Прыгожын – новы Курбскі? Згадваем гісторыю Маскоўскага царства


Увечары 26 чэрвеня Яўгеній Прыгожын выпусціў чарговы спіч, на які Пуціну давялося тэрмінова адказваць. Гэта быццам паўтарэнне гісторыі, што разгортвалася 460 гадоў. Там таксама быў чалавек, набліжаны да цара, які ўцёк на тэрыторыю Беларусі. Звалі яго Андрэй Курбскі. Ці стане Прыгожын новым Курбскім, тым больш што неўзабаве – прэзідэнцкія выбары ў Расеі 2024 года?

Паўтарэнне гісторыі

Бунт Прыгожына скончыўся праз содні з пачатку, было абвешчана пра спыненне крымінальнай справы супраць яго ўдзельнікаў. Але тое, што гэтым справа не скончыцца і, магчыма, гэта толькі прэлюдыя да чагось большага, сведчаць выступы як самога Прыгожына, так і адказ на іх Пуціна, які ўвасабляе тую «бюракратыю ды іншыя хваробы», пра якія казаў кіраўнік ПВК Вагнэра.

Яўгеній Прыгожын апраўдвае свой «марш справядлівасці» пагрозай як яму, так і ягонай арганізацыі – ПВК Вагнэра. Пуцін называе гэта проста «здрадай» і, відавочна, успрымае гэты мяцеж як выступ супраць яго асабіста. Магчыма, гэта першыя пасланні ў дыскусіі, якую мы яшчэ будзем назіраць, як тое было ў гісторыі Маскоўскага царства 460 гадоў таму, калі вялі палеміку Іван Жахлівы і збеглы ягоны набліжаны Андрэй Курбскі.

Андрэй Курбскі. Партрэт Паўла Рыжэнкі. Крыніца. Руниверс. Спасылка https://runivers.ru/upload/iblock/daf/Kurbsky.jpg

Як маскавіты пачалі ўцякаць ад цара ў Беларусь

Узмацненне Маскоўскага царства ў XV–XVI стагоддзях выклікала міграцыю з захопленых ім новых тэрыторыяў у Вялікае Княства Літоўскае. Нягледзячы на тое, што гэта былі ўцекачы з княстваў, якія не захацелі жыць пры маскоўскім цары, у дачыненні іх у Літоўскай метрыцы ў 1530-ыя гады пачала выкарыстоўвацца форма «маскаль», а ў польскіх хроніках пазней стала ўжывацца назва «narod Moskiewski». Хаця гэтыя людзі ратаваліся ў Вялікім Княстве Літоўскім, яны ўсё роўна заставаліся «чужынцамі» і стаўленне да іх было адпаведнае. Гэтаму спрыялі і вялікія тэрытарыяльныя ды людскія страты Вялікага Княства Літоўскага на ўсходзе ў войнах з Маскоўскім царствам.

Аналітыка
Ад стварэння міні-арміі Лукашэнкі да хатняга арышту. Які лёс чакае Прыгожына ў Беларусі?
2023.06.27 19:04

У часы Лівонскай вайны на тэрыторыю Беларусі пачынаюцца вялікія ўцёкі простых жыхароў і арыстакратаў Маскоўскага царства, лік якіх разам з сем’ямі  ішоў на сотні, такі стан трываў ажно да Смуты ў Маскоўскім царстве. Яны ўцякалі ад распачатай Іванам Жахлівым апрычніны. Гаспадар ВКЛ падтрымоўваў гэтых людзей як фінансава, так і зямельнымі надзеламі, ён пасяляў іх на тэрыторыі Беларусі і Літвы анклавамі, на ўзор татараў. Сярод маскавітаў, якія ў гэты час прыбылі ў ВКЛ, было шмат таленавітых людзей, яскравы прыклад – Іван Федараў і Пётр Мсціславец. У Расеі іх лічаць «расейскімі першадрукарамі», хоць свой «Апостал» у Маскве быў надрукаваны толькі ў 1564 годзе – а Францыск Скарына выдаў «Псалтыр» яшчэ ў 1517-м, а ягоныя друкаваныя кнігі ў Маскоўскім царстве карысталіся вялікай папулярнасцю. Фёдараў і Мсціславец уцяклі з Масквы пад пагрозай забойства і знайшлі прытулак у Заблудаве, дзе для іх гетман Хадкевіч у 1568 годзе заснаваў друкарню.

Ад тэрору маскоўскага цара ў ВКЛ уцяклі князі Пронскія, Цяцерыны, Сарыхозіны, баяры Варанавецкія, Кулікоўскія, Жуковічы ды многія іншыя. Вялікага становішча сярод іх дасягнулі Ляцкія і Шуйскія. Але найбольш вядомым стаў Андрэй Курбскі (1528–1583) – чалавек, набліжаны да Івана Жахлівага і адзін з кіраўнікоў маскоўскага войска.

Іван Жахлівы. Карціна Віктара Васняцова. Крыніца: Третьяковская галерея. https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/2/2b/Vasnetsov_Ioann_4.jpg

Андрэй Курбскі захопліваў Полацк для цара і ў цара

Андрэй Курбскі належаў да роду князёў яраслаўскіх, але ягоная сям’я цягам некалькі пакаленняў была ў «апазіцыі» да князёў маскоўскіх, таму не мела ні высокіх пасадаў, ні значных зямельных уладанняў. Усё змянілася пры Андрэю Курбскім, які, здавалася, нарэшце разарваў гэтае кола.

Ён праславіўся сваімі як ваярскімі, так і камандзірскімі здольнасцямі падчас паходаў на Казань, падтрымаў Івана Жахлівага ў часе хваробы цара, пасля чаго ўвайшоў у ягонае блізкае кола («выбарная рада»). У часы Лівонскай вайны супраць Вялікага Княства Літоўскага (1558–1583) Курбскі стаў адным з найбольш паспяховых маскоўскіх ваяводаў і нават узначаліў царскае войска ў 1560 годзе.

У 1562 годзе Курбскі спаліў пасад Віцебску, спустошыў Невель, у 1563 годзе ўдзельнічаў у захопе Полацку, а 30 красавіка 1564 года раптам уцёк ад Івана Жахлівага ў Вялікае Княства Літоўскае і перайшоў на службу да Жыгімонта Аўгуста. Мала таго, ён пачаў змагацца супраць Масквы, удзельнічаў у паспяховым вызваленчым паходзе Стэфана Баторыя на Полацк у 1579 годзе.

Пасля ўцёкаў у ВКЛ Курбскі атрымаў ад Жыгімонта Аўгуста на Валыні замкавы горад Ковель, а на тэрыторыі Беларусі ён меў крэўскае староства. Курбскага ведалі як абаронцу праваслаўя і таксічнага суседа, які ўвесь час вёў канфлікты з іншымі магнатамі. Аднак найперш ён быў славуты сваімі інтэлектуальнымі здольнасцямі (змог дасканала вывучыць лаціну ў сталым узросце) і напісанай ім біяграфіяй Івана Жахлівага.

Абноўлена
Лукашэнка ў час мяцяжу Прыгожына рыхтаваўся бараніцца ад Захаду і каліноўцаў
2023.06.27 12:16

Апраўданні «здрадніка»

Адразу ж пасля ўцёкаў у Вялікае Княства Літоўскае Андрэй Курбскі ў 1564 годзе напісаў пасланне да Івана Жахлівага, у якім казаў пра тэрор у дачыненні тых, хто служыў цару вераю і праўдай (называў іх «святымі пакутнікамі»), а таксама фактычна прадказваў тое, што неўзабаве і  здарылася, – апрычніну. Як ні дзіўна, але цар адказаў на гэта пасланнем, датаваным 5 ліпеня 1564 года. Яно нашмат большае за ліст Курбскага. Цар тут выступае «рабом Божым», яго памазаннікам, і, адпаведна, Курбскі здрадзіў не проста цару, а самому Богу. Пасля гэтага Іван Жахлівы стварыў яшчэ адно пасланне, у якім апраўдваў тэрор, казаў, што гэта – вымушаная абарона ад «собацких злодеяний». Фактычна ў першым пасланні Іван Жахлівы апраўдвае будучую апрычніну.

Курбскі ўзяўся за напісанне біяграфіі Івана Жахлівага, каб патлумачыць, як перспектыўны гаспадар ператварыўся ў забойцу шматлікіх «святых пакутнікаў». Гэтае ліставанне паміж Іванам Жахлівым і Андрэем Курбскім працягвалася да самой іхнай смерці. Курбскі спакойна памёр у 1583 годзе ў сваім маёнтку Міляновічы на Валыншчыне, ён заспеў паразу сваёй былой радзімы ў Лівонскай вайне. А Іван Жахлівы – годам пазней, у 1584-м, сваё царства ён пакінуў у поўнай разрусе.

Ці магчыма нешта такое паміж Прыгожыным і Пуціным? Першы крок для гэтага ўжо зроблены.

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў