рэсурсаў. Асобныя абсалютна бессэнсоўныя акцыі запалохвання не мяняюць агульнай карціны.

Іх не любяць, і яны гэта ведаюць. І яшчэ адна немалаважная акалічнасць – ім няма чаго прапанаваць нам наўзамен.

У Крамля ёсць хоць бы «русский мир» – Шаман з Салаўёвым. Мярзотнікі, вядома, але яркія, таленавітыя, хоць і эксплуатуюць самыя нізкія чалавечыя жарсці. А што ёсць у Беларусі наўзамен Вольскага і «Зеркала»?

На прэм’еру прапагандысцкага фільму пра падзеі ў Бучы («Свидетель») прыйшлі толькі самі прапагандысты. Сясцёр Груздевых таксама бяруць толькі бясплатна. Азаронак, Шпакоўскі і Бондарава – зусім камічныя фігуры, хто ж да іх будзе ставіцца сур’ёзна? Тэлеграм-канал таго ж Азаронка – гэта каля 1,2–1,4 тыс. праглядаў кожнага допісу, у YouTube – аналагічная карціна. Смутак і запусценне.

А на гарызонце – новыя ўзрушэнні. Таму і лютуюць, і саджаюць – даўно ўжо не паводле законаў, а цяпер яшчэ і зусім не паводле «паняццяў». Вось толькі не паспеюць яны.

За Бабарыку было пададзена 365 тысяч подпісаў. У «Голасе» зарэгістраваліся 1,2 млн чалавек, 545 тысяч даслалі фота сваіх бюлетэняў. За Ціханоўскую (паводле разлікаў) аддалі свае галасы 3,3 млн выбарнікаў.

Ці ёсць шанцы ўсіх пакараць? З сённяшнімі тэмпамі на гэта сыдзе больш за 20 гадоў. Ды і калі б гэта было тэхнічна магчыма ўжо цяпер, такое дзеянне проста абрынула б эканоміку краіны. Таму што супраць (гвалту, скрадзеных галасоў, беззаконня) у нас менавіта тыя людзі, якія і ствараюць вартасць у эканоміцы. Ну, вось так супала чамусьці.

Але рэпрэсіі будуць працягвацца. Без азірання на нормы законаў. Так выглядае страх. Доўга? Доўга. Да самай беларускай перабудовы. На жаль.

Але, хоць гэта і нямоцнае суцяшэнне, бывалі ў нас часы і горшыя. 100 гадоў таму, роўна ў такіх жа абставінах, проста забівалі як класавых ворагаў. Паводле разнарадак, спісаў. Наяўнасць канкрэтнага злачынства не мела ніякага значэння. У нас да гэтага пакуль не дайшло. Пакуль?

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў