Аляксандр Мілінкевіч узнагароджаны медалём да стагоддзя БНР


28 верасня ў Цэнтры беларускай супольнасці і культуры ў Вільні адбылася цырымонія ўзнагароджання медалём да стагоддзя БНР палітыка Аляксандра Мілінкевіча.

Cакратарка рады Беларускай Народнай Рэспублікі Паліна Прысмакова ўручае медаль 100 год БНР Аляксандру Мілінкевічу.
Фота: Белсат

Медаль уручала сакратарка рады Беларускай Народнай Рэспублікі Паліна Прысмакова. Падчас уручэння яна распавяла пра значэнне гэтай узнагароды.

Аляксандр Мілінкевіч далучыўся да шэрагу з больш чым 130 дзеячоў Беларусі і замежжа, якія былі ўганараваныя медалём 100 год БНР.
Фота: Белсат

У сваю чаргу, Аляксандр Мілінкевіч падкрэсліў, што гэты медаль для яго самы значны, таму што гэта ягоная першая беларуская ўзнагарода.

«У мяне шмат узнагародаў самых розных ад іншых краінаў, гэтая самая дарагая, адназначна. Гэта першая ўзнагарода ад Беларусі, таму яна мне самая-самая каштоўная, дарагая. Для мяне БНР да сённяшняга дня, як і для вас, застаецца марай. Пра Беларусь, такую народную, дэмакратычную, якая з’яўляецца Беларуссю, а не правінцыяй Расеі, мы марым. Гэта мара дарагога каштуе. Для нас БНР – гэта мара, мы хочам, каб яна ажыццявілася, таму роля БНР вялізарная. Таму для мяне гэты медаль бясцэнна каштоўны», – адзначыў палітык.

Медаль надаецца на адзначэнне асаблівых заслугаў на карысць увасаблення ідэалаў 25 сакавіка, у тым ліку за даследаванні і папулярызацыю беларушчыны, здабыццё і ўмацаванне дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі.

Медаль 100 гадоў БНР быў зацверджаны 23 сакавіка 20018 года, за гэты час ім былі адзначаныя больш за 130 асобаў з Беларусі і замежжа. Сярод іх такія выбітныя дзеячы, як праваабаронца Алесь Бяляцкі, пісьменнік Уладзімір Арлоў, літаратуразнаўца Адам Мальдзіс, паэт Уладзімір Някляеў, пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан і многія іншыя.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў