На вайне ва Украіне загінулі больш за 49 тысяч расейскіх вайскоўцаў


На вайне з Украінай да 29 сакавіка 2024 года загінулі больш за 49 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Пры гэтым за два тыдні ад папярэдняга падліку 15 сакавіка 2024 года загінулі амаль 1600 чалавек, гаворыцца ў новых падліках журналістаў «Медыязоны» і ВВС, а таксама каманды валанцёраў.

Пахаванні расейскіх вайскоўцаў, загінулых на вайне ва Украіне.
Фота: Радыё Свабода

Паводле апошніх дадзеных, сярод загінулых больш за 3300 афіцэраў арміі і іншых сілавых структураў. Каля 400 з іх былі ў званні падпалкоўніка і вышэй.

Самая вялікая смяротнасць на вайне – сярод былых зняволеных, якія з калоніяў пайшлі на фронт: амаль дзевяць тысяч чалавек. Гэта прыкладна 18% ад агульнай колькасці загінулых. Сярод добраахвотнікаў страты склалі амаль шэсць з паловай тысяч (13%), а сярод мабілізаваных – крыху менш за шэсць тысяч (12%).

Больш за ўсё загінулых ваеннаслужачых ва ўзросце ад 33 да 35 гадоў: больш за пяць тысяч чалавек. Найбольшыя страты расейская армія панесла на пачатку лютага 2023 года.

Журналісты вядуць падлікі на падставе адкрытых дадзеных. Рэальная колькасць загінулых можа аказацца значна вышэйшай.

Крыніцы расейскага выдання «Вёрстка» раней паведамлялі, што расейскія ўлады плануюць пачаць масавы набор у войскі для ўзмацнення групоўкі, якая ваюе з Украінай, і магчымага атачэння Харкава. Па словах суразмоўцаў выдання, у межах магчымай мабілізацыі могуць прызваць 300 тысяч чалавек.

Hавiны
У Крыме пасля атакі ўкраінскіх беспілотнікаў знішчаны расейскі карабель (абноўлена)
2024.03.05 09:32

Па дадзеных ЦРУ, з пачатку вайны загінулі або былі параненыя больш за 300 тысяч расейскіх вайскоўцаў.

Украіна і Расея, вельмі рэдка публікуюць дадзеныя аб сваіх стратах.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на прэс-канферэнцыі 25 лютага 2024 года ўпершыню раскрыў страты ўкраінскага войска ў вайне з Расеяй. Паводле ягоных словаў, загінула 31 тысяча ўкраінскіх вайскоўцаў. Невядома, ці ішла гаворка толькі пра войска ці пра ўсе ўзброеныя падраздзяленні, якія кантралююцца камандаваннем ЗСУ.

Міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу ў снежні заяўляў, што ўкраінскае войска страціла 383 тысячы чалавек забітымі і параненымі. Сама Масква не раскрывае свае страты ў вайне. Па словах Зяленскага, расейскае войска страціла 500 тысяч чалавек забітымі і параненымі.

Аналітыка
Ад 100 да 500 тысячаў. Якія страты зазнала Расея і Украіна за 1,5 года вайны
2023.08.24 09:32

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў