Фігуранты справы «буслоў» атрымалі ад 8 да 15 гадоў калоніі


Менскі гарадскі суд абвясціў прысуды шасці фігурантам справы па ініцыятыве «Буслы ляцяць». Самы вялікі тэрмін 15 гадоў зняволення атрымаў Андрэй Будай, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Фігуранты справы «Буслы ляцяць»: Андрэй Будай, Мікалай Бібліс, Аляксандр Сідарэнка, Аляксандр Мураўёў, Аляксей Гамеза і Аляксей Іванісаў.
Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна» / spring96.org

Аляксею Гамезу далі 14 гадоў 6 месяцаў, Аляксею Іванісаву 14 гадоў, Аляксандру Мураўёву — 12 гадоў, Мікалаю Біблісу — 8 гадоў 6 месяцаў, Аляксандру Сідарэнку 8 гадоў калоніі.

Такія тэрміны прызначыла суддзя Анастасія Папко. Па яе рашэнні абвінавачаных адправяць у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Чатыром фігурантам яна выпісала яшчэ і штрафы памерам 300 і 500 базавых велічынь.

У лістападзе 2021 года Вярхоўны суд прызнаў аб’яднанне «Супраціў», у якое ўваходзяць групоўкі «Кібер-партызаны», «Дружина народной самообороны – ДНС» і «Буслы ляцяць», тэрарыстычным. У залежнасці ад ролі кожнага ў розным спалучэнні іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту; пашкоджанні машыны суддзі Барысаўскага раёна і шын аўтамабіля актывіста-карэспандэнта неназванага рэспубліканскага СМІ; кіданні камянёў у вокны кватэры менскага пракурора і праўладнай актывісткі; знішчэнне сістэмы відэаназірання ў Фрунзенскім раёне Менска.

Акрамя таго, Іванісаў, Гамеза, Будай і Мураўёў  унесены у «тэрарыстычны спіс» КДБ. Праваабаронцы прызналі Іванісава і Гамезу палітзняволенымі.

Інтэрв’ю
«Буслы ляцяць»: Мы не тэрарысты – мы займаемся антытэрорам
2021.12.23 20:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў