Еўразвяз стварыў новую Кансультацыйную групу па сувязях з Беларуссю


У Бруселі прайшло першае паседжанне новай Кансультацыйнай групы па сувязях з Беларуссю. У ім прыняла ўдзел Святлана Ціханоўская і чальцы дэмакратычных структур Беларусі. Аб гэтым паведамляе Офіс Святланы Ціханоўскай.

Святлана Ціханоўская і Жузэп Бурэль. Брусель, 29 чэрвеня 2023 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

29 чэрвеня ў Бруселі адбылося першае паседжанне Кансультацыйнай групы па сувязях з Беларуссю. У працы навастворанага кансультатыўнага органа прынялі ўдзел абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская, прадстаўнікі Абʼяднанага пераходнага кабінета, Каардынацыйнай рады, палітычных арганізацый і структур грамадзянскай супольнасці.

Паседжанню папярэднічала сустрэча, у якой прынялі ўдзел вярхоўны камісар па знешняй палітыцы Жузэп Бурэль, Святлана Ціханоўская, яе намеснікі па Абʼяднаным пераходным кабінеце Валер Кавалеўскі і Павел Латушка. Падчас сустрэчы абмяркоўвалі рэакцыю на размяшчэнне ў Беларусі вагнэраўцаў і расейскай ядравай зброі, пытанні прыцягнення рэжыму да адказнасці, павелічэння абʼёму дапамогі для медыяў і рэпрэсаваных.

Сустрэча Святланы Ціханоўскай і яе намеснікаў з Жузэпам Бурэлем. Брусель, 29 чэрвеня 2023 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

У паседжанні Кансультацыйнай групы па сувязях з Беларуссю ўдзельнічалі 15 чалавек ад Беларусі і 10 ад Еўрапейскага звязу – прадстаўнікі прэзідэнта Еўрапейскай Рады, кіраўніка Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў і Еўракамісіі. Тэмамі дыскусіі падчас паседжання былі стратэгіі ЕЗ і дэмакратычных сілаў, рэакцыя ЕЗ на парушэнні правоў чалавека, павышэнні мабільнасці беларусаў (візы, міграцыйныя пытанні), падтрымка грамадзянскай супольнасці, медыяў і стратэгічная камунікацыя.

Паведамляецца, што ў сваім выступе Святлана Ціханоўская падзякавала Еўразвязу за падтрымку, заклікала еўрапейскіх палітыкаў да рашучасці, акрэсліла пагрозу беларускай незалежнасці і суверэнітэту, заклікала падтрымліваць ініцыятывы ўнутры краіны і за мяжой, у тым ліку беларускіх валанцёраў і добраахвотнікаў, падкрэсліла неабходнасць вызначаць для беларусаў Еўрапейскую перспектыву як альтэрнатыву «рускаму свету».

«Нам трэба пашырыць прастору для Беларусі ў ЕЗ, але і зрабіць так, каб мільёны беларусаў лепш зразумелі і шанавалі ЕЗ», – адзначыла Ціханоўская.

Падобная група існавала да 2020, туды запрашалі прадстаўнікоў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і хвалі рэпрэсіяў да ўдзельнікаў пратэстаў у 2020 годзе Еўразвяз спыніў супрацу з рэжымам.

Як адзначае Офіс Святланы Ціханоўскай, новая Кансультацыйная група па сувязях з Беларуссю – яшчэ адзін крок па фармалізацыі адносінаў паміж дэмакратычнай Беларуссю і ЕЗ.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў