Акцыі банкаў прадаюцца на біржы. Хто і чаму хоча развітацца са сваймі пакетамі?


Дзяржаўны камітэт маёмасці ў снежні выставіць на продаж праз Беларускую валютна-фондавую біржу акцыі шэрагу банкаў. Набыць акцыі банкаў праз біржу можна было і ў кастрычніку. Высвятлялі з экспертам, што адбываецца. 

Будынак БВФБ.
Фота: sb.by

Паводле абʼяваў Дзяржаўнага камітэту маёмасці, з 19 да 23 снежня 2022 года на Беларускай валютна-фондавай біржы будуць выстаўлены на продаж пакеты акцыяў трох беларускіх банках з пераважна замежным капіталам. Ва ўсіх выпадках пакеты дробныя.

У прыватнасці, на аўкцыённы продаж выстаўляюцца 17 акцыяў «Прыёрбанку» (пачатковы кошт пакета Br 96,73), 2118 акцыяў «Сбер Банку» (Br 804,84) і 278 193 акцыі «БелВЭБ» (Br 13 909,65).

Тыдзень таму, 21 лістапада, былі праведзеныя «простыя стандартныя аўкцыёны з абвяшчэннем пачатковай цаны продажу акцыяў» «Беларусбанку», «БелВЭБу», «Белінвестбанку», «Сбер Банку». Тады на гандляванні выставілі два пакеты прывілеяваных акцыяў «Беларусбанку»: пакет з адной паперы першага тыпу стартавым коштам Br 5,38 і пакет з 16 прывілеяваных папераў другога тыпу коштам ад Br 2,98 за акцыю». Прадаваліся таксама пакеты простых акцыяў «БелВЭБу» (8 акцыяў коштам ад Br 0,16 за паперу), «Белінвестбанку» (2095 акцыяў коштам ад Br 0,05 за паперу) і «Сбер Банку» (1410 акцыяў коштам ад Br 0,51).

Анастасія Лузгіна. Дацэнтка, кандыдатка эканамічных навук, старэйшая навуковая супрацоўніца Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC.
Фота: ТК / Белсат

Як расказала «Белсату» старэйшая навуковая супрацоўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна, у гэтым выпадку размова ідзе пра продаж дробных пакетаў акцыяў банкаў, якія, імаверна, трапілі ў распараджэнне Дзяркамітэту маёмасці ад папярэдніх гаспадароў праз канфіскацыю, штрафы, банкруцтва або пасля пагаршэння фінансавага стану папярэдніх трымальнікаў акцыяў.

«Бываюць выпадкі, калі да Дзяржкаммаёмасці трапляюць невялікія пакеты акцыяў. Іх звычайна не далучаюць да таго пакета, якім валодае дзяржава, а проста прадаюць. Хутчэй за ўсё, у дадзеным выпадку справа выглядае менавіта так», – тлумачыць Настасся Лузгіна.

Экспертка звяртае ўвагу на тое, што на продаж выстаўленыя «занадта дробныя долі акцыяў, каб атрымаць нейкія істотныя ўліванні ў бюджэт або змяніць палітыку прыняцця рашэнняў таго ці іншага банку. Бо выстаўляецца не ўся доля, а толькі нейкая дробная частка».

Калі ж размова ідзе пра продаж акцыяў з асноўных пакетаў у дзяржаўнай уласнасці, то мэтай такога кроку можа быць жаданне «прааналізаваць рэакцыю рынку, аднак пакуль няма ніякіх выразных прыкметаў такога намеру».

«У гэтых банкаў у дзяржавы ёсць мінарытарныя пакеты. Толькі ў выпадку продажу значнай часткі ці ўсёй дзярждолі можна сказаць аб нейкіх заўважных дадатковых уліваннях у бюджэт», – падсумавала Лузгіна.

Паводле агенцтва «Sputnik», памер заяўленага на продаж у снежні пакета акцыяў «Прыёрбанку» складае 0,00001 %, пры гэтым доля Дзяржкаммаёмасці ў банку – 6,31 %. Выстаўлены на продаж пакет акцыяў «БелВЭБу» складае 0,002 %. Пры гэтым паводле справаздачы гэтага банку за 2021 год беларускай дзяржаве належаць 2,29 % акцыяў, а 97,5 % – расейскай дзяржкарпарацыі «ВЭБ.РФ».

Што датычыць беларускага «Сбер Банку», то ён перастаў публікаваць на сваім сайце звесткі аб акцыянерах. У адным з нядаўніх праспектаў эмісіі яго аблігацыяў паведамляецца, што ў беларускага Дзяржаўнага камітэту маёмасці 0,001234 % акцыяў, а 98 % належаць расейскаму «Сбербанку».

Усе банкі, чые акцыі выстаўленыя на продаж у снежні, займаць асноўныя, хоць і не верхнія радкі рэйтынгу беларускіх банкаў.

«Сбер Банк» і «БелВЭБ» адносяцца да даволі вялікай у банкаўскім сектары Беларусі групы «дачок» асноўных расейскіх банкаў і застаюцца пад кантролем перш за ўсё расейскай дзяржавы. Беларускі «Сбер Банк» зʼявіўся пасля набыцця «Сбербанком» Расеі «Белпрамбудбанку». Нараджэнню банку «БелВЭБ» папярэднічала ўгода паміж Расейскім банкам і «Белзнешэканамбанкам».

«Прыёрбанк» належыць аўстрыйскай банкаўскай групе «Raiffeisen».

Што ж датычыць лідараў банкаўскага сектару, то паводле памераў і актываў у першую тройку ўваходзяць дзяржаўныя «Беларусбанк», «Белаграпрамбанк» і «Белінвестбанк». Яны займаюць прыкладна 70 % рынку.

Hавiны
Адразу некалькі беларускіх банкаў абмежавалі міжнародныя пераводы
2022.11.26 09:07

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў