У Кіеве перайменавалі Астраханскую вуліцу, цяпер яна – вуліца Кастуся Каліноўскага. Пра гэтае рашэнне дэпутатаў Кіеўскай гарадской рады мэр Віталій Клічко напісаў у сваім Telegram-канале.
Дэпутаты Кіеўскай гарадской рады перайменавалі больш за 40 вуліцаў, завулкаў і плошчаў, назвы якіх звязаныя з Расеяй ці савецкім мінулым, паведаміў мэр Віталій Клічко.
У прыватнасці, Астраханская вуліца стала вуліцаю Кастуся Каліноўскага. Пры гэтым плошчу Герояў Берасця (названую ў гонар абаронцаў Берасцейскай крэпасці) перайменавалі ў Чарнабаеўскую плошчу.
Варыянты новых назваў для гарадскіх аб’ектаў падчас электроннага галасавання выбіралі жыхары сталіцы.
Мэр Кіева пасля пасяджэння гарадской рады заявіў, што Украіна «мусіць назаўжды пазбавіцца сімвалаў і назваў, звязаных з краінай-агрэсарам».
«Новыя назвы ўвечняць памяць пра знакавыя гістарычныя падзеі Украіны, а таксама пра знакамітыя постаці і герояў, якія праславілі Украіну і змагаліся за незалежнасць нашай дзяржавы. А таксама – памяць пра абаронцаў Украіны, якія аддалі сваё жыццё, абараняючы нашую дзяржаву пасля маштабнага нашэсця расейскіх варвараў», – адзначыў Віталій Клічко.
Гэта ўжо не першае перайменаванне абʼектаў у сталіцы Украіны за апошні час. Пры канцы жніўня дэпутаты зацвердзілі новыя назвы для 95 кіеўскіх вуліцаў, плошчаў і завулкаў.
Сяргей Крот belsat.eu