Украіна ўцягнулася ў польскія выбары. І моцна рызыкуе

Польска-ўкраінская спрэчка пачалася ў вельмі неадпаведны момант і можа мець негатыўныя наступствы для Кіева.

Недзе паўгода таму, яшчэ да таго як Польшча першы раз увяла эмбарга на імпарт украінскага збожжа, давялося мне размаўляць з адным уплывовым аналітыкам з Кіева. «Вам не падаецца, што тэма ўкраінскага збожжа можа перарасці ў сапраўдную буру ў двухбаковых стасунках?» – запытаў я. «Гэта тэхнічная справа, не губляйма часу. Прэзідэнты сустрэнуцца і пра ўсё дамовяцца», – пачуў я ў адказ. Вось так «тэхнічная справа» перарасла ў сапраўдную гандлёва-дыпламатычную вайну.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Reuters / Forum

Спачатку пасыпаліся каментары з Кіева, а прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў у ААН, што ў Еўропе ёсць краіны якія, маўляў, «рыхтуюць сцэну для маскоўскага актора».

Польскае кіраўніцтва і частка грамадства, якая дапамагала ўкраінцам пасля пачатку расейскай агрэсіі, мелі права пакрыўдзіцца. У Варшаве адказалі, і кіраўнік польскага ўраду нават заявіў, што Польшча ўжо не пастаўляе ўзбраення Украіне. У сваю чаргу міністр замежных справаў Польшчы Збігнеў Раў напісаў пра «абразліваю палітыку» ўладаў Украіны і наўпрост заявіў, што, каб «адбудаваць давер польскага грамадства», неабходна будзе зрабіць «тытанічную працу».

Гэта зусім не азначае, што Польшча не будзе падтрымліваць Украіны. Вайсковая, фінансавая і гуманітарная дапамога, хутчэй за ўсё, працягнецца. Але ў Польшчы ёсць такое выказванне: «няма хіміі». Гэта азначае, што стасункі паміж людзьмі ўжо «не іскраць», як даўней. Яны добрыя, але гэта ўжо не любоў.

Вось так можна сёння апісаць польска-ўкраінскія дачыненні.

Ёсць узаемны інтарэс. Фундаментальная прычына польскага падтрымання Украіны заключаецца ў тым, каб украінская дзяржава вытрывала і каб расейскіх войскаў не было на мяжы з Польшчай. Украіна ў сваю чаргу разумее, што без падтрымання Польшчы ды выкарыстання яе лагістычных магчымасцяў працягваць барацьбу будзе вельмі складана, а можа, і немагчыма. Акрамя таго, у Кіеве ўсведамляюць і тое, што на тэрыторыі Польшчы застаюцца больш за 2 мільёны ўкраінцаў, ад стану ўзаемных стасункаў залежыць таксама і іхны лёс. Таму ўсе бакі павінны быць зацікаўленыя ў тым, каб паменшыць градус напружанасці і, як кажуць, прыкусіць язык. Зрабіць гэта не будзе лёгка, бо трывае выбарчая кампанія, і тэму Украіны падхапілі ўжо ўсе палітычныя сілы краіны.

Каментар
Кіраўнік Украінскай аграрнай канфедэрацыі: Кіеву не цікавыя збожжавыя рынкі суседніх краін
2023.09.20 12:48

Паводле United Surveys (апытанне замаўлялі RMF FM i «Dziennik Gazeta Prawna»), кіроўная кааліцыя правых партыяў на чале з партыяй «Закон і справядлівасць» (PiS) Ярослава Качыньскага атрымлівае 31,6 % падтрымання, апазіцыйная Грамадзянская кааліцыя (на чале з Грамадзянскаю платформаю Дональда Туска) – 27 %, трэцяя сіла – «Трэцяя дарога» (кааліцыя партыі аграрыяў PSL і партыі былога шоўмена Шымана Галоўні «Polska-2050») – 10,1 %, наступныя ў рэйтынгу «Левыя» – 9,8 %, а нацыяналістычна-папулістычная Канфедэрацыя атрымлівае 9,3 %.

Паводле шматлікіх іншых апытанняў, Канфедэрацыя – трэцяя палітычная сіла ў краіне і здабывае больш за 10 %. Гэта адзіная сіла, якая магла б увайсці ў кааліцыю з «Законам і справядлівасцю», каб здабыць парламенцкую большасць і стварыць урад (хаця яе лідары клянуцца, што яны гэтага не зробяць).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Плакат у Варшаве, які заахвочвае да ўдзелу ў парламенцкіх выбарах.
Фота: Wlodzimierz Wasyluk / Forum

Чаму гэта важна? Бо менавіта Канфедэрацыю можна залічыць да самых «антыўкраінскіх» рухаў на польскай палітычнай сцэне. Выкарыстоўваючы польска-ўкраінскую напружанасць, лідары Канфедэрацыі пачалі намякаць, што Польшча можа цалкам забараніць дастаўку ўзбраення праз тэрыторыю краіны. Складана было б з такім кааліцыянтам узгадняць супрацу і палітыку ў дачыненні Украіны.

Праблемы можна было б пазбегчы. Калі б Украіна зразумела адну галоўную рэч. Неабмежаваны імпарт украінскага збожжа ў Польшчу азначаў бы смерць для шмат якіх польскіх фермераў, якія на сваіх плячах цягнуць не адну польскую вёску. Больш за тое, фермеры – адна з самых арганізаваных частак польскага грамадства.

Цалкам могуць перакрыць мяжу Польшчы з Украінаю, паралізуючы рух, і ніхто не будзе ў стане ім перашкодзіць. Паліцыя разганяць і падстаўляць свае машыны пад трактары не будзе.

Да таго ж, ніводная сурʼёзная палітычная сіла ў Польшчы не прыняла б іншага рашэння, падчас выбараў гэта азначала б самагубства. Дый пасля выбараў гэта таксама не зменіцца, бо ніхто не хоча дэстабілізацыі і палітычных турбуленцыяў.

Украінцы пастанавілі ісці іншым шляхам: склалі супраць Польшчы пазоў да Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА) у звязку з забаронай імпарту збожжа на польскі рынак. Варшава гэта ўспрыняла вельмі негатыўна. Маўляў, Украіна паводзіцца не па-сяброўску.

Можна было б так паступіць у дачыненні нейкай трэцяй краіны, але не ў дачыненні Польшчы, якая адкрыла для мільёнаў украінцаў свае сэрцы і дамы. Рана ці позна краінам і без таго давядзецца шукаць складаную адмысловую формулу ўзаемнай гандлёвай супрацы, каб ваўкі былі сытыя і авечкі цэлыя. І памятаць пра тое, што вайна яшчэ не скончылася.

Меркаванні
Польшча – Украіна: наўпрост у тупік
2023.09.21 15:39

belsat.eu 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў