Расейцы кінуліся ў Беларусь скупляць танныя аўтамабілі, пакуль яшчэ ёсць час


На беларускім аўтамабільным рынку назіраецца ажыўленне праз павышаны попыт з боку расейцаў. Яны намагаюцца паспець набыць аўтамабілі, бо ўжо з 1 красавіка больш не змогуць рэгістраваць у сябе аўтамабілі з Беларусі, размытненыя паводле льготнага тарыфу. Пра гэта піша «Наша Ніва».

Машыны ў Менску.
Фота: Белсат

Згодна з новымі правіламі, якія набудуць моц праз месяц, каб паставіць на ўлік у Расеі «ільготны» аўтамабіль, трэба будзе даплаціць розніцу ў мыце. У выніку расейцы сталі больш жвава набываць машыны ў Беларусі, у тым ліку і не новыя.

«Я спецыялізуюся на недарагіх аўтамабілях, якія разыходзяцца на мясцовым рынку, прыганяю з Еўропы так званыя непрахадныя аўто. Расейцаў такія машыны звычайна не цікавяць. Але пасля навіны пра тое, што за аўто, набытыя ў Беларусі, давядзецца даплачваць розніцу ў мыце, попыт з’явіўся. Прычым гэта не перакупы, а людзі, якія купляюць машыну для сябе», – распавядае мужчына, які прадаў у Расею мінівэн 2013 года выпуску.

Паводле яго, ягоныя калегі таксама адзначаюць рост цікавасці з боку расейскіх пакупнікоў. Некаторыя прадаўцы, якія разлічваюць на продаж аўто ў Расею, загадзя рыхтуюць неабходны пакет дакументаў, пра што звычайна дадаюць інфармацыю ў абʼяве.

Агляд
Менш разнастайнасці, экспансія кітайцаў, рост продажу. Вынікі леташняй працы беларускіх аўтадылераў
2024.01.30 16:08

Уласнік аўтакаміса кажа, што попыт застаецца прыблізна на тым жа ўзроўні, але змянілася структура пакупнікоў.

«Раней асноўнымі купцамі з Расіі былі перакупы, якія бралі аўто ў Беларусі і перапрадавалі іх там без пастаноўкі на ўлік. Але для іх бізнес, можна сказаць, прыкрыўся. Рэч у тым, што ў Расеі яшчэ летась змянілі механізм аплаты ўтылізацыйнага збору. Калі чалавек купляе аўто і рэгіструе яго на сябе, то плаціць каля 50 еўра ўтылізацыйнага збору.

Але калі цягам года ён захоча машыну перапрадаць, то давядзецца плаціць па поўным тарыфе, а там ужо не 50 еўра, а 1500 і больш у залежнасці ад абʼёму рухавіка», – тлумачыць бізнесоўца.

У выніку апошнім часам актывізаваліся менавіта тыя расейцы, якія купляюць аўто для сябе і якія хочуць паспець зарэгістраваць яго да 1 красавіка. Але паколькі гэтая працэдура ў Расеі займае каля 10-15 дзён, то «павышаны попыт на аўто з Беларусі захаваецца максімум да сярэдзіны сакавіка», мяркуе бізнесоўца.

Нагадаем, што некалькі тыдняў запар на аўтамабільным рынку Расеі кітайская марка «Geely» займала першае месца паводле колькасці прададзеных машынаў сярод замежных марак і саступала толькі расейскай «Lada». Імаверна, значная частка тых «Geely» – беларускай зборкі.

Hавiны
«Geely» ў Расеі стала самай папулярнай замежнай маркай машынаў
2024.02.12 19:48

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў