Польшча ўводзіць змены ў тыпах візаў, каб рэжыму было цяжэй вылічыць уладальнікаў карты паляка


Ад 31 студзеня 2024 года ўступае ў сілу пастанаўленне міністра ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы, згодна з якім у візах, выдадзеных беларусам на падставе карты паляка, будзе змененая адзнака, якая абазначае мэту выдачы візы, паведамляе Цэнтр беларускай салідарнасці.

Польская віза.
Фота: Белсат

Раней у пашпартах беларусаў, якім віза выдавалася на падставе карты паляка, у візе ставілася адзнака «18». Цяпер яе заменяць на адзнаку «23» – для тых, хто плануе выкарыстоўваць візу для іншых мэтаў, чым тыя, што ўказаныя ў артыкуле 60, пункце 1, пунктах 1-24b закона аб іншаземцах. Такія адзнакі, напрыклад, ставіліся ўдзельнікам праграмы «Poland Business Harbour» і чальцам іх сем’яў, а таксама іншым асобам, якія падарожнічалі з іншымі мэтамі.

Як адзначаецца, дзякуючы такім зменам прадстаўнікам рэжыму Лукашэнкі будзе больш складана вылічыць наяўнасць карты паляка ў беларускага грамадзяніна. Гэта зроблена ў сувязі з тым, што апошнім часам у Беларусі ўзмацніўся ціск на беларусаў, якія валодаюць такім дакументам.

Напрыклад, у інтэрв’ю, якое выйшла на канале АНТ, кіраўнік Дэпартаменту па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун выказаўся аб тым, што карта паляка, якой валодаюць беларусы, наносіць урон нацыянальнай бяспецы.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў