Казус Каліноўскага, «Leopard» для Украіны. Галоўныя падзеі тыдня ў малюнках


Мастак Дэ Лёс разам з «Белсатам» прапаноўвае ўласны рэйтынг галоўных падзеяў апошніх дзён. Ці здагадаецеся вы пра што ідзе гаворка без нашых падказак?

Міністэрства абароны сумесна з міністэрствам аховы здароўя падрыхтавала змены ў патрабаванні да стану здароўя асоб, якія паступаюць на вайсковую службу. Збіраюцца браць з плоскаступнёвасцю, кепскім зрокам, вагой звыш нормы і шэрагам іншых хвароб, па якіх раней камісавалі. Міністэрства абароны і міністэрства аховы здароўя гатовыя карэктаваць спіс хвароб, з якім нельга служыць у войску. Змены закрануць ўсе катэгорыі вайсковай службы – службу па кантракце, тэрміновую вайсковую службу, службу ў рэзерве і будуць тычыцца ўсіх, каго будуць прызываць у войска, альбо хто жадае служыць па кантракце (нават без праходжання тэрмінова службы), ці збіраецца паступаць на вучобу ў вайсковыя ВНУ.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

23 студзеня ў Варшаве адбыліся ўрачыстасці да 160-годдзя пачатку паўстання Кастуся Каліноўскага. Падчас афіцыйнай цырымоніі амбасадар Украіны ў Польшчы прачытаў адмысловы ліст прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, у якім ніяк не згадвалася Беларусь. Беларусы Варшавы прынеслі кветкі да манументу. Акцыя адбылася пасля таго, як у пасланні прэзідэнта Украіны беларусаў не згадалі сярод удзельнікаў паўстання 1863 года.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

25 студзеня Нямеччына паведаміла, што нарэшце вырашыла паставіць Украіне 14 танкаў «Leopard 2A6» і дазволіць пастаўкі гэтых танкаў Украіне ад іншых еўрапейскіх партнёраў. Нямецкі абарончы канцэрн расказвае, што тэарэтычна можа паставіць ва Украіну яшчэ 29 танкаў «Leopard 2A4» і 88 «Leopard 1». У той жа дзень, што Нямеччына, Злучаныя Штаты вырашылі, што перададуць Украіне 31 танк «M1A1 Abrams». Яшчэ 15 студзеня Злучанае Каралеўства пацвердзіла, што вышле ва Украіну 14 танкаў «Challenger 2». Францыя ж на момант публікацыі думае, ці адпраўляць Украіне свае танкі «Leclerc».

Амаль ад самага пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне пра пастаўкі танкаў разважалі ў адпаведных краінах: вось што пісалі ў Нямеччыне, у ЗША, у Брытаніі. Але менавіта на «Леапардаў» звярталі найбольш увагі.

«Leopard 2» – асноўны баявы танк, які пачалі вырабляць у Нямеччыне ў 1979 годзе. Ён адносіцца да трэцяга пакалення.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед распавёў, што ў Беларусі будзе створаная адмысловая камісія, якая пачне разглядаць справы беларусаў, што з’ехалі за мяжу, а цяпер жадаюць вярнуцца. Камісія будзе разглядаць пытанні беларусаў, якія пасля падзеяў 2020 года выехалі з краіны, а цяпер жадаюць вярнуцца. Зʼяўленне такой камісіі, паводле афіцыйных медыяў, было прынцыповым рашэннем. Паведамляецца, што ў склад камісіі ўвойдуць прадстаўнікі грамадскасці, дэпутацкага корпусу, службовыя асобы дзяржаўных органаў. Узначаліць камісію Андрэй Швед. Калі камісія распачне працу, пакуль невядома.

Дзмітрый Балкунец пра камісію для вяртання беларусаў з-за мяжы: Гэта пастка!

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Супраць трох удзельнікаў музычнага гурта «Tor Band» з Рагачова распачалі крымінальныя справы. Цяпер пад следствам застаюцца Дзмітрый Галавач, Яўген Бурла і Андрэй Ярэмчык. Іх перавялі з ізалятару часовага ўтрымання ў СІЗА Гомля. 20 студзеня стала вядома, што КДБ прызнаў групу «экстрэмісцкім фармаваннем».

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Дэ Лёс belsat.eu

 

 

Стужка навінаў