news
Гісторыі

Беларуса пабілі ў Варшаве. Ён вінаваціць былога працадаўцу, той таксама звярнуўся ў паліцыю

Хто кажа праўду, мы не ведаем, але даем парады, куды звяртацца пацярпелым у такіх выпадках.
30.08.202310:00

Кіроўца з Беларусі пайшоў працаваць у польскую лагістычную кампанію, якую заснавалі ўкраінцы. Між ім і працадаўцам узнік канфлікт. Беларус заяўляе, што яго пабілі працаўнікі кампаніі і яе заснавальнік. Апошні пацвярджае, што канфлікт быў, але кажа, што беларуса не білі, а ён уцёк з месца спрэчкі. Хто кажа праўду, «Белсат» не ведае, але дае парады, куды звяртацца пацярпелым у падобных выпадках.

Раман прыслаў «Белсату», як ён сцвярджае, скрыншот пагрозаў яму ад Міхайла (злева) і фота яго пасля пабіцця Міхайлам і ягонымі супрацоўнікамі (справа).
Раман прыслаў «Белсату», як ён сцвярджае, скрыншот пагрозаў яму ад Міхайлы (злева) і сваё фота пасля збіцця (справа). Выявы: чытач «Белсату» Раман

«Белсат» выслухаў гісторыі кіроўцы-беларуса Рамана і ягонага працадаўцы-ўкраінца Міхайлы. Прозвішчы герояў публікацыі і назва кампаніі вядомыя рэдакцыі, а таксама «Белсат» атрымаў ад Рамана фота пацверджання прыёму ягонай заявы ў паліцыю аб збіцці і крадзяжы тэлефона.

Канфлікт адбыўся 16 жніўня на вуліцы Таваровай у Варшаве. Бакі расказваюць розныя версіі таго, што адбылося ў той вечар. Раман заяўляе, што відавочцы здымалі здарэнне на тэлефон. Калі вы маеце відэа здарэння або ведаеце, хто яго здымаў, напішыце нам у @BelsatBot у Telegram або на электронную пошту web@belsat.eu.

Падзеі да 16 жніўня Раман і Міхайла апісваюць з нязначнымі адрозненнямі. Раман пайшоў працаваць у лагістычную кампанію кіроўцам цяжкавіка, уладкаваўся афіцыйна 10 жніўня, доўга рабіў дазвол на працу, прайшоў навучанне. Раман выехаў на першую працоўную паездку, але не адразу загружаць груз – яго папрасілі спачатку звазіць цяжкавік на аўтасэрвіс у іншы горад. Пасля гэтага Раман адмовіўся ад працы. Пра тое, што было далей, Раман і Міхайла расказваюць па-рознаму.

Версія кіроўцы-беларуса

Раман расказвае, што выехаў на аўтасэрвіс а 3-й гадзіны ночы 16 жніўня, а 7-й раніцы быў на сэрвісе, машыну абслугоўвалі да 14-й гадзіны. Раман кажа, што пасля такога доўгага абслугоўвання, у часе якога ён не меў магчымасці адпачыць, патэлефанаваў дырэктару кампаніі і сказаў, што «калі так далей пойдзе, то мы не спрацуемся», а ў адказ на гэта пачуў пагрозы. Раман ацаніў, колькі яму давядзецца яшчэ працаваць без адпачынку, і заявіў працадаўцу, што адмаўляецца ад працы, а ў адказ зноў пачуў пагрозы, таму ўжо ў SMS напісаў, што вяртаецца ў Варшаву.

Паводле Рамана, калі ён пад’язджаў да Варшавы, Міхайла пераслаў яму месца паркінгу, куды трэба адвезці машыну, але Раман туды пабаяўся ехаць пасля пагрозаў, што пачуў ад працадаўцы. Паехаў дамоў, каб забраць свае рэчы з цяжкавіка, бо калі б аддаў машыну на паркінгу, не меў бы нават пакетаў, куды свае рэчы запакаваць.

Калі ён прыехаў на працоўным цяжкавіку дамоў і пачаў выгружаць рэчы, расказвае Раман, прыехаў працадаўца і ягоныя працаўнікі пачалі біць кіроўцу, а спыніліся толькі тады, калі людзі пачалі здымаць бойку на тэлефон, і самі выклікалі паліцыю. Раман прызнае, што не дачакаўся паліцыі на месцы, але кажа, што пайшоў у паліцэйскі ўчастак паблізу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Policja.gov.pl

Першы раз пацярпелы звязваўся з «Белсатам» 17 жніўня – на наступны дзень пасля бойкі і яшчэ да таго, як паліцыя прыняла ў яго заяву аб збіцці: казаў, што спрабаваў размаўляць з польскімі паліцыянтамі па-расейску, але тыя з яго толькі пасмяяліся і не прапанавалі перакладчыка. Грошай на адваката ён не меў, але знайшоў перакладчыка і на наступны дзень занёс пісьмовую заяву ў паліцыю.

Пасля, расказвае Раман, ён аднавіў SIM-картку, уставіў яе ў стары тэлефон – і працягнуў атрымліваць пагрозы. Кажа: тэлефанавалі ў тым ліку незнаёмыя яму людзі і пагражалі адносна пазыкі ад некага, пра каго ён не чуў. Апроч таго суразмоўца сцвярджае, што калі яго білі, то забралі ў яго мабільны тэлефон і банкаўскую картку, грашыма з якой спрабавалі скарыстацца.

Версія працадаўцы-ўкраінца

Міхайла расказвае іншую версію: пасля паездкі на аўтасэрвіс Раман патэлефанаваў яму і сказаў, што занадта стаміўся, таму не паедзе на загрузку. Міхайла адказаў яму, што тады трэба спыніць супрацу, бо што ж будзе, калі ён павязе груз у Францыю, бо ў часе працы давядзецца яшчэ шмат чакаць, як на сэрвісе. Міхайла звяртае ўвагу на тое, што загадзя папярэджваў Рамана аб цяжкасці працы, а той запэўніваў, што ўсё зробіць.

Паводле Міхайлы, Раман сказаў, што будзе працаваць і што яго няправільна зразумелі: ён проста не паспяваў на загрузку праз доўгае абслугоўванне ў аўтасэрвісе. Але да загрузкі не даехаў, а сувязь з ім знікла. Праз GPS было відаць, што машына паехала не на загрузку ўва Вроцлаў і не на месца прызначэння ў Францыю, а ў Варшаву, дзе паркаваліся цяжкавікі кампаніі. Міхайла падумаў, што Раман хоча яго надурыць, а калі ўсё ж дазваніўся да Рамана, то не атрымаў тлумачэнняў, чаму ён паехаў у Варшаву. Пасля гэтага Раман не адказваў на тэлефанаванні, а паехаў не на паркінг кампаніі, а ў іншы бок.

Міхайла тлумачыць, што ў кампаніі зразумелі: Раман хоча ўцячы з авансам і кінуць машыну, а ў цяжкавіку ж былі не толькі дакументы, а таксама паліўныя карткі, на якіх ляжала не адна тысяча еўраў. Таму працаўнікі кампаніі паехалі да каардынатаў цяжкавіка ў GPS.

Грузавікі
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pxhere.com

Праз спрэчку з Раманам, заяўляе Міхайла, кампанія страціла двух даўніх кліентаў і атрымала штраф ад аднаго з іх, а машыну Раман вярнуў пашкоджанай (Раман сцвярджае, што машыну пашкодзіў не ён, мае фотадоказы гэтага, якія зрабіў на скрадзены ў яго тэлефон і дастаў з воблачнага сховішча).

Працадаўца пацвярджае, што сустрэўся з Раманам у Варшаве і што разбірацца прыехала паліцыя. Але, паводле Міхайлы, Раман уцёк да прыбыцця паліцыі і хуткай дапамогі. Міхайла ж дачакаўся паліцыі, бо, як кажа, «на нашым баку праўда», і зафіксаваў пашкоджанні машыны, напісаў заяву аб крадзяжы цяжкавіка.

«Ніхто яго пальцам не чапаў», – запэўнівае Міхайла. Ён ведае, што Раман пісаў заяву ў паліцыю праз тры дні па іхнай спрэчцы, і выказвае здагадку, што Раман за гэты час «яшчэ некаму дарогу перайшоў».

Міхайла сцвярджае, што ніхто не браў тэлефона Рамана, і прапаноўвае звярнуцца да запісаў з камераў назірання і паказанняў сведак, калі паліцыя такія атрымае.

Hавiны
Беларусы ў Польшчы за пяць месяцаў учынілі 277 злачынстваў. Гэта шмат ці мала?
2023.08.22 11:09

Чаму паліцыя не каментуе

Прэс-сакратар аддзелу паліцыі, паперу ад якога паказаў Раман, сказала «Белсату», што ў такой сітуацыі не можа раскрываць ніякіх асабовых звестак – нават пацвердзіць ці зняпраўдзіць, што ў пэўнага чалавека прынялі заяву.

Яна таксама параіла пацярпеламу зноў звярнуцца ў паліцыю, калі яго цікавіць хада справы, або нават напісаць прэс-сакратару на электронную пошту, калі ён не ведае, куды скардзіцца.

У юрыста шмат пытанняў

Былы беларускі юрыст Дзмітрый Лазавік, які пасля пазбаўлення ліцэнзіі жыве ў Польшчы, на просьбу «Белсату» азнаёміўся з гэтай гісторыяй – і мае шмат пытанняў да дзеянняў абодвух бакоў. Маўляў, цікава, як два дарослыя чалавекі не змаглі дамовіцца.

Вялікае пытанне да Рамана: чаму ён не дачакаўся паліцыі, звярнуўся самастойна і толькі праз тры дні? Лазавік разважае: калі прыехаў дамоў, мог пайсці ў кватэру і сачыць з акна, ці прыехала паліцыя, а як прыехала – выйсці. Мог паклікаць некага на дапамогу. Але мусіў дачакацца паліцыі на месцы, а не звяртацца ў паліцыю праз доўгі час. І няўжо Міхайла і кампанія, пабіўшы Рамана, ці то самі выклікалі б паліцыю, ці то чакалі б яе на месцы бойкі? І калі бойка была, няўжо не знайшлося б відэа з камераў або тэлефонаў сведак?

Юрыст адзначае, што цяжка паспрачацца з Міхайлам у тым, што Рамана за гэтыя тры дні між меркаванай бойкай і прыёмам заявы ў паліцыю сапраўды маглі пабіць у іншым месцы.

Да таго ж, праца кіроўцы-дальнабойніка сапраўды цяжкая фізічна, і трэба разумець, на што дамаўляешся, разважае Лазавік. Згадаўшы свой досвед супрацы з аптовай кампаніяй, юрыст пытае: няўжо ж не папярэджвалі, што пасля аўтасэрвісу трэба будзе загружацца і ехаць у Францыю? Далі ж аванс і грошы на дарожныя патрэбы – значыць, на нешта дамовіліся.

Разбор
Як з Беларусі з’ехаць працаваць у Польшчу: што трэба ведаць і колькі заплаціць
2023.03.07 07:00

Тое, што Міхайла не звярнуўся ў паліцыю адразу, як згубіў сувязь з Раманам, Лазавік называе нармальнай рэакцыяй. Юрыст разважае: Міхайла ж адсачыў лакацыю цяжкавіка кіроўцы, з якім знікла сувязь, і як кіраўнік фірмы паехаў высвятляць, што здарылася з машынай і працаўніком, быў упаўнаважаны на такія дзеянні і меў на тое права.

У гэтай сітуацыі, прагназуе Лазавік, паліцыя можа сказаць, каб бакі разбіраліся праз суд або праз Бюро працы (Urząd pracy). У апісанай сітуацыі, як лічыць юрыст, падобным чынам дзеяла б і міліцыя ў Беларусі.

Паліцыі ў Польшчы давяраюць значна больш, чым міліцыі ў Беларусі, заўважае Лазавік. Польскія паліцыянты паводзяцца больш адказна, але іх проста менш на душу насельніцтва, чым у Беларусі. А тым, што палічаць дробяззю, польскія паліцыянты займаюцца неахвотна проста таму, што ў іх фізічна не стае часу.

Што рабіць у такіх выпадках

Беларусам за мяжою ніхто не абавязаны даваць бясплатную юрыдычную дапамогу, а паліцыянты ў абсалютнай бальшыні краінаў свету не абавязаныя ведаць расейскую мову. Але шмат дзе можна шукаць дапамогі беларускай дыяспары.

У Польшчы беларусаў бясплатна кансультуе ў юрыдычных пытаннях Цэнтр беларускай салідарнасці. Але яго профіль – пытанні легалізацыі. У ЦБС сказалі «Белсату», што да іх можна звяртацца і па кансультацыі ў пытаннях крымінальнага права, а яны дадуць базавыя рэкамендацыі і пашукаюць партнёраў, якія, магчыма, змогуць дапамагчы.

Беларуская актывістка ў Польшчы падказала «Белсату», што звяртацца па юрыдычныя кансультацыі ў гэтай краіне можна таксама ў «Stowarzyszenie Interwencji Prawnej» – асацыяцыю, якая падтрымлівае эмігрантаў у Польшчы і змагаецца з парушэннямі іхных правоў.

Акрамя таго, у Польшчы існуе фонд «Ocalenie», які мае цэнтр дапамогі замежнікам і дапамагае людзям у крызісных сітуацыях.

Па фінансавую дапамогу можна звяртацца і ў розныя фонды беларусаў, але самы вядомы, фонд BYSOL, займаецца дапамогаю перадусім ахвярам палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.

Агляд
Беларусаў у Польшчы ўжо не менш за 300 тысяч. Міграцыя паскорылася
2023.08.24 17:45

Алесь Наваборскі belsat.eu