Расея пачала прымусовую пашпартызацыю дзяцей у Луганскай вобласці Украіны


Расейскія акупацыйныя ўлады Луганскай вобласці пачалі прымусовую пашпартызацыю дзяцей, якія не дасягнулі 14 гадоў. Пра гэта паведаміў кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай.

Пашпарты РФ, самаабвешчанай ДНР і Украіны.
Фота: РИА Новости

Кіраўнік Луганскай АВА Сяргей Гайдай 28 снежня расказаў аб практыцы прымусовай пашпартызацыі дзяцей, якую расейскія акупацыйныя ўлады праводзяць на падкантрольных тэрыторыях вобласці.

«Так, ужо нават уступіў у сілу парадак падачы заявы наконт прызнання дзіцяці, якое пражывае на акупаванай тэрыторыі і не дасягнула ўзросту 14 гадоў, грамадзянінам Расеі. Для гэтага аднаму з бацькоў абавязкова трэба мець пашпарт Расеі. Вядома, можна яго і не атрымліваць і адразу падпасці пад скарачэнне на працы ці пад адмову ў сацыяльных выплатах. Часу на развагі акупанты не пакідаюць», – напісаў Сяргей Гайдай у тэлеграм-канале.

Паводле яго словаў, «у Крамлі спяшаюцца прымусова пашпартызаваць жыхароў акупаванай Луганскай вобласці. Тое, што яны не палічылі патрэбным рабіць цягам васьмі гадоў, спрабуюць паспець за некалькі месяцаў, каб выклікаць у людзей няверʼе ва Украіну і ўзмацніць пры гэтым уласную прапаганду».

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў