Вярхоўная Рада спыніла дзеянне дамовы з Беларуссю аб абароне дзяржаўных сакрэтаў


Вярхоўная Рада Украіны разарвала пагадненне з Беларуссю аб абароне дзяржаўных сакрэтаў. Пра гэта паведаміў украінскі дэпутат Аляксей Ганчарэнка. Абедзе краіны паступова дэнансуюць двухбаковыя дамовы.

Вярхоўная Рада Украіны. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Shutterstock

29 чэрвеня Вярхоўная Рада Украіны дэнансавала пагадненні з Беларуссю аб абароне дзяржаўных сакрэтаў. З гэтай нагоды ўкраінскі народны дэпутат Аляксей Ганчарэнка папракнуў калегаў за маруднасць.

«Вы не паверыце, але ў нас да гэтага часу была дамова з Беларуссю аб узаемным забеспячэнні абароны дзяржаўных сакрэтаў. Але толькі што Рада спыніла дзеянне гэтай дамовы (№ 0197). Можна было б яшчэ пачакаць, што ж мы толькі праз паўтара года пасля ўварвання гэта зрабілі?» – напісаў Ганчарэнка ў сваім Telegram.

Паводле Ганчарэнкі, таксама Рада прыпыніла дзеянне беларуска-ўкраінскага Пагаднення аб супрацы ў галіне працоўнай міграцыі і сацыяльнай абароны працоўных мігрантаў і Пратаколу аб унясенні зменаў і дапаўненняў да Пагаднення аб супрацы ў галіне працоўнай міграцыі і сацыяльнай абароны працоўных мігрантаў ад 15 красавіка.

У сваю чаргу ўрад Украіны 28 чэрвеня працягнуў перагляд базы дамоваў з Беларуссю. Як паведаміў у сацсетках сталы прадстаўнік Кабінету Міністраў Тарас Мэльнычук, украінскі ўрад ухваліў законапраект аб спыненні дзеяння міжурадавага пагаднення аб працоўнай дзейнасці і сацыяльнай абароне грамадзянаў, якія працуюць за мяжой. Гэтае пагадненне дзеяла з 1995 года і распаўсюджвалася на грамадзянаў Беларусі і Украіны ды іхных сямейнікаў, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі адной дзяржавы, а часова працуюць – на тэрыторыі другой.

Агулам з пачатку расейскага ўварвання Украіна спыніла дзеянне больш як 20 пагадненняў з Беларуссю.

Каментар
Гэта ўдарыць па простых людзях. Украіна дэнансуе пагадненне з Беларуссю аб пенсіях
2023.04.07 14:29

Беларускі бок таксама займаецца гэтым. 28 чэрвеня ў нацыянальным рэестры прававых актаў была зарэгістравана пастанова Савету Міністра РБ № 422 ад 28 чэрвеня «Аб спыненні дзеяння Пагаднення паміж урадам Рэспублікі Беларусь і Кабінетам Міністраў Украіны аб супрацы ў галіне інфармацыі». Размова ідзе пра дамову, падпісаную ў кастрычніку 1998 года, якая набыла моц 4 жніўня 1999 года.

Дакумент рэгуляваў сферу ўзаемнага распаўсюду інфармацыі на тэрыторыі дзвюх дзяржаваў, у тым ліку паміж інфармацыйнымі службамі (агенцтвамі), аўдыявізуальнымі, друкаванымі ды іншымі сродкамі масавай інфармацыі, прадугледжваючы стварэнне для гэтага спрыяльных умоваў. Дакумент рэгуляваў і іншыя важныя кірункі супрацы ў сферы медыяў, сярод якіх – абавязак не замінаць распаўсюду на сваёй тэрыторыі прадукцыі СМІ, зарэгістраваных на тэрыторыі партнёра, а спрыяць акрэдытаваным карэспандэнтам.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў