Павялічаць дапамогу і прымуць бюджэт на 2024 год. Якія змены чакаюць беларусаў у лістападзе


Беларусаў у лістападзе чакаюць адносна вялікія выходныя і школьныя вакацыі. Павялічацца дапамогі і некаторыя пенсіі, хоць і нязначна. Таксама ў планах уладаў шэраг іншых зменаў. Не варта забываць і пра абавязковыя тэрміны выплаты падаткаў.

Растуць пенсіі і дапамогі

З 1 лістапада змяняюцца памеры бюджэту пражыткавага мінімуму. На перыяд да 31 студзеня 2024 года ў сярэднім на душу насельніцтва ён складзе Br 367,79, што на 0,9 % вышэй за цяперашні. У звязку з гэтым аднаразовая дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці складзе Br 3677,9, другога і наступных – Br 5149,06. Аднаразовая дапамога жанчынам за тое, што сталі на ўлік да 12-га тыдня цяжарнасці, – Br 367,79. Штомесячная дапамога сем’ям на дзяцей векам ад 3 да 18 гадоў пры выхаванні дзіцяці векам да 3 гадоў – Br 183,90.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Штомесячная дапамога на дзяцей, старэйшых за 3 гады, з асобных катэгорыяў сем’яў складзе Br 183,90, на дзіця-інваліда, старэйшае за 3 гады, – Br 257,45. Штомесячная дапамога ў доглядзе дзіцяці-інваліда з I і II ступенямі страты здароўя да спаўнення 18 гадоў і з III і IV ступенню страты здароўя да спаўнення 3 гадоў – Br 367,79, з III і IV ступенню страты здароўя пасля спаўнення 3 гадоў – Br 441,35. Штомесячная дапамога на дзяцей векам да 18 гадоў, інфікаваных ВІЧ, складзе Br 257,45.

Таксама павялічацца «ўзроставыя» даплаты да пенсіяў. Для асобаў векам 75–79 гадоў яны складуць Br 68,96, ад 80 гадоў і старэйшых (з улікам надбаўкі на догляд) – Br 137,93, а пры наяўнасці інваліднасці І групы – Br 183,9.

Акрамя таго, памеры сацыяльных пенсіяў інвалідам І групы, у тым ліку інвалідам з дзяцінства, складуць Br 404,57, інвалідам з дзяцінства ІІ групы – Br 349,40, інвалідам ІІ групы – Br 312,62, інвалідам ІІІ групы – Br 275,84. Выплаты дзецям-інвалідам да 18 гадоў пры І ступені страты здароўя складуць Br 294,23, пры ІІ – Br 312,62, ІІІ – Br 349,40, ІV – Br 404,57.

Паспець заплаціць падаткі

Да 15 лістапада неабходна выплаціць падатак на нерухомасць, транспартавы і зямельны падаткі за 2022 год. Даведацца суму можна на партале падатковых органаў, пры асабістым звароце да падаткавікоў або ў АРІП (меню «Падаткі» паводле ўліковага нумару платніка (УНП).

Прыняцце бюджэту

Дэпутаты плануюць за лістапад прыняць бюджэтна-падатковы пакет у другім чытанні. У першым чытанні яго маюць намер разгледзець 1 лістапада. А праект канцэпцыі бяспекі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, які пакуль узгадняюць у межах двухбаковай рабочай групы, у канцы лістапада пададуць на ўзгадненне сакратарам саветаў бяспекі.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Даражэюць цыгарэты

З 1 лістапада на 30 капеек вырастуць кошты на некаторыя віды цыгарэтаў – «Winston» і «Sobranie». Таксама ўстаноўлены цэны на «Richmond Compact Ruby», «Rigins Original» і «Lucky Strike Aroma».

Імгненныя пераводы ў Расею

З 10 лістапада «Беларусбанк» уводзіць магчымасць пераводзіць грошы ў Расею праз нумар тэлефона з выкарыстаннем сістэмы імгненных плацяжоў. Уладальнікі бягучых банкаўскіх рахункаў змогуць здзяйсняць імгненныя плацяжы з выкарыстаннем адпаведнай сістэмы паводле нумару мабільнага тэлефона на бягучыя банкаўскія рахункі, адкрытыя ў банках – удзельніках сістэмы імгненных плацяжоў РФ.

ПВТ правядзе набор

Парк высокіх тэхналогіяў у лістападзе набярэ рэзідэнтаў. Папярэдні набор прайшоў у ліпені. Тады ў ПВТ былі зарэгістраваныя 33 кампаніі, якія распрацоўваюць мабільныя праграмы і ўэб-платформы, працуюць у сферы медыцыны, фінтэху, электроннай камерцыі, лагістыкі, гульнёвай індустрыі, сельскай гаспадаркі, электраэнергетыкі, электронікі, аховы навакольнага асяроддзя, майнінгу. Усяго ў парку – 1018 рэзідэнтаў.

Восеньскі прызыў

У лістападзе працягнуць адпраўляць салдатаў тэрміновай службы ў войскі з абласных і Менскага гарадскога зборных пунктаў: ва Узброеныя сілы – да 10 лістапада, у іншыя войскі і воінскія фармаванні – да 30 лістапада.

Нормы для стаматолагаў

Міністэрства аховы здароўя з 1 лістапада будзе ўсталёўваць нормы часу і расходу матэрыялаў на новыя платныя стаматалагічныя паслугі. Ведамства абмяжоўвае самастойнае ўсталяванне суб’ектамі гаспадарання гэтых нормаў.

Городская поликлиника № 8 в Минске
Здымак носіць ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Новае ў арэндзе

Менскі аблвыканкам з 20 лістапада мяняе каэфіцыенты для будынкаў, збудаванняў у дзяржаўнай уласнасці, а таксама ва ўласнасці гаспадарчых таварыстваў, больш за 50 % акцыяў (доляў у статутных фондах) якіх належыць уладам, на тэрыторыі Менскай вобласці. Для розных тэрыторыяў каэфіцыент будзе вар’явацца ад 0,6 да 1. Акрамя таго, абнавілі парадак і зацвердзілі інструкцыю здачы ў арэнду (перадачы ў бязвыплатнае карыстанне) нерухомай маёмасці, што ва ўласнасці Менскай вобласці. А Савет Міністраў з гэтай жа даты зацвердзіў паніжальныя каэфіцыенты для шэрагу арганізацыяў.

Выходныя і вакацыі

У лістападзе беларусаў чакаюць вялікія выходныя: з суботы 4 лістапада да аўторка 7 лістапада. Але не ўсё так проста: працоўны дзень з 6 лістапада (панядзелак) пераносіцца на 11 лістапада (субота). Да 7 лістапада прымеркаваныя і школьныя вакацыі. Яны пачнуцца 29 кастрычніка.

Як будуць працаваць медыкі

Усе медычныя ўстановы 4 лістапада будуць працаваць паводле графіку суботы, 5 лістапада – выхаднога дня, а 7 лістапада – святочнага. Амбулаторна-паліклінічныя арганізацыі аховы здароўя, амбулаторна-паліклінічныя падраздзяленні шпіталяў і РНПЦ, арганізацыі службы крыві, санітарна-эпідэмічныя арганізацыі, аптэкі, арганізацыі медычнай тэхнікі і асаблівага тыпу 6 лістапада будуць працаваць паводле графіку суботы, 11 лістапада – працоўнага дня, а шпіталі – наадварот.

Макар Мыш / ВК belsat.eu

Стужка навінаў