«Ястрабы» заклікаюць Байдэна бамбіць Іран. Ці варта чакаць вялікай вайны?


У нядзелю 28 студзеня ў выніку атакі праіранскіх баевікоў на базу ЗША ў Іярданіі загінулі амерыканскія вайскоўцы – упершыню з пачатку вайны Ізраілю і «Хамас». «Белсат» распавядае, чаму рызыка маштабнай эскалацыі на Блізкім Усходзе цяпер вялікая як ніколі, і ці можна пазбегнуць поўнамаштабнага канфлікту.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Спадарожнікавы здымак амерыканскай вайсковай базы, вядомай як «Вежа 22», на паўночным усходзе Іярданіі. 12 кастрычніка 2023 года.
Фота: Planet Labs PBC / AP / East News

Што адбылося ў Іярданіі

У ноч на 28 студзеня дрон-камікадзэ ўдарыў па жылых памяшканнях амерыканскай вайсковай базы «Tower 22» у Іярданіі, недалёка ад мяжы з Сірыяй. У выніку загінулі трое амерыканскіх вайскоўцаў і, паводле розных звестак, ад 25 да 34 жаўнераў атрымалі раненні. Восем пацярпелых будуць эвакуяваныя з Іярданіі, бо ім патрабуецца медычная дапамога на больш высокім узроўні.

У сувязі з гэтым інцыдэнтам прэзідэнт ЗША Джо Байдэн выступіў са спецыяльнай заявай. Ён усклаў адказнасць за напад на «радыкальныя групоўкі баевікоў, якіх падтрымлівае Іран, якія дзейнічаюць у Сірыі і Іраку». Байдэн выказаў спачуванні блізкім загінулых і паабяцаў прыцягнуць да адказнасці ўсіх вінаватых «у той момант і тым спосабам, які палічым патрэбным». Напад на амерыканскую базу таксама асудзілі ўлады Іярданіі.

Неўзабаве медыі паведамілі, што адказнасць за атаку ўзяла на сябе праіранская групоўка «Ісламскі супраціў у Іраку». «Як мы казалі раней, калі ЗША працягнуць падтрымліваць Ізраіль, будзе эскалацыя. Усе інтарэсы ЗША ў рэгіёне з’яўляюцца законнымі цэлямі. Мы не клапоцімся аб пагрозах ЗША ў адказ, мы ведаем, у якім кірунку рухаемся, і пакутніцкая смерць – наша ўзнагарода», – цытуе «The Washington Post» прадстаўніка баевікоў.

Пры гэтым Іран публічна дыстанцыянаваўся ад нападу на базу «Tower 22», падкрэсліўшы, што групоўкі «рэгіянальнага супраціву» нібыта не падпарадкоўваюцца Тэгерану.

«Мы лічым, што рэгіёну не патрэбная дадатковая напружанасць або новая вайна», – цытуе CNN прадстаўніка МЗС Ірану Насера Канаані.

Спіраль эскалацыі

Значэнне нападу «Tower 22» можна зразумець толькі калі разглядаць гэты інцыдэнт у больш шырокім кантэксце цяперашняга канфлікту на Блізкім Усходзе.

7 кастрычніка 2023 году баевікі «Хамас» зрабілі беспрэцэдэнтную тэрарыстычную атаку на Ізраіль, у выніку якой былі забітыя каля 1200 і ўзятыя ў закладнікі больш за 200 асобаў. Пасля гэтага Ізраіль распачаў ваенную аперацыю ў сектары Газа, маючы намер цалкам знішчыць «Хамас». ЗША ў гэтым канфлікце падтрымліваюць Ізраіль, Іран – «Хамас».

Імавернасць маштабнага ўмяшання Тэгерану ў вайну Ізраілю і «Хамас» ад самага пачатку лічылася галоўнай рызыкай для сітуацыі на Блізкім Усходзе. Каб папярэдзіць такое развіццё падзеяў, Злучаныя Штаты адразу пасля нападу «Хамас» на Ізраіль перакінулі ў рэгіён сваю авіяносную групу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Члены іранскіх сілаў Басідж (адна з пяці частак Корпусу вартаўнікоў ісламскай рэвалюцыі) імітавалі арышт чалавека, апранутага як прэм’ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу, падчас антыізраільскага мітынгу ў Тэгеране. Тысячы іранцаў выйшлі на вуліцы Тэгерану ў знак падтрымкі палестынцаў на фоне вайны паміж Ізраілем і баевікамі руху «Хамас». Тэгеран, Іран. 13 кастрычніка 2023 года.
Фота: AFP / East News

Пазіцыя ЗША прымушала Іран асцярожнічаць і дзейнічаць выключна праз сваіх проксі, хаця і іх патэнцыял быў задзейнічаны не на сто адсоткаў. Напрыклад, групоўка «Хізбулы», што месціцца ў паўднёвым Ліване, абмяжоўваецца памежнымі абстрэламі Ізраілю і на адкрыццё паўнавартаснага другога фронту пакуль не наважылася. Аднак агульная актывізацыя праіранскіх сілаў у рэгіёне (так званая «вось супраціву») усё-ткі адбылася і гэта пацягнула за сабой паўзучую эскалацыю.

Найбольш абвастрылася сітуацыя на поўдні Аравійскага паўвострава і ў Чырвоным моры, дзе дзейнічаюць еменскія хусіты. Групоўка «Ансар Алах» абвесціла вайну Ізраілю і на знак падтрымкі Палестыны пачала рэгулярна ўчыняць напады на камерцыйныя караблі розных краінаў, што стала сур’ёзнай праблемай для сусветнага марскога гандлю. ЗША і іх саюзнікі не маглі праігнараваць такі выклік і ўчынілі серыю ракетна-бомбавых удараў па вайсковых аб’ектах хусітаў у Емене.

Паралельна ЗША і Ізраіль абменьваліся кропкавымі ўдарамі з Іранам і іх хаўруснікамі, прычым адбывалася гэта на тэрыторыі Сірыі і Іраку. У прыватнасці, Ізраіль зліквідаваў у Сірыі высокапастаўленых іранскіх афіцэраў, а Іран наносіў удары па аб’ектах курдаў у Іраку, называючы іх «ізраільскімі шпіёнскімі цэнтрамі».

З пачатку вайны Ізраілю і «Хамас» было зафіксавана каля 160 выпадкаў нападаў на амерыканскія базы і вайскоўцаў на Блізкім Усходзе. У адказ амерыканцы ўчынялі авіяўдары па праіранскіх групоўках на тэрыторыі Іраку і Сірыі. На гэтым кірунку да нядаўняга часу захоўваўся статус-кво: амерыканцы не неслі стратаў і лёгка адбівалі атакі баевікоў, а іх удары ў адказ праходзілі амаль незаўважанымі і не правакавалі далейшай эскалацыі.

Аднак гібель вайскоўцаў арміі ЗША на базе «Tower 22» прынцыпова змяніла сітуацыю. Смяротны інцыдэнт прадэманстраваў, што тыя абмежаваныя контрудары, што раней праводзілі ў рэгіёне амерыканцы, не аказалі стрымліваючага эфекту на праіранскія групоўкі.

Аналітыка
Барацьба за новы сусветны парадак. Аналізуем геапалітычныя працэсы 2023 года
2023.12.29 07:00

«Ястрабы» актывізаваліся

ЗША не могуць пакінуць без наступстваў смяротную атаку 28 студзеня, не рызыкуючы пры гэтым аслабіць свае пазіцыі ў рэгіёне. Бяздзейнасць можа быць успрынятая як праява слабасці, што заахвоціць іншыя радыкальныя групоўкі і аўтарытарныя рэжыму да больш агрэсіўных дзеянняў. Пры гэтым адказ Вашынгтона мусіць быць больш значным, чым усё, што яны рабілі раней.

У сувязі з гэтым апаненты Байдэна ўзмацнілі крытыку прэзідэнта і яго асцярожнага курсу на Блізкім Усходзе.

Спікер Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан заявіў, што Белы дом павінен даць «выразны сігнал усяму свету, што напад на нашыя войскі недапушчальны», паведамляе CBS. Кіраўнік сенацкай меншасці ЗША, рэспубліканец Мітч Макконэл падкрэсліў, што Іран нарэшце мусіць панесці «сур’ёзныя паралізуючыя выдаткі». Паводле палітыка, наступіў час «пачаць успрымаць гэтую агрэсію сурʼёзна».

Сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм заявіў, што стратэгія Байдэна па стрымліванню эскалацыі цалкам правалілася і заклікаў нанесці ўдары па «важных цэлях унутры Ірану». «Адзінае, што разумее іранскі рэжым – гэта сіла, – мяркуе палітык, – Пакуль яны не заплацяць сваёй інфраструктурай і персаналам, напады на амерыканскія войскі будуць працягвацца».

«Ударце па Іране зараз. Ударце іх моцна», – заклікаў Грэм.

З заклікам бамбіць Іран выступілі і іншыя рэспубліканцы. «Адзіным адказам на гэтыя напады павінна быць разбуральная ваенная помста тэрарыстычным сілам Ірану, як у Іране, так і на ўсім Блізкім Усходзе», – заявіў сенатар Том Коттан.

Не абышоў рэзанансную тэму Дональд Трамп – былы прэзідэнт і найбольш імаверны супернік Байдэна на выбарах 2024 году. Паводле Трампа, гібель амерыканскіх вайскоўцаў стала наступствам слабасці і саступак адміністрацыі Байдэна, піша Reuters.

Цяжкі выбар Байдэна

Занепакоенасць сітуацыяй выказваюць таксама ў Дэмакратычнай партыі. У прыватнасці, дэмакратка Барбара Лі заявіла, што сітуацыя на Блізкім Усходзе «выходзіць з-пад кантролю» і пачынае перарастаць у рэгіянальную вайну. Разам з тым, паводле прадстаўніка Дэмакратычнай партыі, ветэрана вайны ў Іраку Сэта Моўтлі, на руку ворагу гуляюць як раз «ястрабы», што прызываюць бамбіць Іран. «Стрымліванне – гэта складана, але вайна яшчэ горш», – цытуе палітыка Reuters.

Джо Байдэн апынуўся перад складаным выбарам. З аднаго боку Белы дом сапраўды павінен прадэманстраваць рашучы адказ, каб пакараць вінаватых і абараніць аўтарытэт ЗША ў рэгіёне. З іншага боку, гэтыя дзеянні не павінны справакаваць радыкальны адказ Ірану, што можа прывесці да поўнамаштабнай вайны, якая ЗША зусім не патрэбная. Задача Байдэна заключаецца ў тым, каб знайсці баланс паміж дзвюма гэтымі задачамі.

Рызыка радыкальнага развіцця падзеяў на Блізкім Усходзе цяпер значна вырасла. Разам з тым, радыкальны сцэнар зусім не з’яўляецца непазбежным, нават калі ЗША нанясе магутны контрудар. Варта прызнаць, што пакуль Тэгеран не праяўляў гатовасці да ўступлення ў вялікую вайну. Кіраўніцтва Ірану перыядычна заяўляла пра «чырвоныя лініі» і пагражала Ізраілю, але ўсе мінулыя месяцы старалася ўстрымлівацца ад рэзкай эскалацыі. Нават калі фармальная нагода для павышэння ставак была: напрыклад, пасля ліквідацыі генерала Саеда Рэза Мусаві і афіцэраў Корпусу вартаўнікоў ісламскай рэвалюцыі ў Дамаску.

Можна таксама ўспомніць, як у 2020 годзе ў выніку амерыканскага авіяўдару ў Багдадзе загінуў камандуючы спецпадраздзялення «Аль-Кудс» Касэм Сулеймані. У адказ на гэта Іран нанёс ракетны ўдар па амерыканскай базе ў Іраку, аднак яго наступствы былі мінімальныя – ніхто не загінуў і матэрыяльныя страты аказаліся нязначнымі. Такім чынам, бакі тады абмяняліся ўдарамі, захавалі твар і далей па шляху ваеннай эскалацыі не пайшлі.

Разбор
Ізраіль прапануе паўзу, ЗША атакуюць хусітаў. Тлумачым, што адбываецца на Блізкім Усходзе
2024.01.24 08:05

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў