Чаму спрацоўвае прапаганда – і ці можна ёй супрацьстаяць


Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не згодныя з палітычным рэжымам і збеглыя за мяжу грамадзяне могуць вярнуцца ў Беларусь, і шмат каму з іх (але не ўсім) нічога за гэта не будзе. Эксперты называюць гэта прапапагандаю і засцерагаюць ад залішняй даверлівасці, але не выключаюць, што хтосьці паспрабуе скарыстацца прапановаю. З гэтай нагоды мы паразмаўлялі аб прапагандзе з экспертамі. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Запрашэнне вярнуцца – гэта прапаганда 

«Дыягназ» заяве Аляксандра Лукашэнкі паставіў медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі. Публічнае запрашэнне збеглым вярнуцца і стварэнне органу, які нібыта будзе займацца рэгуляваннем гэтага звароту, – крок, які павінен дапамагчы «адвакатам» Аляксандра Лукашэнкі ў Еўропе нейкім чынам рабіць сваю працу. Гэты крок мае і ўнутраных спажыўцоў, якім патрэбнае апірышча дзеля стварэння ілюзіі намаганняў неяк урэгуляваць сітуацыю, – так ахарактыразаваў прапагандысцкую мэту Лукашэнкавых заяваў медыяэксперт.

Быкоўскі правёў аналогію з дзеяннямі дзяржаваў, якія развязвалі агрэсію, але з усяе моцы імкнуліся патлумачыць, што гэтая агрэсія была вымушаная. Так рабіла гітлераўская Нямеччына, калі быў арганізаваны інцыдэнт нібыта з нападам палякаў на радыёстанцыю перад пачаткам уварвання ў Польшчу. Падобным чынам Расея цяпер спрабуе патлумачыць сваю агрэсію супраць Украіны тым, што гэта быў прэвентыўны адказ на тое, што будзе. Так дзее і беларуская прапаганда, апраўдваючы жорсткасць у дачыненні ўдзельнікаў пратэстаў.

«Рэжым дае супрацьлеглыя сігналы. Лукашэнка кажа, што трэба паўзці на каленях, прапагандысты хорам кажуць, што не будзе ніякага прабачэння. І тут раптам аказваецца, што нібыта ёсць і механізм, што разбярэмся і скажам. Гэты механізм выглядае як бюракратычны інструмент, які, можа, і будзе працаваць, і магчыма, нават для кагосьці вынік яго працы будзе станоўчым. Але разам з тым, мы ведаем, што вымушаныя мігранты, уцекачы ад рэпрэсіяў, якія вярталіся ў Беларусь апошнім часам, траплялі пад адказнасць нават за дзеянні 2020 года, не за нешта новае», – нагадвае Паўлюк Быкоўскі.

«Магчыма, там будзе нейкі адрас электроннай пошты, магчыма, нехта напіша і атрымае станоўчы адказ», – сказаў суразмоўца наконт працы камісіі, якая створаная, каб разглядаць заявы тых, хто хоча вярнуцца. «Але як за савецкім часам заманьвалі людзей у Савецкі Саюз, у савецкую Беларусь, кажучы, што будзе і беларусізацыя, і свабода, вяртайцеся на радзіму, а потым гэтыя людзі траплялі пад рэпрэсіі. Так і тут няма ніякіх гарантыяў, што гэтых рэпрэсіяў не будзе», – падсумаваў медыйны эксперт.

Разбор
Праблемы ў эканоміцы, помста, прыніжэнне, шоу. Навошта ў Беларусь клічуць «збеглых»?
2023.01.26 15:31

Чаму людзі вераць заявам прапагандыстаў, нягледзячы на супярэчнасці іх выказванняў, мы  пацікавіліся  ў псіхолага Алы Марціновіч.

Аўтарытарнае асяроддзе кепска ўплывае на асобу

Ала Марціновіч адзначае, што ва ўсіх краінах, якія дагэтуль не вызваліліся ад наступстваў савецкай сістэмы, дзе існуе дырэктыўнае кіраванне праз ціск на асобу, назіраецца падобны менталітэт і даверлівасць да прапаганды.

«Ціск забівае ў чалавеку самаацэнку і нават ідэнтычнасць. Нашыя людзі і ў сталым узросце не разумеюць, хто яны, чаго ў жыцці хочуць і ці сваёй справай яны займаюцца. У такіх людзей былі і ёсць мары, але яны працуюць, дзе прыйшлося, і жывуць, як атрымалася, але не лічаць сябе вінаватымі. У такіх людзей адсутнічае разуменне сябе як асобы, якая абірае, абараняе сябе, што быць асобай вельмі важна. У людзей няма разумення важнасці самога сябе, гэта залежныя людзі. Аўтарытарная сістэма выхоўвае інфантыльнасць, залежнасць ад меркавання асяроддзя, несамастойнасць і няспеласць у думках і ўчынках, схільнасць шукаць вінаватых у сваіх праблемах, бо няма ўсведамлення адказнасці», – тлумачыць псіхолаг.

Паводле Марціновіч, няспелыя людзі з несфармаваным разуменнем адказнасці за ўласны лёс – плацдарм, на які лёгка кладзецца любая прапаганда.

«Ад пачатку такія людзі залежаць ад вышэйшага кіраўніцтва – ад начальніка, ад меркавання старэйшых сваякоў, ад улады. Звыкнуўшы схіляцца перад уладай, такія людзі не могуць супраціўляцца кіраўніцтву, яны баяцца яго, стараюцца яму дагадзіць. Таму ўсё сказанае кіраўніцтвам глыбока трапляе ў мозг такіх людзей. Шмат хто з іх не супраціўлеюцца такому ўздзеянню», – кажа экспертка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Dmitrij Leltschuk / Laif / Forum

Постсавецкае аўтарытарнае асяроддзе фармуе ў грамадзянах прыгнечанасць, забітасць і гэтак далей. Паводле псіхолага, адказам на таксічны ўплыў такога асяроддзя можа быць досвед жыцця ў іншай краіне, не аўтарытарнай, і адукацыя за мяжою. Бо толькі вызваленне з-пад уплыву такой сістэмы «мяняе фокус чалавека, і ён пачынае разумець, што ён асоба, што ён важны, што адстойваць свае інтарэсы – нармальна, бо гэта тваё адзінае жыццё».

Тэст
Спрабуем адрозніць прапаганду ад інфармацыі
2023.01.22 14:34

Людзі не любяць напружвацца, каб нешта змяніць

Ала Марціновіч адзначыла, што людзі ў большасці не любяць напружвацца. Тады як для развіцця сябе як асобы трэба прыкласці шмат намаганняў – займацца адукацыяй, самаразвіццём, засвойваць новыя навыкі.

«Людзі не любяць напружвацца, большасць ідзе шляхам найменшага супраціву, але для таго, каб не залежаць ад прапаганды, трэба свядома выбіраць, з якіх крыніцаў атрымліваць інфармацыю і крытычна яе ацэньваць, сумнявацца ў яе сапраўднасці. Трэба ўступаць у камунікацыю, выдаткоўваць час, каб нешта высвятляць, але гэта зноў жа праца і напружванне. Фізіялагічна чалавек даволі лянівая істота. Ідучы шляхам інстынктаў, людзі любяць давяраць, бо так псіхалагічна прасцей і менш энэргазатратна. Недавер можа быць толькі вынікам адмоўнага досведу. Але нават у чалавека, якога адзін раз абакралі ў транспарце, з цягам часу недавер і страх прытупляюцца, бо так прасцей жыць».

Ала Марціновіч адзначае, што людзі паводле сваёй прыроды лянуюцца шукаць інфармацыю, правяраць яе крыніцы, лянуюцца нават супаставіць процілеглыя паводле зместу часткі выказвання аднаго ж і таго ж палітыка, і працягваюць верыць, бо так ім прасцей. І гэтым карыстаецца прапаганда.

Прапаганда імкнецца выклікаць моцныя эмоцыі

Паводле эксперткі, прапаганда ніколі не дзейнічае наўпрост, кажучы, што вось гэта праўда, а гэта мана. Яна не апелюе да свядомасці чалавека, а маніпулюе ягонымі эмоцыямі.

«Яны ўвесь час прыдумваюць гісторыі. Ціснуць на рэцэптары шоку, страху, ствараюць ілюзіі, расказваюць казкі, выклікаюць эмоцыі. У стане моцнага ўзрушэння, напрыклад, здзіўлення, чалавек перастае супраціўляцца інфармацыі, зніжаецца крытычнасць ягонага мыслення, і лёгка закласці якія заўгодна думкі вельмі глыбока. Дастаткова сказаць чалавеку нейкую бязглуздзіцу, ён узрушыцца і сам не заўважыць, як патрэбная інфармацыя трапіла глыбока ў мозг», – тлумачыць псіхолаг.

Спажыўшы інфармацыю ў стане ўзрушэння, чалавек раптам пачынае лічыць яе сапраўднай: «У нашым выпадку запрашэнне вяртацца стварае пэўную прыгожую ілюзію: ах, прыязджайце, ах, усім прабачым, нават каліноўцы – прыязджайце! Лукашэнка сказаў тое, што людзі ад яго не чакалі пачуць, і людзі ўражаныя. Пра гэта кажа нават сам факт, што гэта ўсё абмяркоўваецца шырока ў СМІ і сацсетках. Людзі ўзбуджана пішуць адно аднаму, задаюць пытанні – няўжо ён змяніўся, няўжо перадумаў? Але людзі ў такім узросце не мяняюцца. Памятайце, што за асоба стаіць за прапановаю, і ці было такое, каб ён некаму не адпомсціў?»

Клопат пра выжыванне знішчае крытычнасць мыслення

«Беднасць не дазваляе чалавеку займацца нічым, апроч выжывання. Пры большых даходах людзі пачынаюць накіроўваць сродкі на адукацыю сваю і дзяцей, на самаразвіццё, атрыманне больш надзейнай інфармацыі для прыняцця рашэнняў. Тады як бедныя з раніцы да вечара заклапочаныя тым, што будуць есці і ці будуць яны ў бяспецы», – патлумачыла псіхолаг уплыў узроўню жыцця на здольнасць супрацьстаяць прапагандзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Nick Hannes / Reporters / East News

Марціновіч нагадала, што калі базавыя патрэбы не задаволеныя, то людзі вельмі рэдка задумваюцца аб патрэбах больш высокага ўзроўню. «Ім няма справы да рэпрэсіяў і прапаганды, ім важна паесці. Ім няма справы да інфармацыі, якая гэтаму не дапаможа. У гэтым стане чалавеку ў галаву можна ўкласці любую інфармацыю, і ён не будзе супраціўляцца».

Паводле эксперткі, для супрацьдзеяння прапагандзе важна захоўваць эмацыйную раўнавагу, крытычна мысліць, выбіраць правераныя крыніцы інфармацыі, укладаць час і іншыя рэсурсы ў сваё развіццё, усведамляць і адстойваць уласныя інтарэсы, адчуваць адказнасць за сваё жыццё.

Hавiны
Улады ствараюць камісію для працы з ахвочымі вярнуцца на радзіму
2023.01.24 12:42

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў